Аб вытоках малочна-валютных рэк

Источник материала:  

Сельскагаспадарчы экспарт — тэма гутаркі нашага карэспандэнта з вядомым беларускім эканамістам і аналітыкам, членам Грамадска-кансультацыйнага савета пры Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Л.Ф. Заікам.

— Аказваецца, наша сельская гаспадарка мае неблагі экспартны патэнцыял. Мяркую па агучаных нядаўна Прэзідэнтам звестках аб экспарце сельгаспрадукцыі і прадуктаў харчавання ў тры мільярды дол. ЗША. І самае цікавае, што ёсць магчымасці падвоіць гэтую лічбу. Гэтая перспектыва рэальная?

— Рэальная ўвогуле. Прызнаюся, тры гады назад многіх эканамістаў, у тым ліку і мяне, прыемна здзівіў факт продажу нашай малочнай прадукцыі за мяжу амаль на мільярд амерыканскіх долараў. Гэта больш, чым валютная выручка ад продажу трактароў. Нашы вяскоўцы здолелі ўзяць ад малочнага статку столькі якаснай сыравіны, што яе перапрацоўшчыкам хапіла для павышэння аб'ёмаў выпуску экспартнай прадукцыі. І такім чынам быў дасягнуты выдатны вынік, які стаў нечаканым. Гэты экспартны, без перабольшвання, прарыў даў аграрыям моцны козыр у адстойванні сваіх інтарэсаў. На іх сталі глядзець як на сур'ёзных вытворцаў, здольных зарабляць цвёрдую валюту, іх сталі заахвочваць і падштурхоўваць нарошчваць аб'ёмы сельгаспрадукцыі.

Я не сумняваюся ў тым, што пры вялікім жаданні мы здольныя вырабіць на пяць-шэсць млрд долараў ЗША экспартнай прадукцыі. Толькі пытанне ў тым, а ці атрымаецца хутка прадаць такі аб'ём тавараў? Я, напрыклад, не магу даць на яго адназначна станоўчы адказ.

— І цікава, чаму?

— А таму, што на сусветных рынках прадуктаў харчавання пануе жорсткая канкурэнцыя, якая час ад часу пераходзіць у "гандлёвыя войны". Паглядзім вакол сябе ў геаграфічным плане. Польшча затавараная якаснымі прадуктамі харчавання. Літва таксама ўмее вырабляць смачныя прадукты і шукае месцы іх збыту. І гэты пералік краін можна працягваць. Вострая канкурэнтная барацьба разгортваецца на прасцягах СНД. Сёння Украіна выціскае Расію са свайго рынку сельгаспрадукцыі, плануе значна павялічыць выпуск збожжавых, гародніны і садавіны. Ва Украіне, дзе выдатныя чарназёмы і больш спрыяльныя, чым у нас, кліматычныя ўмовы, натуральна, меншыя выдаткі на вытворчасць сельгаспрадукцыі. Мы, дарэчы, у велізарных аб'ёмах набываем там жмых сланечніка для птушкафабрык. Гэта наш галоўны артыкул імпарту з Украіны, а мы ёй больш за ўсё прадаём нафтапрадуктаў.

Украіна можа стаць нашым сур'ёзным канкурэнтам на рынках сельгаспрадукцыі. Яе сельская гаспадарка ўжо прайшла стадыю пераходу ў прыватную форму ўласнасці і цяпер гатовая да знешняй экспансіі. Ужо жорстка "схапіліся" ўкраінскія і расійскія вытворцы цукру, з-за чаго нам стала больш складана гандляваць сваім цукрам у Расіі. Ды і іншай сельгаспрадукцыяй сёння гандляваць няпроста, бо сусветны фінансавы крызіс, яго наступствы адбіліся на пакупніцкай здольнасці многіх нашых партнёраў і спажыўцоў. Амаль паўсюдна цэны на сельскагаспадарчую сыравіну і прадукты харчавання знізіліся прыкладна на 20 працэнтаў. У выніку ўпалі і даходы ад нашага экспарту сельгаспрадукцыі. Гэта аб'ектыўныя ўмовы, і іх нельга не ўлічваць.

— А як вы ацэньваеце шанцы пранікнення беларускіх вытворцаў на рынкі Еўрапейскага саюза?

— Таксама як рэальныя. Хоць увогуле ў Еўрасаюзе вельмі развітая сельская гаспадарка, якая ўяўляе сабой высокаэфектыўную галіну эканомікі. Але і яна зараз рыхтуецца да мадэрнізацыі. У ЕС плануюць зрабіць сельскую гаспадарку больш канкурэнтаздольнай, прыстасаваць яе да сучасных выклікаў. З гэтай нагоды ў Бруселі аб'явілі адкрытую дыскусію наконт будучыні аграрнага сектару Дэбаты працягнуцца да чэрвеня г. г. А саму рэформу сельскай гаспадаркі, мэтай якой стане выпрацоўка адзіных для ўсіх краін-удзельніц ЕС правілаў ажыццяўлення аграрнай палітыкі, мяркуюць пачаць са студзеня 2014 года. У прыватнасці, прадугледжваецца большая адкрытасць еўрапейскага рынку для вытворцаў прадуктаў харчавання з іншых краін. Нам трэба выкарыстаць гэту магчымасць і дыверсіфікаваць экспарт.

— Якім чынам?

— Каб быць паспяховым на еўрапейскім рынку, варта ўзняць якасць прадуктаў харчавання да высокіх стандартаў Еўрасаюза. Ад гэтага ў першую чаргу будзе залежыць рэалізацыя нашых стратэгічных і тактычных планаў у канкурэнтнай барацьбе за замежнага спажыўца. А каб перамагчы, трэба пачынаць праводзіць гібкую палітыку па стымуляванні эфектыўнасці вытворчасці і канкурэнтаздольнасці прадукцыі айчынных сельгасвытворчасцяў. А папацець тут ёсць нагода: напрыклад, малако на Захад мы прадаём па 2 долары за кілаграм. Вельмі выгадная цана. Мяса ў краіны СНД мы прадаём па 3,1 долара за кілаграм. Па выніках мінулага года доля нашай сельскай гаспадаркі ў агульным экспарце краіны складае 10,4 працэнта. А вось ў нашым экспарце ў Расію гэтая доля склала 26 працэнтаў.

— І хто з нашых вытворцаў прадуктаў харчавання мае лепшыя шанцы для "захопу" замежных рынкаў?

— Пакуль вытворцы малочнай і мясной прадукцыі. Мы некаторыя малочны прадукты (казеін і сухое малако) тры гады назад прадалі аж у Японію. Я нават лічбу валютнай выручкі запомніў: 30 млн. дол. ЗША. Невялікія партыі малочных прадуктаў здолелі рэалізаваць таксама ў далёкай Лацінскай Амерыцы. Летась увесь экспарт малака і малочнай прадукцыі ўсё ж вырас на 23,9 працэнта. Нягледзячы на развязаную ў мінулым годзе высокапастаўленымі санітарамі Расіі "малочную вайну" з Беларуссю, часовае прыпыненне паставак і г. д., экспарт туды вырас больш чым на 11 працэнтаў. І гэта на неспрыяльным фоне глабальнага крызісу і прадузятасці расійскіх уладаў. Таксама значна павялічылі экспартныя пастаўкі нашы вытворцы мясных прадуктаў — больш чым на 40 працэнтаў. Сёння наш экспарт прадуктаў харчавання, пераважна мяса-малочная група тавараў, павялічыўся і паступова набліжаецца да лепшых паказчыкаў двухгадовай даўніны.

— Але вось што насцярожвае. Днямі ў СМІ кіраўнік вядомай беларускай малочнай кампаніі з Брэсту прызнаўся, што сабекошт яго прадукцыі на 20 працэнтаў вышэй, чым на аналагічных вытворчасцях у развітых краінах. І гэта гаворыць дырэктар слыннай прыватнай кампаніі, якая мае, бадай, самае лепшае абсталяванне, кваліфікаваны персанал. Узнікае пытанне: калі там такі высокі сабекошт, то можна ўявіць, які ён на іншых перапрацоўчых прадпрыемствах.

— Па першае, сабекошт — катэгорыя з эпохі сацыялізму. Яе лепш забыць. У рынкавай эканоміцы такога тэрміну няма. Ён быў некалі прыдуманы савецкімі марксісцкімі навукоўцамі і прыстасаваны да пастулатаў палітычнай эканоміі, дзе паняцце капіталу было варожым тэрмінам. Лепш і больш сучасна ўжываць выдаткі на адзінку прадукцыі.

Па-другое, узровень выдаткаў на вытворчасць малочных прадуктаў залежаць ад каровы. Так, не ўсміхайцеся. Нашы каровы маюць лепшыя ўмовы для выжывання. У Заходняй Еўропе, калі карова не дае штогод 10 тон малака, то яе шлях прама на мясакамбінат. Месца небаракі займае новая жывёла. Трымаць карову, якая не здольная забяспечыць патрэбнай і, што галоўнае, рэнтабельнай колькасці літраў малака, фермер не будзе. У Ізраілі, напрыклад, карова ў сярэднім дае штогод 15 тон малака. А нашы каровы добра калі выйдуць на сярэдні паказчык 5 тон.

Адсюль выснова: у нас яшчэ даволі дарагая малочная сыравіна для перапрацоўчых прадпрыемстваў незалежна ад іх формы ўласнасці. Увогуле гэта наша нацыянальная праблема — кошт сыравіны. А таму ў цане айчынных тавараў 75 працэнтаў складаюць матэрыяльныя выдаткі на сыравіну, энерганосьбіты. Гэта вельмі шмат і гэта наш, калі хочаце, крыж. З-за велізарных вытворчых выдаткаў невыпадкова савецкую эканоміку назвалі затратнай.

— Я выдатна разумею, што вы не жывёлавод, але ж спытаю: наколькі статак буйной рагатай жывёлы краіны адпавядае задачам давядзення экспарту сельгаспрадукцыі да 6—10 мільярднай мяжы?

— Вы правільна заўважылі: не жывёлавод я. Але магу параўнаць айчынную жывёлагадоўлю з жывёлагадоўляй іншых краін. На першага лютага гэтага года ў Беларусі налічвалася (як я разумею нашу статыстыку, без уліку жывёлы ва ўласных гаспадарках вяскоўцаў) 1 242 500 кароў. Вось гэтымі сіламі мы засвойваем знешнія рынкі. Колькі з гэтых кароў здольныя даваць высокія надоі? Думаю, не вельмі шмат. Зыходзячы з замежнага досведу, варта было б адмовіцца ад парод жывёлы, якія і малако даюць, і якіх потым замест пенсіі на мяса адпраўляюць. У свеце адны фермеры гадуюць малочных кароў, другія — кароў мясных парод. Так выгадна. Так, між іншым, робіцца ва ўсіх развітых краінах. І ў нас тут таксама павінна быць дакладная спецыялізацыя.

— Экспарт — гэта ўсё ж клопат аб харчаванні жыхароў замежных краін. А што новага можна зрабіць для забеспячэння нашых суграмадзян малаком?

— Новае, як вядома, гэта часцей усяго грунтоўна забытае былое. Людзі старэйшага ўзросту памятаюць, а некаторыя, магчыма, захавалі малочныя бідончыкі на два-тры літры. Я прапаную адрадзіць гэтую беспадстаўна забытую малочную традыцыю. Так, няхай у нас растуць і мацнеюць кампаніі па вытворчасці малочных прадуктаў, заваёўваюць новыя рынкі, пашыраюць асартымент выпускаемай прадукцыі. Але паралельна ў гарадах адрадзіць прафесію малочніка. Была такая некалі. І пачаць можна было б з Мінска.

Напрыклад, у Празе ёсць нямала дробных крамаў з выявай зялёнай каровы. Гэта знак таго, што тут можна набыць свежае малако. Яно сюды прывозіцца кожнай раніцай непасрэдна з фермы. У такіх крамаў складваецца пастаяннае кола пакупнікоў, звычайна з жыхароў навакольных вуліц. Дык чаму б пражскі вопыт не перанесці на беларускую глебу? І малако завозіць не з буйных малочна-таварных фермаў, а з прыватных фермерскіх гаспадарак, скажам, ад фермера Сідаровіча, Ігнатовіча. Каб ведалі, чыё малако смачнейшае. А побач можна было б адкрыць невялікую пякарню з магазінчыкам, краму зеленшчыка са свежымі гуркамі, цыбуляй, памідорамі. Я думаю, гэта можа стаць перспектыўнай справай і пэўным выклікам сталічным гіпермаркетам.

І разам з тым забараніў бы гандляваць бабулям на прыпынках электрычак малаком ў пластыкавых бутэльках з-пад піва ці мінералкі. Такі гандаль можа пашкодзіць здароўю.

Гутарыў Леанід Лахманенка.

←Президент Беларуси посещает регионы, пострадавшие от аварии на Чернобыльской АЭС

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика