Чарговае пасяджэнне Камісіі Мытнага саюза адбудзецца 18 чэрвеня ў Санкт‑Пецярбургу
На пасяджэнні члены Камісіі плануюць падпісаць шэраг пагадненняў, а таксама абмяркуюць ход выканання плана дзеянняў па фарміраванні Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП) Беларусі, Казахстана і Расіі.
Яны таксама абмяркуюць пытанні: аб тэставанні парадку залічэння і размеркавання ўвазных мытных пошлін; нюансы пераходнага перыяду пры збіранні ўскосных падаткаў пры экспарце і імпарце тавараў, выкананні прац, аказанні паслуг у Мытным саюзе; аб прымяненні спецыяльных абаронных, антыдэмпінгавых і кампенсацыйных мер на адзінай мытнай тэрыторыі Мытнага саюза ў рамках ЕўрАзЭС.
Акрамя гэтага на пасяджэнні пойдзе гаворка аб распрацоўцы дакументаў па паэтапнай адмене з 1 студзеня 2011 года выдачы фітасанітарнага сертыфікату на падкаранцінную прадукцыю, якая перамяшчаецца па мытнай тэрыторыі Мытнага саюза, аб праекце плана мерапрыемстваў па ўзаемным прызнанні рэгістрацыйных пасведчанняў на лекавыя сродкі вытворцаў дзяржаў — членаў Мытнага саюза, якія вырабленыя ва ўмовах належнай вытворчай практыкі (GMP), аб зацвярджэнні праектаў дакументаў па тэхнічным вядзенні адзінай таварнай наменклатуры знешнеэканамічнай дзейнасці Мытнага саюза і аб асобных часовых выключэннях з рэжыму функцыянавання адзінай мытнай тэрыторыі Мытнага саюза.
Таксама члены Камісіі плануюць абмеркаваць шэраг пытанняў мытна‑тарыфнага і нетарыфнага рэгулявання і аб карэкціроўцы ставак Адзінага мытнага тарыфу Мытнага саюза ў дачыненні да шэрагу тавараў.
Нагадаем, у склад камісіі МС уваходзяць першы намеснік старшыні ўрада Расіі Ігар Шувалаў (старшыня камісіі), намеснік старшыні ўрада Беларусі Андрэй Кабякоў і першы намеснік старшыні ўрада Казахстана Умірзак Шукееў.
11 чэрвеня ў Маскве запланаваная сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Дзмітрыем Мядзведзевым і Уладзімірам Пуціным. Яе асноўнай тэмай стануць пытанні функцыянавання Мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі.
БелаПАН