Мінэканомікі лічыць 500-доларавую сярэднюю зарплату дасягальнай
За першы квартал 2010 года вытворчасць валавога ўнутранага прадукту склала 104 %, што на 0,5 % болей, чым у студзені—лютым, заявіў на брыфінгу начальнік галоўнага упраўлення макраэканамічнага аналізу і прагназавання Міністэрства эканомікі Аляксандр Ярашэнка:
— Галоўнымі задачамі сталі забеспячэнне працэсаў пераадолення наступстваў сусветнага фінансавага крызісу і стварэнне адпаведных умоў для аднаўлення высокіх тэмпаў эканамічнага развіцця ў нашай краіне. Мы лічым, што меры, прынятыя рэспубліканскімі органамі кіравання, Міністэрствам эканомікі, урадам, дазволілі працягнуць і ў некаторай ступені ўзмацніць ажыўленне эканамічных працэсаў, якое пачалося ў пачатку года, — перакананы Аляксандр Ярашэнка.
Ён адзначыў, што прырост ВУП атрыманы за кошт паскарэння тэмпаў вытворчасці прадукцыі ў прамысловасці, абаротаў у гандлёвай дзейнасці і павелічэння тэмпаў будаўніча-мантажных работ.
Прынамсі, у прамысловасці тэмпы росту аб'ёмаў вытворчасці прадукцыі за тры месяцы склалі 105,9 %, а калі браць толькі за сакавік, то 109,1 %:
— Рост вельмі значны і паказвае добрую дынаміку — лічыць Аляксандр Рыгоравіч. — Безумоўна, гэтыя тэмпы росту маглі быць істотна вышэйшыя, але з-за ўмоў пастаўкі вуглевадароднай сыравіны для нафтаперапрацоўчых заводаў, якія змяніліся, тэмп росту менавіта нафтаперапрацоўчай галіны знізіўся больш чым на 40 %. А вось па астатніх галінах прамысловасці у нас былі забяспечаныя высокія тэмпы росту: у цэлюлознапапярповай — 115,4 %, цукровай — 146,2 % і гэтак далей.
Аляксандр Ярашэнка перакананы, што ключавую ролю ў забеспячэнні эканамічнага росту сыграў таваразварот, тэмпы росту якога склалі 113,3 %. Гэта адбылося, па словах Аляксандра Рыгоравіча, за кошт росту рэальных грашовых даходаў насельніцтва (па дадзеных за студзень—люты тэмпы росту склалі 105,4 %) і зарплаты (103,3 %), а таксама за кошт нізкага ўзроўню цэнаў на спажывецкім рынку (індэкс спажывецкіх цэнаў за тры месяцы склаў 102,5 %), павелічэння аб'ёму вытворчасці спажывецкіх тавараў (109,3%, з іх па харчовай групе — 111,1 %, па нехарчовай — 107,7%), зніжэння гандлёвых надбавак, адпускных цэнаў вытворцаў, продажу тавараў у крэдыт на ільготных умовах і інш.
Што тычыцца будаўніча-мантажных работ, то ў першым квартале было ўведзена ў эксплуатацыю 1,409 мільёна квадратных метраў (104,8 %), у тым ліку быў перавыкананы план на 17 тысяч квадратных метраў.
Расказаў Аляксандр Ярашэнка і пра знешнеэканамічную дзейнасць:
— Пачатак 2010 года характарызуецца некаторым ажыўленнем знешняга гандлю таварамі і паслугамі, але мы асцярожна ставімся да гэтага. За студзень станоўчае сальда ў нас было 123,7 мільёна долараў, а за 2 месяцы яно склала адмоўную велічыню — 132,8 мільёна долараў. Істотны ўплыў на паказчык знешняга гандлю аказалі пастаўкі вуглевадароднай сыравіны: экспартныя пастаўкі нафтапрадуктаў склалі 88,7 % за два месяцы ў параўнанні з тым жа перыядам 2009 года, — расказаў Аляксандр Ярашэнка, аднак адзначыў, што ёсць і станоўчыя тэндэнцыі: — За два месяцы гандаль калійнымі ўгнаеннямі павялічыўся ў 4 разы, а па істотных для нашай эканомікі пазіцыях, я маю на ўвазе аўтамабільную тэхніку, трактары, назіраецца рост экспартных паставак у фізічным аб'ёме — 120%. Гэта дае нам падставы сцвярджаць, што ёсць ажыўленне знешніх рынкаў, і эканоміка Беларусі ў гэтым плане мае добрыя перспектывы.
Таксама Аляксандр Ярашэнка адзначыў, што інвестыцыі ў асноўны капітал склалі 97,6 % за тры месяцы, у сакавіку прырост склаў 107,5 % і Мінэканомікі лічыць, што гэтая лічба сведчыць пра аднаўленне дынамікі і станоўчы яе характар. Паказчык у памеры 97,6 % Аляксандр Ярашэнка патлумачыў, па-першае, асаблівасцямі статыстычнага падліку, бо ў першым квартале 2009 года тэмпы складалі 119 %, што з'явілася высокай статыстычнай базай для сёлетняга паказчыка, а, па-другое, стрымліваючым фактарам для інвестыцый у асноўны капітал з'яўляецца цяжкі фінансавы стан прадпрыемстваў:
— Удзельная вага ўласных крыніц у інвестыцыях ў нас знізілася з 40,1 % у мінулым годзе да 37,6 % сёлета. Гэта значыць, што асноўнымі крыніцамі фінансавання застаюцца ўласныя сродкі прадпрыемстваў, а пагаршэнне фінансавага стану паўплывала і на інвестыцыйны складальнік. Разам з тым, я хацеў бы звярнуць увагу на тое, што ў нас адбыўся значны прагрэс у прыцягненні замежных крэдытных ліній: у студзені—сакавіку ў асноўны капітал з замежных крыніц, з улікам крэдытаў па замежных лініях, прыцягнута 556 мільярдаў рублёў інвестыцый. Такім чынам, удзельная вага павялічылася з 4,3 % за першы квартал 2009 года да 6,7 % за аналагічны перыяд гэтага году, а тэмпавы паказчык склаў 140 %. Гэта той рэзерв, які мы закладвалі пры прагнозе і які мы павінны рэалізаваць цалкам у гэтым годзе, — перакананы начальнік галоўнага ўпраўлення макраэканамічнага аналізу і прагназавання.
Наогул жа, як адзначыў Аляксандр Ярашэнка, Міністэрства эканомікі лічыць дасягальнай лічбу ў 6 % росту ВУП па выніках паўгоддзя:
— Па-першае, станоўчую ролю для нас павінна сыграць ажыўленне глабальнай эканомікі, а, па-другое, важным фактарам мы лічым стымуляванне ўнутранага попыту за кошт павышэння даходаў насельніцтва, павелічэння выпуску прадукцыі для нашага спажыўца. Тут, дарэчы, калі мы кажам пра павышэнне плацежаздольнасці насельніцтва, трэба казаць і пра зніжэнне працэнтаў крэдытных ставак. З улікам таго, што рост інфляцыі запавольваецца і ўпісваецца ў прагнозныя паказчыкі, мы арыентуемся, што зможам забяспечыць каля 8 % росту індэкса спажывецкіх цэнаў, бо для павелічэння плацежаздольнасці неабходнае зніжэнне працэнтных ставак па спажывецкіх крэдытах і наогул па крэдытах для рэальнага сектара эканомікі.
Дарэчы, Міністэрства эканомікі бачыць магчымасці і рэзервы для таго, каб пастаўленая Прэзідэнтам задача дасягнуць да канца года 500-доларавай сярэдняй зарплаты была выкананая:
— Выхад на 500 долараў у эквіваленце, як гэта прадугледжана праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2006—2010 гады, намі праглядаецца, — лічыць Аляксандр Ярашэнка. — Больш за тое, Міністэрства эканомікі першапачаткова пры падрыхтоўцы прагнозу зыходзіла з таго, што ўсе рэзервы для дасягнення гэтага паказчыка ў рэальным сектары ёсць. Адной з галоўных умоў для забеспячэння такога росту павінна стаць зніжэнне матэрыяльных выдаткаў у рэальным сектары эканомікі. Таксама падрыхтаваны шэраг нарматыўных і заканадаўчых актаў, накіраваных на стымуляванне аплаты працы дырэктарскага корпуса і вышэйшага звяна ўпраўленцаў, каб стварыць іх зацікаўленасць ў выкананні паказчыкаў.
Павел БЕРАСНЕЎ.