"Падзеньне эўра пагражае недаступнасьцю крэдытаў"

Источник материала:  
"Падзеньне эўра пагражае недаступнасьцю крэдытаў"

Курс адзінай эўрапейскай валюты працягвае зьніжацца, і ў панядзелак эўра дасягнуў новага крытычнага мінімуму з красавіка 2006 году — даляру і 19 цэнтаў.

У беларускім "кошыку валют" эўра працягвае падаць адносна беларускага рубля, а даляр даражэць. Вызначаны сёньня аўторкавы курс даляру дасягнуў 3015 рублёў. Як адбіваецца патаненьне эўра на беларускай эканоміцы і фінансавай сыстэме?

Падзеньне эўра адбываецца на фоне паведамленьняў пра тое, што даўгавы крызіс Грэцыі, якая апынулася на мяжы дэфолту, можа перакінуцца і на Вугоршчыну. А паводле экспэртаў МВФ, Гішпанія мае патрэбу ў радыкальнай рэформе працоўнага заканадаўства і пэнсійнай сыстэмы, а таксама ў экстранай кансалідацыі банкаўскага сэктару.

Паводле начальніка ўпраўленьня інфармацыі Нацбанку Беларусі Анатоля Драздова, падзеньне эўра па вялікім рахунку не закранае банкаўскую сыстэму Беларусі.

"Канечне, калі ў асобных банкаў статутны фонд сфармаваны ў эўра, — а ў нас ёсьць такія банкі, — магчымыя страты. Але нічога страшнага, бо кампэнсуюць на іншым. У іх, магчыма, ёсьць некаторыя невялікія цяжкасьці: у пераліку на рублі зьмяншаецца іх статутны фонд, бо эўра таньнее. Але паколькі мы дагэтуль лічым статутныя фонды ў эўра, то праблем няма".

Што да экспарту-імпарту, дык тут, паводле спадара Драздова, дваякі працэс.

"Калі прадпрыемства прадае ў краіны Эўрапейскага зьвязу за эўра, то, натуральна, яны атрымліваюць меншую выручку ў рублях. Але калі ж гэтыя прадпрыемствы імпартуюць камплектуючыя зноў жа з Эўразьвязу, то гэта кампэнсуецца. То бок ніякіх глябальных праблем для беларускай эканомікі ў зьвязку з падзеньнем эўра і не праглядаецца".

Паводле спадара Драздова, сярод насельніцтва Беларусі няма такіх тэндэнцый, каб масава здавалі эўра і куплялі даляры ці расейскія рублі.

"У нас традыцыйна эўра не было такім папулярным як даляр ЗША. А пасьля восені 2008 года, калі эўра першы раз упаў, давер да гэтай валюты ў насельніцтва быў падарваны. Таму людзі пераарыентаваліся на даляры і гэтае падзеньне не закранула значную частку насельніцтва, якое мае валютныя зьберажэньні. Проста па той прычыне, што эўра ў іх ужо не было.

Іншая справа, што ад пачатку года працягваецца ўстойлівы трэнд, што насельніцтва больш прадае валюты, чым набывае. У траўні на 29,9 мільёна даляраў ЗША насельніцтва больш прадало валюты, чым купіла ў банках".

Фінансавы аналітык Сяргей Чалы адзначае, што падзеньне "чужой валюты" для Беларусі ня мае асаблівага значэньня. Але існуюць страхі, што гэта можа прывесьці да краху асобных удзельнікаў фінансавай сыстэмы эўразоны, буйных банкаў.

"У гэтым выпадку ня толькі для нас, але і для ўсяго сьвету наступствы будуць вельмі нядобрыя. Можа паўтарыцца сцэнар восені 2008 году. Калі ўмомант зачыніліся рынкі капіталу, калі давер гульцоў на рынку ўпаў практычна да мінімуму. Гэта даволі цяжкая сытуацыя, бо недаступнасьць крэдытаў аўтаматычна азначае падзеньне рэальнага сэктару і вытворчасьці. Мы — краіна з дэфіцытам плацёжнага балянсу, і каб падтрымліваць наяўны ўзровень эканомікі і спажываньня, нам патрэбнае зьнешняе фінансаваньне".

Паводле эканаміста Леаніда Злотнікава, ёсьць плюсы і мінусы ад падзеньня эўра для беларускай эканомікі. І калі беларусы будуць езьдзіць у Эўропу са сваімі эўра, то яны амаль што нічога не губляюць.

"Ясна, што за эўра ў Беларусі можна будзе купіць меней і курс можа быць нізкім. Гэта страты. Таксама ў фірмаў будуць страты, бо ёсьць нейкі экспарт у Эўропу, амаль увесь экспарт нафтапрадуктаў ідзе ў Эўропу. То каштоўнасьць, пакупніцкая здольнасьць гэтага экспарту зьменшыцца. Прадпрыемствы, якія экспартуюць у Эўропу, нешта страцяць".

Эўразьвяз робіць шэраг захадаў для таго, каб эўразона зусім не абрынулася. Чаго ж чакаць далей? Спадар Злотнікаў адзначыў:

"Фінансавае становішча такое цяжкае, што можа быць і зусім трагічны варыянт, калі можа абрынуцца ўся эўрапейская валюта і валютны зьвяз. Гэта вельмі крайняя магчымасьць".
←Вопросы развития материально-технической базы строительной отрасли Беларуси рассмотрит Президиум Совмина

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика