Памёр былы міністр фінансаў БССР Баляслаў Шаціла
30.09.2009 19:20
—
Новости Экономики
![Памёр былы міністр фінансаў БССР Баляслаў Шаціла](http://www.21.by/pub/news/2009/09/1254329823301713.jpg)
Шацiла Баляслаў Iосiфавiч нарадзiўся 4 лютага 1919 года ў вёсцы Горкi Чэрвенскага раёна Мiнскай вобласцi ў сялянскай сям'i. Працоўную дзейнасць пачаў у 1939 годзе пасля заканчэння Гомельскага фiнансава-эканамiчнага тэхнiкума. У фiнансавай сiстэме прапрацаваў больш як 50 гадоў i прайшоў шлях ад кантралёра-рэвiзора КРУ па Крычаўскім раёне Магiлёўскай вобласцi да мiнiстра фiнансаў БССР.
23 чэрвеня 1941 года Б.Шацiла быў мабiлiзаваны ў РСЧА i пакiнуты для работы ў Крычаўскiм райваенкамаце. У лiпенi 1941 года ў сувязi з кантузiяй i хваробай быў эвакуяваны ў горад Тамбоў для лячэння. Пасля выздараўлення працаваў iнспектарам па бюджэце райфiнаддзела, сакратаром райвыканкама, загадчыкам рай- фiнаддзела ў г. Знаменка Тамбоўскай вобласцi. У лiстападзе 1943 года пасля заканчэння курсаў савецка-партыйнага актыву ў Маскоўскай вобласцi ён быў накiраваны на аднаўленне народнай гаспадаркi ў Гомельскую вобласць, назначаны загадчыкам Навабелiцкага райфiнаддзела Гомеля.
Усё далейшае жыццё Баляслава Iосiфавiча Шацiлы звязана з Беларуссю, дзе ён працаваў на розных пасадах у фiнансавых органах рэспублiкi. З 1965 па 1990 год Б. Шацiла займаў пасаду мiнiстра фiнансаў БССР.
Знаходзячыся на заслужаным адпачынку, Баляслаў Iосiфавiч актыўна ўдзельнiчаў у грамадскiм жыццi, у выхаваннi маладога пакалення фiнансiстаў.
Светлая памяць пра Баляслава Iосiфавiча, пачуццё высокай павагi да яго назаўсёды застануцца ў нашых сэрцах.