Чаму правалілася праграма адраджэння хутароў

Источник материала:  
22.05.2010 14:33 — Новости Экономики
Чаму правалілася праграма адраджэння хутароўБольш за год таму Мінсельгасхарч выступіў з ініцыятывай адраджэння хутарскіх гаспадарак. Гэта, па задумцы кіраўніцтва міністэрства, павінна было дапамагчы ў справе выхавання гаспадара на зямлі. Ідэя шырока абмяркоўвалася ў СМІ: адны лічылі вяртанне хутароў утопіяй альбо падманам, іншыя — "добрым падмуркам для развіцця грамадства, станаўлення і ўмацавання роднай краіны". І тыя, і тыя выказвалі асцярогі, розныя, але была і агульная — наўрад ці сёння знойдуцца добрасумленныя людзі, тым больш маладыя, якія сапраўды адважацца падтрымаць ідэю Мінсельгасхарча.

Муж і жонка Наталля Шыліна і Франц Янкоўскі, фермеры і гаспадары аграэкасядзібы "Конны фальварак" са Смілавічаў Мінскага раёна " і ў дадатак да ўсяго — шматдзетныя бацькі 5 цудоўных бландзіністых дзетак з васільковымі вачыма, — аказаліся менавіта такімі. Год таму яны разам з дзецьмі з'ехалі туды, куды ім прапаноўвалі ў Мінсельгасхарчы — на поўнач Віцебскай вобласці, у Расонскі раён, амаль на мяжу з Расіяй. За 320 кіламетраў ад Мінска! Днямі ўслед за Шылінымі-Янкоўскімі паехалі карэспандэнты газеты "Звязда". Каб пабачыць, што ў іх атрымалася.

— Тады на прапанову Міністэрства адгукнуліся чалавек 120, — узгадвае Наталля. — З іх абралі чалавек 12, у тым ліку і нас. Я так разумею, выбіралі, каб людзі займаліся рознымі кірункамі. Нехта вырошчвае буйнаплодную маліну, нехта трымае пчол... Нас запрасілі на сустрэчу з міністрам. Міністр сказаў: "Вось, ёсць свабодныя землі на поўначы Віцебскай вобласці і ў Палессі. Хто гатовы туды паехаць?". А людзі не чакалі, што ім прапануюць некуды ехаць. Яны ўжо альбо жылі на хутарах, альбо мелі на ўвазе нейкія канкрэтныя і не так далёка ад свайго месца. Яны сталі расказваць міністру, як там добра і прыгожа. Якая буйная ў іх расце маліна... Міністр, у сваю чаргу, спрабаваў упэўніць людзей у тым, што варта рызыкнуць і паехаць. Нагадваў пра Сталыпіна. Размова не мела нейкай канкрэтнай мэты, гэта быў пажытак для роздуму.

Наталля з Францам таксама не збіраліся з'язджаць так далёка са сваіх Смілавічаў. Яны спадзяваліся на нейкі хутар паблізу. У саміх Смілавічах яны не бачылі перспектывы для аграэкатурызму. Гарадскі пасёлак з 5 тысячамі насельніцтва, аўтамагістраль пад вокнамі дома, ды і сам дом не разлічаны на прыём турыстаў... Яны і для ўласных дзяцей хацелі іншых умоў — бліжэй да прыроды.

Да таго ж, у Смілавічах Наталлі бракавала аднадумцаў. Чатыры гады таму яна распрацавала зялёны маршрут "Ігуменскія конныя сцежкі", у які ўвайшоў палацава-паркавы комплекс, мемарыял, музей Манюшкі і вуліца, на якой у дзяцінстве жыў вядомы мастак Хаім Суцін. Пазней з яе падачы ў Смілавічах быў адчынены і музей Суціна. Аднак турысты валам не павалілі, бо коні, экспанаты і помнікі — гэта здорава, але калі няма дзе спыніцца, колькасць ахвотных прыехаць турыстаў рэзка скарачаецца. Нават 30-кіламетровая адлегласць ад Мінска асаблівай ролі не адыгрывае.

— Падумаўшы, мы сталі абзвоньваць знаёмых гаспадароў аграсядзіб на поўначы Віцебскай вобласці, — узгадвае Наталля. — Пазванілі і Аляксандру Кролу — гаспадару сядзібы "Кролава хата" з Расонскага раёна. Пытаемся: "Ёсць у вас хутар?" Ён кажа: ёсць, і цудоўны. Прыязджайце!

Спачатку паехаў Франц са старэйшым сынам — шасцігадовым Раманам. Расоншчына яму спадабалася адразу. Яна нагадала малую радзіму — Браслаўшчыну. Але тут было яшчэ лепш, бо яшчэ больш некранутых лясоў, менш людзей і гэтак жа шмат азёраў. Ідэальнае месца для развіцця экатурызму.

Праз месяц у вялікую фуру былі пагружаны чатыры кані, самаробная брычка і ўсе рэчы сям'і Наталлі і Франца. На леташнім "Заборскім фэсце" — традыцыйным штогадовым фестывалі аграсядзіб, які адбываецца на Расоншчыне ў першыя выхадныя чэрвеня, іх коні і брычка ўжо былі прадэманстраваныя ўдзельнікам фестывалю.

А ў летні сезон Наталля і Франц адчулі першую аддачу ад абслугоўвання турыстаў, якія спыняліся на сядзібе "Кролава хата".

— Аляксандр заўсёды марыў пра коней, — расказвае гаспадыня сядзібы Вера КРОЛ. — Таму, калі пазваніла Наталля, у яго вачах загарэўся агеньчык. Мы расказалі ім пра хутар Шарстова, у якім з нядаўняга часу ніхто ўжо не жыве. Прыгожае месца за шэсць кіламетраў ад Забор'я. Дом стаіць на ўзгорку, вакол прастора і бязлюддзе, закінутыя палі і лес. Электрычнасць ёсць, калодзежы ёсць. Там толькі дарога ў адным месцы дрэнная, але ж ім у міністэрстве абяцалі з дарогай дапамагчы. Аднак усё аказалася не так проста.

Наталля і Франц з дзецьмі часова пасяліліся ў памяшканні былой саўгаснай бібліятэкі вёскі Забор'е. Гэты будынак на два ўваходы: колішнія бібліятэка і клуб — Кролы хацелі ў будучыні перабудаваць пад гасцініцу і шынок для турыстаў. Вера стамілася ўжо частаваць удзельнікаў і гасцей "Заборскага фэсту", а колькасць іх немалая, у сваім доме. Цяпер з шынком давядзецца пачакаць. Але праблема не ў гэтым. Амаль год Шылавы-Янкоўскія не маглі зарэгістравацца ў мясцовым сельсавеце. Афіцыйная прычына для адмовы — няма належных умоў для пражывання сям'і з дзецьмі. Неафіцыйная — да прыезджых паставіліся з недаверам.

— Неяк да нас прыйшлі людзі, вельмі ветлівыя, кажуць, вы зразумейце, гэта выклікае падазрэнне: маладая сям'я з-пад Мінска разам з маленькімі дзецьмі едзе ў глуш і хоча пасяліцца ў бязлюднай вёсцы. А можа вы сектанты? — пераказвае колішнюю размову Наталля.

Апроч усяго, для мясцовых уладаў сям'я са Смілавічаў утварала новыя праблемы: дазвол сяліцца на кінутым хутары азначаў новы галаўны боль і клопат пра годныя ўмовы жыцця гэтых людзей — дарога, бяспека, асвятленне, падвоз дзяцей да школы, аўтакрама, расчыстка дарогі зімой, а значыць — грошы, грошы, грошы ... Дзеля адной сям'і!

— Як толькі ў райвыканкаме даведаліся, што Шыліны-Янкоўскія хочуць зарэгістравацца ў Шарстове, сталі мяне прымушаць: тэрмінова спісвай вёску, — усміхаецца былы старшыня сельскага Савета Аляксандр МАЦУЛЕВІЧ. — Падставы на гэта былі — ніводны дом у Шарстове не быў аформлены. І вось Кролы і Шыліна сталі за вёску змагацца. На гэта спатрэбілася каля года. Ім удалося Шарстова адстаяць. Спачатку Аляксандр Крол выкупіў адзін з дамоў, а потым, пасля доўгага перыяду высвятлення законных падстаў, прапісаў туды ўсю шматдзетную сям'ю Наталлі і Франца. Цяпер вёску ніхто не мае права спісаць.

На Расоншчыне такая вёска не адна. За 5 апошніх гадоў было ліквідавана дванаццаць. Сёння чатыры лічацца пустымі (гэта калі ў іх ніхто не жыве больш чым паўгода).

У інтэрнэце можна знайсці водгукі турыстаў, уражаных вялікай колькасцю ў гэтым раёне бязлюдных населеных пунктаў, якія нагадваюць фільмы ў жанры містыка. На афіцыйным сайце Расонскага райвыканкама змешчана інфармацыя пра амаль тры сотні свабодных зямельных участкаў для будаўніцтва аднакватэрных жылых дамоў у розных вёсках раёна. Будуйся — не хачу. Дарэчы, пяць з іх — у Шарстове.

Падобным чынам Кролы выратавалі яшчэ адну вёску — Локці, за 2 кіламетры ад Забор'я. Некалькі гадоў таму купілі там дом для абслугоўвання турыстаў, праўда, дом гэты амаль адразу спатрэбіўся сыну, які ў гэты час ажаніўся. Цяпер у сезон плануюць здаваць яго гасцям, а ў міжсезонне туды будзе вяртацца сын з маладой жонкай і маленькім дзіцем. У Локцях, дарэчы, сёння 7 свабодных і прыдатных для будаўніцтва жылога дома участкаў аддадзены насельніцтву. Так аграэкатурызм садзейнічае захаванню населеных пунктаў.

Праўда, наконт Шарстова Шыліны ўсё ж такі перадумалі (а ўлады ўздыхнулі з палёгкай). Літаральна напярэдадні візіту да іх карэспандэнтаў "Звязды" Наталля і Франц абралі для будаўніцтва свайго дома іншую вёску — Перавоз.

— Год мы думалі і вагаліся, а ўчора за 20 хвілін вызначыліся, — смяецца Франц. — Паехалі, пакажам!

Мы саджаем чатырох старэйшых дзяцей у машыну (двухгадовая Паўліна часова выхоўваецца ў бабулі ў Мінску) і едзем за сем кіламетраў у самую блізкую да расійскай мяжы вёску. Дзеці едуць глядзець будучае месца свайго дома ўпершыню. Наталля і Франц — у другі раз.

Большая частка дарогі праходзіць па вельмі прыгожым сасновым лесе, высланым рознакаляровым мохам.

— Па гэтай дарозе мы будзем катаць на конях турыстаў, вазіць іх на пляж "Залатыя пяскі" — гэта улюбёнае месца адпачынку усіх жыхароў раёна, — каментуе нашу дарогу Франц.

І сапраўды, ехаць сярод такой прыгажосці на машыне падаецца злачынствам. Пешшу, на роварах альбо конях — і ніяк інакш. Каб чуць спевы птушак, удыхаць водар ігліцы, каб нахіляцца за буякамі...

Перад вёскай моцны і вельмі каларытны драўляны мост. Перавоз знаходзіцца на месцы упадзення ракі Уша ў Дрысу і амаль пасярэдзіне ланцуга азёраў, якія ўтварае рака. Франц тлумачыць, чаму яны аддалі перавагу гэтаму месцу перад вёска Шарстова. Тут яшчэ застаюцца на зіму людзі ў трох дамах, а летам да іх далучаюцца некалькі дачнікаў. Таму дарогу даглядаюць, зімой чысцяць ад снегу, два разы на тыдзень ездзіць аўтакрама. Да таго ж, у вёсцы, і гэта не меней для іх важна, захаваліся яшчэ моцныя былыя канюшні, і ёсць дастатковая колькасць заліўных лугоў для выпасу коней.

Наталля і Франц відавочна натхнёныя. Ім спадабаецца ўсё. Наталлю некалькі хвалюе толькі прыкметная ажыўленасць вёскі з-за дачнікаў. Усё ж такі, гэта — не хутар. Але іх участак знаходзіцца на ўскрайку, ля самага лесу, на яго тэрыторыі расце шмат шчаўя і маладзенькіх елачак. "Елкі перасадзім, — плануе Франц, — будзе свой асабісты ельнік!"

Вёска Перавоз сама па сабе нямала цікавіць турыстаў. Яна ляжыць уздоўж старажытнага шляху Невель — Полацк. Па паданню, на гэтым месцы было гарадзішча і крэпасць князя Рагвалода. На востраве каля вёскі захаваліся могілкі з тых часоў, там жа знаходзіцца Рагнедзін курган, у якім, згодна з легендай, пахаваныя княгіня і яе бацька.

Нам не ўдаецца патрапіць на востраў, бо мост у гэту зіму сарвала і знесла рака, а лодачніка пакуль няма. Але мы плануем усё ж такі ажыццявіць свой намер у найбліжэйшы час. Бо хутка — чэрвень, а значыць — "Заборскі фэст". І упершыню ў яго праграму будзе ўключаны Фестываль беларускага каня, які арганізуе Наталля.

— Мы прысвячаем яго 10-годдзю афіцыйнага прызнання беларускай запражной пароды, — расказвае яна. — Спадзяёмся, што фестываль дапаможа ў справе папулярызацыі айчыннай пароды коней, якія ідэальна падыходзяць для выкарыстання ў вясковым турызме і іпатэрапіі. Яны вельмі прыгожыя, працавітыя і разам з тым міралюбівыя, прадказальныя. Па характары — сапраўдныя беларусы.

Фестываль стане своеасаблівым іспытам для Наталлі як прафесіянала. Яна не проста захапляецца коньмі, яна прысвячае ім сваё жыццё: скончыла Горацкую сельгасакадэмію, мае вопыт работы ў дзяржаўных і прыватных гаспадарках, якія спецыялізуюцца на конегадоўлі. Цяпер вырашыла зрабіць усё ад яе магчымае, каб беларуская запражная адрадзілася і заняла годнае месца і ў нашай краіне, і за мяжой.

На фэст прыедзе некалькі дзясяткаў удзельнікаў з канямі, будуць прадаўцы і пакупнікі, навукоўцы, аматары і спецыялісты, адбудуцца семінары і шоу... Зрэшты, мы паабяцалі Наталлі ўсё гэта пабачыць на свае вочы а потым расказаць чытачам "Звязды". Тым, хто не зможа прыехаць у Забор'е 5—6 чэрвеня...

Каментарый Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання:

— Праграма адраджэння хутароў, на жаль, не склалася, — сказала "Звяздзе" прэс-сакратар міністэрства Дар'я Казлоўская. — Па-першае, адгукнуліся адзінкі, і то гэта былі ў абсалютнай большасці людзі, якія ўжо жывуць на хутарах і, як правіла, займаюцца фермерствам. Таму пра нейкую спецыяльную падтрымку хутарскіх пасяленняў мы гаворку ўжо не вядзём. Сваю адмоўную ролю у гэтым адыграў і сусветны фінансавы крызіс. Сёння знайсці грошы на добраўпарадкаванне дарогі, а тым больш для правядзення альбо рамонту ліній электраперадачы ў населены пункт, дзе жыве адна сям'я, даволі праблематычна. Што датычыцца Шыліных-Янкоўскіх, то яны, калі зарэгіструюцца на новым месцы жыхарства ў якасці фермераў, змогуць разлічваць на адпаведную падтрымку, якая прадугледжана заканадаўствам. Гэта датычыцца і іх статусу як суб'ектаў аграэкатурызму.

←МАЗ-МАН поставил новую партию седельных тягачей для российских нефтяников

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика