Ярашук: “Апроч калійных угнаеньняў, Бразылію ў Беларусі нічога не цікавіць”
22.03.2010
—
Новости Экономики
Сёньня прэзыдэнт Бразыліі Луіс Інасіё да Сільва мае сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам. А напярэдадні першы віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка, які на чале беларускай урадавай дэлегацыі знаходзіцца ў Бразыліі, заявіў, што дасягнутая папярэдняя дамоўленасьць аб пастаўках у гэтую краіну больш за 2 мільёны тон калійных угнаеньняў.
Калі летась з-за крызісу ўдалося прадаць туды 1 мільён 200 тысяч тон калійных угнаеньняў, то сёлета ўзаемны абарот перавысіць адзнаку 2 мільёны 100 тысяч тон.Экспэрт у галіне сельскай гаспадаркі, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук ацэньвае экспартны патэнцыял Беларусі ў праекцыі на бразыльскі рынак:
“Рынак буйны, які хутка разьвіваецца і расьце. Гэта агульна вядомы факт і мы ведаем, што ўдзельная вага Бразыліі мае тэндэнцыю да пастаяннага падвышэньня. І калі мець на ўвазе нашы інтарэсы, то, менавіта сыходзячы з гэтых абставінаў, гэта рынак цікавы і, безумоўна, галоўная цікавасьць тут зьвязаная з тым, што Бразылія зьяўляецца адным з буйных спажыўцоў нашых калійных угнаеньняў. Кітай, Індыя і Бразылія – менавіта тры стаўпы, на якіх зараз трымаецца, выбудоўваецца асноўная стратэгія “Беларуськалію”.
З гэтага пункту гледжаньня рынак, натуральна цікавы. Што датычыць усяго астатняга? Можна, канечне, разважаць, што нейкую сотню трактароў туды мы зможам прадаць, але гаварыць пра тое, што Бразылія можа ў нейкай пэрспэктыве быць нашым сур’ёзным партнэрам для машынабудаўнічай прамысловасьці, для аграрнага сэктару – напэўна, было б вельмі амбіцыйна”.
Карэспандэнт: “Паводле нават афіцыйнай статыстыкі, 99% беларускага экспарту ў Бразылію складаюць менавіта мінэральныя ўгнаеньні”.
“Безумоўна, так і ёсьць. Таму што Бразылія на працягу шэрагу апошніх гадоў мае ўстойлівы інтарэс да калійных угнаеньняў. Гэта рынак, які хутка расьце, і менавіта сыходзячы з гэтай акалічнасьці, таваразварот зьвязаны выключна з мінэральнымі ўгнаеньнямі. Усё астатняе – так, дробязь. Таму можна толькі меркаваць гаварыць: калі некалькі дзясяткаў ці сотняў трактароў будзе прадавацца, ці там сухое малако, ці яшчэ што іншае -- то за межы вось гэтага 1% ад агульнага аб’ёму таваразвароту, напэўна, яно і ня выйдзе. ”