Сярэдняя сума чэка ў слонімскім універсаме - 25 тысяч

Источник материала:  
10.09.2009 19:32 — Новости Экономики
Сярэдняя сума чэка, на якую сёння атаварваюцца слонімцы ў адным з самых буйных мясцовых універсамаў — "Дружба", складае 25 тысяч рублёў.

Па словах супрацоўнікаў бухгалтэрыі згаданай крамы, пакупніцкая здольнасць жыхароў Слоніма апошнім часам знізілася.

"Раней сярэдняя сума чэка складала нешта каля 45 тысяч рублёў, — адзначаюць у "Дружбе", — цяпер, з-за крызісу, людзі сталі больш эканомныя, атаварваюцца на рынку. У асноўным у нашай краме купляюць хлебабулачныя і вінна-гарэлачныя вырабы".

ПРЫВАТНІК "ПЕРАПЛЁЎВАЕ" КРАМЫ

28-гадовая сланімчанка Таццяна Заяц, каб зэканоміць, купляе прадукты два разы ў месяц (падчас выдачы зарплаты і авансу) у сваёй знаёмай, якая гандлюе дома прывазным таварам з расійскага горада Смаленска.

"Яна прадае практычна ўсё неабходнае: ад сметанковага масла да мясных вырабаў, — распавядае Таццяна. — Параўноўваючы цэны на прадукты ў краме і ў маёй знаёмай, адзначыла, што ў месяц эканомлю да 80 тысяч рублёў. Калі ў краме кілаграм рыбнага філе каштуе 13 тысяч рублёў, то мая знаёмая прадае такі ж прадукт за 9 тысяч. Кілаграм пельменяў у “расіянкі” — 7 тысяч рублёў, у краме ж адзін пачак вагой менш за кілаграм каштуе 3 тысячы 600 рублёў. Сметанковае масла ў маёй знаёмай на 100 рублёў таннейшае, чым у краме, сыр плаўлены — на 500 рублёў, куры — на 1 тысячу".

Па словах Таццяны Заяц, у яе “смалянчанкі” даволі шмат кліентаў.

"А ўлічваючы тое, што яна часта дае прадукты ў доўг, да зарплаты, недахопу ў кліентах “расіянка” не адчувае", — кажа Таццяна.

НА РЫНКУ ТАННЕЙ, АЛЕ НЕ НАШМАТ

А вось 56-гадовая сланімчанка Марыя Сцяпанаўна Траццякова купляе неабходныя для сям'і прадукты на мясцовым рынку.

"Хай там тавар на пару тысяч таннейшы, але ўсё роўна хоць нейкая эканомія, — распавядае Марыя Сцяпанаўна. — Ды і асартымент больш разнастайны. У слонімскіх крамах у асноўным можна купіць прадукцыю мясцовай вытворчасці: малочныя вырабы — ад завода "Слонімскія малочныя прадукты", мясныя — ад Слонімскага мясакамбіната, хлебабулачныя — ад Слонімскага хлебазавода… Хочацца разнастайнасці. На тым жа рынку прадстаўлена прадукцыя розных вытворцаў. Прычым яна таннейшая, чым наша, мясцовая".

Па словах Марыі Сцяпанаўны, яна не робіць стыхійных пакупак: убачыла — купіла. "Для пачатку складаю спіс самага неабходнага, а потым іду на рынак, — кажа жанчына. — Мая сям'я асабліва не шыкуе, сілкуемся, як, пэўна, большасць людзей: бульба, макароны плюс трохі мясных вырабаў. Каб эканоміць, я часта купляю каўбасу з мяса птушкі, бо яна значна таннейшая. На святы ўключаем у меню больш дарагія прадукты — вяндліну, сыравэнджаную каўбасу. Далікатэсамі ў штодзённым жыцці сябе не песцім".

Па словах Марыі Траццяковай, бульбу, капусту, моркву і іншую агародніну яе сям'я купляе на штогадовым сельскім кірмашы, калі ўсе сельгаспрадпрыемствы раёна прадаюць выгадаваную прадукцыю значна танней, чым звычайна.

Цэны на самае неабходнае ў слонімскіх крамах:

хлеб — 1050 руб. (палова буханкі), 2100 руб. (цэлая буханка);
батон — 1350—1400 руб.;
малако — 1500 руб. за 1 літр;
тварог — 1450 руб за 1 пачак;
яйкі — 2500—3600 за 1 дзесятак;
каўбаса вараная — ад 8 000 да 14 000 руб. за 1 кг.

←Сидорский раздал множество обещаний

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика