Калі б ён быў султан...
Гэтую здзелку зараз абмяркоўваюць ва ўсіх чыноўніцкіх кабінетах. Адны задаюцца пытаннем: “Як жа яны лічылі?” Другія: “Каму дастаўся бакшыш?” Трэція: “Што Беларусі трэба ад Амана?” На самай справе галоўнае пытанне, як увогуле магло адбыцца, што ў еўрапейскай краіне, нібы ў якім султанаце, адзін чалавек прымае рашэнні, каму і якую дзяржаўную маёмасць прадаць і за якія грошы?
Дарэчы, “бакшыш” — гэта ў перакладзе з арабскага “падарунак”, “падзяка”, а прасцей кажучы — хабар.
... Неяк давялося вяртацца на самалёце з Масквы і стаць сведкай такой сцэны. Сцюардэса, як звычайна, раздала перад палётам газеты. Людзі пачалі чытаць, і, слова за слова, у выніку рагатала палова пасажыраў авіясалона. Нібы каманда КВЗ, купка расіян весяліла ўсіх, зачытваючы і каментуючы надрукаваныя аб’явы беларускіх прадпрыемстваў і кантор аб правядзенні тэндэраў. “Арганізацыя аб’яўляе тэндэр на закупку дзесяці штор...”, “Арганізацыя прымае прапановы па пастаўцы крэсла дырэктарскага...”, “Прадпрыемства праводзіць тэндэр па выбары пастаўшчыка мыйных сродкаў, сурвэтак, туалетнай паперы...” Гэта сапраўды вельмі смешна, калі высвятляецца, што кіраўнік прадпрыемства без тэндэра не можа ні крэсла сабе купіць, ні туалетнай паперы. Хаця, калі сам жывеш і працуеш у такіх умовах, не смешна зусім. Тым не менш наш самалёт, поўны рознага маштабу бізнесменаў, шчыра весяліўся. Бо, напэўна, гэтыя людзі ведалі, што шматлікія тэндэры “на капейкі” прыкрываюць вялікі айсберг, дзеля якога можна лятаць у Мінск на самалётах па некалькі разоў на тыдзень.