У Беларусі будзе будавацца па 6 мільёнаў кв. метраў энергаэфектыўнага жылля з 2015 па 2020 год

Источник материала:  

На ўзровень будаўніцтва 6 мільёнаў квадратных метраў энергаэфектыўнага жылля краіна павінна выйсці ў 2015 годзе, пра гэта заявіў Леанід Данілеўскі, першы намеснік дырэктара дзяржаўнага прадпрыемства "Інстытут НІПТІС імя Атаева", на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Еўрапейскі энергаэфектыўны дом-2010".

Па словах Леаніда Данілеўскага, комплексная праграма энергаэфектыўнага будаўніцтва ў рэспубліцы прадугледжвае, па-першае, авалоданне тэхналогіямі энергаэфектыўнага будаўніцтва і, па-другое, пераход да масавага будаўніцтва энергаэфектыўных будынкаў.

— Каб тэхналогіямі праектавання і будаўніцтва энергаэфектыўных дамоў авалодалі ў абласцях, у мінулым годзе мы пабудавалі такія дамы ў Гродне, Віцебску, Гомелі. Згодна з праграмай будаўніцтва энергаэфектыўных будынкаў у 2015 годзе мы павінны выйсці на узровень 6 мільёнаў квадратных метраў жылля і ў такім аб'ёме будаваць да 2020 года. У 2010 годзе прадугледжваецца будаўніцтва 300 тысяч квадратных метраў такога жылля, — паведаміў Леанід Данілеўскі.

Па яго словах, сумарны эфект ад усіх мерапрыемстваў з пункту гледжання эканоміі энергарэсурсаў у 2015 годзе складзе каля 700 тысяч тон умоўнага паліва па рэспубліцы. Цікава, што кошт аднаго квадратнага метра жылля ў энергаэфектыўным доме большы на 50—100 долараў у залежнасці ад колькасці пакояў і агульнай плошчы кватэры, але, па падліках Леаніда Данілеўскага, гэтыя грошы акупляюцца прыкладна пра 10 год:

— Я ведаю, што некаторыя жыхары энергаэфектыўных дамоў плацяць за цяпло хто ў 2-3 разы меней, хто ў 8—10 разоў.

Дарэчы, самы першы энергаэфектыўны дом быў пабудаваны ў Мінску 3 гады таму па вуліцы Прытыцкага, 107. Леанід Данілеўскі расказаў, што яны праводзілі анкетаванне жыхароў дома ў першы год эксплуатацыі, і каля 80 % жыхароў выказалі сваё задавальненне камфортам і якасцю паветра ў жылых памяшканнях.

Павел БЕРАСНЕЎ.

Каментар па тэме:

— Некаторыя спецыялісты кажуць, што не ўсё ў гэтых дамах дасканала, шмат што патрабуе дапрацоўкі, — кажа Канстанцін Каламіец, намеснік старшыні Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў. — Аднак нават пры такіх умовах патрэбна прыдумаць сістэму стымулаў для тых, хто эксперыментуе пры пабудове гэтых дамоў. Так бы мовіць, "на сабе". Каб, калі чалавек рызыкуе і нешта новае вынаходзіць, у яго быў стымул гэта рабіць. А ў насельніцтва павінен быць выбар: плаціць па высокіх коштах за энергарэсурсы або ўкладвацца ў энергазберажэнне. Слова "выбар" — ключавое ў гэтай сітуацыі. І дзяржава павінна падрыхтаваць неабходную нарматыўную базу для ажыццяўлення такога выбару.

Кошты камунальных паслуг будуць у любым выпадку расці. І гэта, напэўна, справядліва. Таму што кожны ўласнік жылля павінен цалкам плаціць за іх. Іншых варыянтаў, хутчэй за ўсё, не будзе. Я думаю, што ёсць вялікія рэсурсы ў прадпрыемстваў, якія будуюць ведамаснае жыллё. Але патрэбна разумець, што ні за год, ні за два, нават за дваццаць існуючы жылы фонд да еўрапейскіх стандартаў прыведзены не будзе. З улікам таго, што кошты энерганосьбітаў будуць расці, патрэбна гэтым займацца ўжо зараз. Патрэбна шукаць тыя сегменты рынку і насельніцтва, якія гатовыя актыўна ўкладвацца ў такія праекты.

Настасся ЗАНЬКО.

←Президент Беларуси посещает регионы, пострадавшие от аварии на Чернобыльской АЭС

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика