«Газпром»: Сярэднегадавая цана газу для Беларусі ў 2010 годзе складзе 187 даляраў
«Мы чакаем, што сярэднегадавая цана будзе 187 даляраў, у другім квартале — 184,8 даляра«, — цытуе Купрыянава РІА Новости. У першым квартале 2010 года, зазначыў прадстаўнік «Газпрома», цана складала 169 даляраў.
У канцы сакавіка намеснік кіраўніка «Газпрома» Андрэй Круглоў называў іншую лічбу. Паводле яго слоў, сярэднегадавая цана газу для Беларусі ў 2010 годзе складзе 171,5 даляра за тысячу кубаметраў з улікам паніжальнага каэфіцыента 0,9.
Паводле звестак Белстата, у першым квартале 2010 года сярэдняя цана на імпартаваны газ складала 171 даляр за тысячу кубаметраў.
Аднак, як сцвярджаюць у «Газпроме», Мінск працягвае плаціць за газ на ўзроўні сярэдняй леташняй цаны — 150 даляраў за тысячу кубаметраў. У сувязі з гэтым, паводле звестак «Газпрома«, доўг «Белтрансгаза» за атрыманы газ на 1 мая склаў 192 млн. даляраў.
Беларускія афіцыйныя прадстаўнікі сітуацыю не каментуюць. Аднак яшчэ ў студзені гэтага года генеральны дырэктар ААТ «Белтрансгаз» Уладзімір Маёраў заявіў: «Мы разлічваем, што цана газу для Беларусі ў 2010 годзе будзе на ўзроўні леташняй». Узамен, падкрэсліў ён, «Газпрому» прапануецца ўзяць удзел у шэрагу праектаў.
БелаПАН