Беларусь — на 7‑м месцы сярод краін СССР па росце цэн
Беларусь заняла сёмае месца сярод краін былога СССР па росце спажывецкіх цэн за студзень—красавік 2010 года. Пра гэта сведчыць праведзены БелаПАН аналіз дадзеных нацыянальных органаў статыстыкі.
У першую пяцёрку ўвайшлі Малдова, дзе з пачатку года цэны павялічыліся на 5,8%, Украіна (4,4%), Арменія (4,2%), Кыргызстан (3,8%) і Казахстан (3,6%).
Далей размясціліся Расія (3,6%), Беларусь (3,1%), Азербайджан (2,9%), Грузія (2,7%), Эстонія (2,4%), Літва (1,9%), Таджыкістан (1,8%) і Латвія (1,5%). Няма звестак па Туркменістане і Узбекістане.
У красавіку цэны ў Беларусі павялічыліся на 0,7%. Па гэтым паказчыку краіна раздзяліла трэцяе месца з Казахстанам. У лідэрах аказаліся Арменія (1,3%) і Латвія (0,9%). Больш нізкімі тэмпамі цэны раслі ў Эстоніі (0,5%), Літве (0,4%), Малдове, Расіі (па 0,3%), Грузіі і Таджыкістане (по 0,2%). Не змяніліся цэны ў Азербайджане, знізіліся ва Украіне (0,3%) і Кыргызстане (1,0%). Няма дадзеных па Туркменістане і Узбекістане.
У 2009 годзе Беларусь заняла другое месца сярод краін былога СССР па росце спажывецкіх цэн (10,1%; прагноз — 9—11%), у першым квартале 2010 года — дзевятае.
Дзмітры Уласаў, БелаПАН