Мінфін выпусціць доўгатэрміновыя аблігацыі да 1 млрд даляраў для размяшчэння за мяжой
Яны будуць размешчаны за межамі тэрыторыі Беларусі. Такое рашэнне прынята пастановай Савета міністраў № 758 ад 20 мая 2010 года. Пастанова прынята ў адпаведнасці з указам ад 13 мая 2010 № 245 "Аб выпуску дзяржаўных аблігацый Рэспублікі Беларусь". Нагадаем, што гэтым дакументам дазволены выпуск еўрааблігацый на суму да 2 млрд. даляраў.
Урад ухваліў праекты праспекта эмісіі дзяржаўных доўгатэрміновых аблігацый Беларусі і дагавораў, звязаных з выпускам аблігацый, а таксама іх размяшчэннем, абарачэннем і пагашэннем. Міністр фінансаў Андрэй Харкавец упаўнаважаны на правядзенне перамоў па праектах і на іх падпісанне.
Мінфін упаўнаважаны рабіць выплату камісій, узнагарод і ажыццяўленне іншых расходаў, звязаных з выпускам, размяшчэннем, абарачэннем і пагашэннем аблігацый, за кошт сродкаў, прадугледжаных у рэспубліканскім бюджэце для абслугоўвання знешняга дзяржаўнага доўгу.
Сумесна з Міністэрствам замежных спраў Мінфін вызначыць працэсуальнага агента, упаўнаважанага на атрыманне і перадачу працэсуальных дакументаў па пытаннях магчымых судовых разбораў у сувязі з выпускам, размяшчэннем, абарачэннем і пагашэннем аблігацый.
Юрыдычнае заключэнне ў дачыненні да дзеянняў Міністэрства фінансаў, звязаных з выпускам аблігацый, а таксама іх размяшчэннем, абарачэннем і пагашэннем, прадстаўляецца Міністэрствам юстыцыі банкам, вызначаным арганізатарамі размяшчэння аблігацый Беларусі.
Пастанова набыла моц з дня яе прыняцця.
БелаПАН