Клімат магчымасцей

Источник материала:  

Чым мы зможам прывабіць замежных інвестараў?

Працяг лібералізацыі, як разлічваюць ва ўрадзе, створыць дадатковыя стымулы для прыцягнення капіталу з іншых краін. Таму і сёлетнюю лічбу паступлення ў беларускую эканоміку каля 2,7 мільярда долараў прамых замежных інвестыцый лічаць амбіцыйнай, але дасягальнай.

Без ліцэнзій і са свабоднымі цэнамі

Прынятыя за апошнія гады меры па лібералізацыі эканомікі Беларусі прынеслі плён. Па выніках рэйтынгу Сусветнага банка, у якім аналізуюцца ўмовы вядзення бізнесу, Беларусь узнялася з 85-га на 58-е месца. Аднак, па словах віцэ-прэм’ера Андрэя Кабякова, пастаўлена задача ўвайсці ў трыццатку лепшых. Таму трэба працягваць рэформы.З улікам гэтага ў Беларусі на 2010 год распрацаваны план па далейшай лібералізацыі эканамічнай дзейнасці. Гэты дакумент, як паведаміў намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур, плануецца прыняць у бліжэйшы час. Па яго словах, план “уключае ўсе кампаненты нашага развіцця і закранае праблемы ліцэнзавання, рэгістрацыі, цэнаўтварэння, пытанні, звязаныя з кантрольнай дзейнасцю, лібералізацыяй рынку працы”. Таксама будуць уключаны тэмы, звязаныя з інвестыцыйнай актыўнасцю, маёмаснымі адносінамі. У прыватнасці, плануецца адмяніць ліцэнзаванне 16 з цяперашніх паўсотні відаў дзейнасці. Таксама прадугледжваецца скараціць пералік тавараў, цэны на якія рэгулююцца дзяржавай. Будуць зніжаны штрафныя санкцыі за парушэнні ў сферы цэнаўтварэння.“Мы рады, што ў Беларусі прыслухоўваюцца да прапаноў замежных інвестараў, улічваюць іх інтарэсы”, — адзначае дырэктар кампаніі “Эрнст энд Янг”, каардынатар Кансультацыйнага савета па замежных інвестыцыях пры Савеце Міністраў Беларусі Павел Лашчанка.

Новая прамысловая палітыка

Між тым, як адзначаюць многія спецыялісты, інвестыцыі ў Беларусі павінны працаваць не проста на павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці прадукцыі. Трэба выпускаць новыя канкурэнтаздольныя тавары і тым самым павышаць устойлівасць развіцця эканомікі краіны ў цэлым.“Нам трэба распрацаваць новую прамысловую палітыку”, — перакананы першы намеснік дырэктара Нацыянальнага інвестыцыйнага агенцтва Георгій Грыц. Надышоў час прыняць рашэнне, ці трэба нам і далей развіваць некаторыя галіны, канкрэтныя прадпрыемствы, дзейнасць якіх у значнай ступені залежыць ад імпарту энергарэсурсаў, вузлоў і механізмаў.Для таго, каб замежны капітал нам у гэтым дапамог, беларускаму ўраду трэба вызначыць стратэгічныя прыярытэты, сферы, куды мы найбольш жадаем прыцягваць інвестыцыі. Гэта, напрыклад, можа быць сектар гандлю і паслуг.Акрамя гэтага, на думку першага намесніка дырэктара агенцтва, неабходна вызначыцца з месцам і роляй Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы ў беларускіх стратэгічных планах.Важным стымулам для прыцягнення замежнага капіталу павінна стаць і стварэнне так званага аднаго акна. Яго збіраюцца арганізаваць на базе Нацыянальнага інвестыцыйнага агенцтва. “Інвестар не будзе траціць час на хаджэнне па многіх кабінетах, дакументы будуць афармляцца хутчэй”, — тлумачыць Георгій Грыц выгаднасць такой структуры для інвестараў.

Выходзіць у інтэрнэт і вучыць замежныя мовы

Айчынныя прадпрыемствы для прыцягнення замежных інвестараў недастаткова выкарыстоўваюць магчымасці інтэрнэт-тэхналогій, лічыць загадчык кафедры менеджменту Белдзяржуніверсітэта Барыс Паньшын. Калі б на кожным сайце прадпрыемства ці арганізацыі была падрабязная інфармацыя аб магчымасці рэалізацыі пэўных інвестыцыйных праектаў, тады б і зацікаўленасць замежнікаў вырасла. “Трэба вучыць замежныя мовы”, — нагадваюць эксперты прапісную ісціну. І гэта тычыцца ў першую чаргу работнікаў маркетынгу, а таксама сакратароў, якія працуюць у прыёмных дырэктара. Ці многа знойдзецца ў Беларусі прадпрыемстваў, на якіх пры тэлефанаванні ў прыёмную дырэктара з-за мяжы змогуць свабодна адказаць на замежнай мове, а не, спужаўшыся, кінуць тэлефонную трубку? 

←Требования к владельцам земельных участков ужесточат

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика