«За дапамогу сусветнай буржуазіі». Хто такая Ларыса Геніюш, якую дагэтуль не рэабілітавалі

Источник материала:  
09.08.2020 09:30 — Новости Культуры

110 гадоў таму, 9 жніўня 1910 года нарадзілася паэтэса Ларыса Геніюш. Расказваем, чаму яна стала генеральным сакратаром урада БНР, як трапіла ў ГУЛАГ і чаму дагэтуль не рэабілітаваная.

  • Дзяніс МарціновічРэдактар аддзела «Кругагляд»

Паляванне за архівам БНР

Яна нарадзілася ў сям'і заможнага селяніна на Гродзеншчыне (цяпер гэта тэрыторыя ўвайшла ў межы горада Ваўкавыска). Вучылася ў польскай школе (тады Заходняя Беларусь уваходзіла ў склад Другой Рэчы Паспалітай). Узяла шлюб і пераехала ў Прагу, дзе вучыўся яе муж Янка.

У 1939-м Чырвоная армія ўступіла на тэрыторыю Заходняй Беларусі. Бацька Ларысы быў расстраляны, маці і дзве сястры высланы ў Казахстан, дзе пазней памерлі.

Тым часам паэтэсу, якая жыла ў Празе, спрабавалі выкарыстаць у палітычнай барацьбе. У чэрвені 1941-га мясцовых беларусаў склікалі на сход і прапанавалі падпісаць зварот да Гітлера. Усе ўдзельнікі сходу адмовіліся. Але пазней хтосьці ўзяў спіс гэтых людзей і дадаў іх подпісы праз капірку. А той ліст пазней трапіў у рукі НКВД.

Геніюш і яе сям’я адмоўна ставіліся да Гітлера. Паэтэса не займалася палітыкай. Адзінае — уваходзіла ў «Беларусі камітэт самапомачы» і дапамагала суайчыннікам-мігрантам. Калі ў Празе выйшла кніга Геніюш «Ад родных ніў», ёй зацікавілася гестапа: у зборніку вершаў не было згадкі пра Гітлера. Але савецкім спецслужбам такі ліст спатрэбіўся.


Ларыса Геніюш — вучаніца Ваўкавыскай польскай гімназіі. 1928 год. Фота: svaboda.org

Тады ў Празе жыў прэзідэнт БНР Васіль Захарка. У 1943-м ён памёр. Але ў сваім тэстаменце прызначыў Ларысу генеральным сакратаром урада БНР у эміграцыі і перадаў ёй архіў Народнай рэспублікі.

Савецкія спецслужбы, якія жадалі атрымаць архіў у свае рукі, зладзілі за Геніюш ледзь не паляванне. У 1948-м яны ўрэшце арыштавалі яе з мужам і дэпартавалі ў СССР, што было незаконна — Ларыса і Янка з’яўляліся грамадзянамі Чэхаславакіі. У Мінску паэтэсе зладзіў допыт шэф НКВД БССР Лаўрэнцій Цанава. Але Геніюш здолела схаваць большую частку архіва і пазней так і не выдала, дзе тое сховішча.

Іх прыгаварылі да 25 гадоў зняволення, якое Ларыса і Янка адбывалі ў лагерах Комі і Мардоўскай АССР. Гады свайго зняволення паэтэса пазней апіша ў кнізе «Споведзь».

Пад наглядам КДБ

Вызвалілі іх у 1956-м. Сям’я пасялілася ў Зэльве, на радзіме мужа. За імі працягвала сачыць КДБ. Янка Геніюш пачаў працаваць у мясцовым шпіталі і паліклініцы. Ларыса засталася хатняй гаспадыняй і нават выдала некалькі кніг у дзяржаўных выдавецтвах.

Як гэта атрымалася? Апублікаваць кнігу «Невадам з Нёмана» (1967) дапамог паэт Максім Танк, які пэўны час з’яўляўся старшынёй Вярхоўнага Савета БССР. Цікава, што Геніюш вельмі адмоўна ставілася як да камуністычнай ідэалогіі, так і да шараговых сяброў партыі. Танк ніколі не хаваў свае палітычныя ідэалы. Але Геніюш адносілася да яго з павагай.

Пасля публікацыі зборніка, які на грамадскіх пачатках (то бок бясплатна) адрэдагаваў Уладзімір Караткевіч, паэтэса стала вядомай у літаратурных колах. Да яе ў Зэльву сталі прыязджаць прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі.

Але ў наступныя гады ёй дазвалялі друкавацца толькі як дзіцячай пісьменніцы: выйшлі дзве кнігі вершаў для дзяцей «Казкі для Міхаські» (1972) і «Добрай раніцы, Алесь» (1976).


Ларыса і Янка Геніюшы з сынам Юркам перад вайной у Празе. Фота: svaboda.org

Трэба патлумачыць, што з сынам і ўнукамі паэтэса бачылася рэдка. Калі яе з мужам вывезлі ў СССР, Юрку Геніюша перадалі да сваякоў у Польшчу. Пасля вайны Ларысу не адпускалі за мяжу, каб пабачыцца з Юркам і яго дзецьмі. А вось у Савецкі Саюз яны ўсё ж такі часам маглі прыязджаць.

Дарэчы, прыняць савецкае грамадзянства Ларыса і Іван адмаўляліся да самай смерці. Ларыса Антонаўна так і не ўступіла ў Саюз пісьменнікаў. Пры гэтым тыя творцы, якія прайшлі праз сталінскі ГУЛАГ (Уладзімір Дубоўка, Сяргей Грахоўскі і іншыя) імкнуліся вярнуцца ў літаратурнае жыццё, выдаваць зборнікі вершаў, перакладаў, жыць і дыхаць як звычайныя людзі.

Хтосьці бачыць ва ўчынках Геніюш праяву грамадзянскай мужнасці, хтосьці — вернасць ідэалам маладосці. І сапраўды, Геніюш, бадай, не магла паводзіць сябе іначай.


Змагацца — дык шчыра, на поўны ўздым.

Памерці — дык горда, за волю і славу.

Калі пакахаць, то пачуццем такім,

Каб шэрую землю расплавіць на лаву!


Але ў сваёй бескампраміснасці Геніюш часам не заўважала тых, хто вагаецца. Старонкі «Споведзі» Ларыса заканчвае досыць катэгарычным меркаваннем, адрасаваным свайму мужу: «Ён піша аб Варкуце, аб сустрэчы, аб шчасці тут, на Поўначы… Якое, чалавек, шчасце, калі ўсё тут на падмане, на трупах і патрэбная барацьба!»

Нават на сямейных фотаздымках, зробленых у Зэльве пасля вяртання з лагера, відаць, хто ў сям'і з’яўляўся галоўным. Муж Ларысы Антонаўны, Янка Геніюш, глядзіць у аб’ектыў стомленымі вачыма, а яна — з усмешкай і ўпартасцю. Сам насам з сабой і перад богам, да якога паэтэса часта звяртаецца ў сваіх творах, асабліва ў «Споведзі», яна магла дзяліцца сумненнямі, перад людзьмі — заставалася прыкладам непахіснасці духу.

Спаленне кніг і эвакуацыя архіва


Ларыса Геніюш

Ларысу Геніюш прызналі далёка не ўсе творцы. Так, на мяжы 1960−1970-х паэтка Еўдакія Лось спаліла першы зборнік Геніюш «Ад родных ніў».

Як мяркуе літаратуразнаўца Анатоль Сідарэвіч, «Лось убачыла ў Геніюш моцную канкурэнтку сабе. А Еўдакія Якаўлеўна прэтэндавала на ролю першай паэткі Беларусі. <…> Канстанцыя Буйло ўжо была старая і жыла далёка, у Маскве. Маладой Жэняй Янішчыц Лось спрабавала апекавацца, паляпваць яе па плячы. Рая Баравікова таксама толькі на літаратурную сцяжыну выходзіла. І вось з’яўляецца імя, выходзіць у Мінску выдатная кніга „Невадам з Нёмана“. Такі ўчынак не змяніў літаратурную іерархію. Ларыса Геніюш і пасля смерці застаецца адным з сімвалаў беларускай паэзіі. А вось Еўдакію Лось ведаюць хутчэй даследчыкі літаратуры».

7 красавіка 1983-га Ларыса Геніюш памерла. А 11 красавіка ў лесе пад Зэльвай людзі ў форме спынілі рафік, на якім знаходзіўся архіў памерлай паэтэсы.

— Іхнія начальнікі наўрад ці ведалі, што самы крамольны яе твор — «Споведзь» — ужо даўно знаходзіцца ў бяспечным і недасягальным для іх месцы, — пісаў даследчык літаратуры Міхась Скобла ў прадмове да збора твораў Геніюш. — Пра існаванне «Споведзі» спецслужбы ведалі напэўна — пра мемуары ёсць неаднаразовыя згадкі ў ліставанні паэткі. Тады, у лесе, ператрусу ці рэквізіцыі архіва ўдалося пазбегнуць — найперш дзякуючы [даследчыку] Адаму Восіпавічу Мальдзісу, які, выпраўляючыся ў Зэльву з адказнай місіяй, змог заручыцца падтрымкай у высокіх інстанцыях. Але, відаць, і дасведчанаму Мальдзісу не прыходзіла ў галаву, што адзін з самых каштоўных рукапісаў Ларысы Геніюш улетку 1982-га, пад покрывам ночы, ужо вынес з Зэльвы археолаг Міхась Чарняўскі.

На жаль, Чарняўскі тады не пераправіў «Споведзь» на Захад.

— Сусветны рэзананс на той час ёй быў гарантаваны. І варыянт замежнай публікацыі разглядаўся — з усяго рукапісу былі нават зробленыя фотакопіі. Не сталася, не адбылося. «Споведзь» прыйшла да чытача толькі ў 1990-м, калі былы выгнаннік і дысідэнт Аляксандр Салжаніцын за свой «Архіпелаг ГУЛАГ» ужо атрымліваў Дзяржаўную прэмію Расіі, — пісаў Скобла.

Але галоўнае — што архіў быў перавезены ў Мінск і ацалеў. Ужо ў нашыя дні невядомыя раней творы Геніюш былі апублікаваныя.

Чаму Ларыса Геніюш засталася ў літаратуры?


Ларыса і Янка Геніюшы з былымі сулагернікамі. Зэльва, 1958 год. Фота: svaboda.org

Адказаць на гэтае пытанне дапамогуць словы Максіма Танка, выказаныя з нагоды зусім іншых творцаў:

— Казімір Сваяк, Вінцук Адважны, іншыя — гэта была група ксяндзоў-беларусаў, якія займаліся то публіцыстыкай, то святым пісаннем, то пісаннем вершаў. Але ўзровень гэтай літаратуры нават заходнебеларускай крытыцы не дазваляў рабіць з іх вялікіх літаратурных дзеячаў. Яны былі добрымі прапаведнікамі нацыянальнай ідэі, але іх творы не дараслі да самой гэтай ідэі, былі ніжэйшыя за яе.

А вось Геніюш жа ўзнялася ад публіцыстычных заклікаў да глыбокіх параўнанняў, абагульненняў, сімвалічных вобразаў.


Непрыгожыя, барадатыя,

З нетраў пушчы ідуць зубры,

На плячох — вехі-грывы кудлатыя

І цяжкія нясуць гарбы <…>

Ўсе прыходзілі, усе іх нішчылі, —

Ад чужынца дабра не пачуць,

А яны грамадою нялічанай

Страпянуцца і зноў жывуць. <…>


Сваёй творчасцю яна ўзняла беларускую ідэю да ўзроўню высокай паэзіі.

«Дапамога сусветнай буржуазіі»


Ларыса Геніюш. Фота: svaboda.org

Праўда, Геніюш так і не была рэабілітавана. У 1999-м Беларускі Хельсінскі камітэт звярнуўся з адпаведным зваротам у пракуратуру. Яе супрацоўнікі пераадрасавалі зварот у Вярхоўны суд. Там адмовілі ў рэабілітацыі, але адмовіліся агучваць прычыны. Маўляў, іх можна паведаміць толькі самой рэпрэсаванай, якая, нагадаем, ужо 16 гадоў спачывала ў магіле.

Нарэшце, у 2017-м Вярхоўны суд зноў адмовіў у рэабілітацыі і спаслаўся на рашэнне 1999 года. Згодна яму, Геніюш нельга рэабілітаваць «за злачынствы, здзейсненыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны, прадугледжаныя артыкуламі 66 і 76 Крымінальнага кодэкса БССР (са зменамі, унесенымі ў 1928 годзе)». Артыкул 66 гучыць як «аказанне любым чынам дапамогі той частцы міжнароднай буржуазіі, якая, не прызнаючы роўнасць камуністычнай сістэмы, <…> імкнецца зрынуць яе». Артыкул 76 тычыцца ўдзелу ў антысавецкіх арганізацыях.

Праўда, гэтыя дзеянні даўно не з’яўляюцца злачынствамі ў сучаснай Беларусі, а ў Крымінальным кодэксе нашай краіны даўно няма адпаведных артыкулаў.

←В Браславском районе живут плавающие аисты. Хотя эти птицы вообще-то не плавают

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика