ЕБРР прыняў новую стратэгію для Беларусі

Источник материала:  
ЕБРР прыняў новую стратэгію для БеларусіЯк гаворыцца ў паведамленні ЕБРР, новая трохгадовая стратэгія дазволіць банку пашырыць свае аперацыі ў Беларусі пры ўмове, што кіраўніцтва дзяржавы будзе ажыццяўляць рэформы ў канкрэтных галінах, накіраваныя на развіццё рыначнай эканомікі.

Адзначаецца, што стратэгія была прынята пасля завяршэння шырокага працэсу кансультацый з удзелам арганізацый грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, беларускіх уладаў, міжнароднай супольнасці і іншых зацікаўленых бакоў.

Як і ў папярэдніх стратэгіях, галоўным прыярытэтам ЕБРР адносна Беларусі застаецца падтрымка развіцця прыватнага сектара як сродку руху да канчатковых мэтаў — палітычнай дэмакратыі і рыначнай эканомікі.

ЕБРР вітае прадэманстраваную ўладамі краіны ўзрослую гатоўнасць супрацоўнічаць з міжнароднай супольнасцю і адзначае абнадзейвальныя прыкметы прагрэсу на палітычным і эканамічным франтах. Далейшыя пазітыўныя крокі ў гэтых галінах будуць садзейнічаць стварэнню больш спрыяльнага дзелавога асяроддзя.

Адзначаецца, што далейшы прагрэс у названых галінах дазволіць банку пашырыць сваю дзейнасць у Беларусі, у тым ліку супрацоўніцтва з дзяржаўнымі прадпрыемствамі на абмежаванай і выключна выбарачнай аснове, пры ўмове, што яны будуць функцыянаваць на камерцыйных прынцыпах і адпавядаць дакладным крытэрыям крэдытавання ЕБРР. Папярэднія стратэгіі абмяжоўвалі работу банка ў Беларусі толькі прыватнымі праектамі.

У новай стратэгіі ўказана, якім чынам ЕБРР можа, у прыватнасці, аказваць тэхнічнае садзеянне і, магчыма, фінансавую падтрымку ажыццяўленню заяўленага ўладамі намеру распрацаваць адкрытую, празрыстую і канкурэнтаздольную праграму прыватызацыі, што будзе садзейнічаць росту даверу да гэтага працэсу. Гэта, на думку ЕБРР, акажа падтрымку пакету стратэгічных мер, узгодненых Беларуссю, Міжнародным валютным фондам і Сусветным банкам, у якім важная роля адведзена працэсу прыватызацыі.

ЕБРР таксама разгледзіць магчымасць пашырэння сваіх дынамічных праграм крэдытавання малога бізнесу і садзеяння развіццю гандлю з мэтай уключэння ў іх упершыню і на выбарачнай аснове дзяржаўных банкаў пры ўмове, што яны функцыянуюць на камерцыйных прынцыпах і існуе рэальная перспектыва іх прыватызацыі.

Да ліку іншых прыярытэтных кірункаў дзейнасці ЕБРР у Беларусі ў перыяд дзеяння новай стратэгіі адносяцца: стымуляванне павышэння энергаэфектыўнасці і распрацоўка новых устойлівых энергарэсурсаў; пашырэнне праграмы садзеяння развіццю гандлю ЕБРР у мэтах стымулявання трансгранічных гандлёвых аперацый; аказанне падтрымкі ў рэфармаванні і тэхнічнай мадэрнізацыі экалагічнай інфраструктуры і муніцыпальных паслуг.

У паведамленні адзначаецца, што ўзровень і маштаб дзейнасці ЕБРР у Беларусі будуць вызначацца з улікам перамен у сферы палітыкі і прагрэсу ў ажыццяўленні рэальнай праграмы рэформ.

Банк прадоўжыць актыўны палітычны дыялог з беларускімі ўладамі адносна шэрагу неабходных рэформ і будзе адсочваць дасягнуты прагрэс з дапамогай набору кантрольных паказчыкаў у палітычнай і эканамічнай сферах. Крытэрыі, якія будзе выкарыстоўваць ЕБРР, пералічаны ў стратэгіі.

←Дефицит консолидированного бюджета Беларуси за 10 мес. составил Br819,9 млрд

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика