Награда для передовой работницы

Источник материала:  

Награда для передовой работницы
Па выніках абласнога спаборніцтва па вытворчасці малака сярод аператараў машыннага даення за чэрвень бягучага года трэцяе месца заняла аператар фермы “Велеўшчына” СУП “Пражэктар-Агра” Ірына Пшонка. На адну карову перадавая работніца за чэрвень надаіла 882 кілаграмы малака, што на 123 кілаграмаў вышэй да ўзроўню папярэдняга года.

Намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Канстанцін Голубеў, начальнік аддзела арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці ўпраўлення Ігар Саўчанка і старшыня Лепельскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Сяргей Марціновіч наведалі з прыемнай нагоды СУП “Пражэктар-Агра”.

Прадстаўнікі ўлады выказалі Ірыне Пятроўне шчырыя словы падзякі за плённую працу, павіншавалі пераможцу, уручылі ёй падзяку за подпісамі першага намесніка старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама Уладзіміра Машэры і старшыні Віцебскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Таццяны Яромы і грашовую прэмію. Сваю ўзнагароду за добрасумленную працу жанчына атрымала заслужана. Ірына Пятроўна паказвае выдатны прыклад іншым аператарам малочнатаварных ферм раёна.

Цёпла павіншавала перадавую работніцу таксама старшыня прафкама прадпрыемства Вольга Атвалка.

Аднак на адным віншаванні не абмежаваліся. Пакуль аператары збіраліся на даенне кароў, было вырашана і шмат іншых пытанняў. Летні перыяд у гаспадарцы заўсёды асабліва напружаны, таму была закранута і тэма ўборачнай кампаніі.

Як адзначыла Вольга Атвалка, старшыня прафкама СУП “Пражэктар-Агра”, на прадпрыемстве арганізаваны абеды для працаўнікоў, што рупяцца ў полі амаль да змяркання. Гэта справа наладжана належным чынам. Толькі 30 працэнтаў са сваёй кішэні работнікі аплочваюць двухразовае харчаванне штодзённа, астатняе ж кампенсуецца прадпрыемствам. Сёлета за фінансавыя сродкі прафсаюза закуплены новыя кантэйнеры, посуд, таму ежа дастаўляецца заўсёды гарачая. Вядома, што камфортныя ўмовы працы — надзейная аснова працоўнага поспеху.

У цяперашні час на ферме “Велеўшчына” арганізавана пашавае ўтрыманне жывёлы. 190 рагуль скубуць свежую траву, сярод якой і смачная канюшына, ва ўрочышчы, што за вёскай Далікі. Гэта спрыяе змяншэнню выдаткаў на вытворчасць малака і паляпшэнню яго якасці. На прадпрыемстве заўсёды надаецца ўвага павышэнню прадукцыйнасці малочнага статка.

Хочацца адзначыць, што на добрым узроўні вядзецца і арганізацыя племянной працы. Работнікі клапоцяцца пра статак з самага нараджэння цялушкі. Значная ўвага надаецца паўнавартаснаму кармленню, атрыманню прыросту і іншым крытэрыям. Толькі са станоўчага боку трэба адзначыць працу галоўнага ветэрынарнага ўрача СУП “Пражэктар-Агра” Алега Атвалкі, які штодня клапоціцца пра здароўе жывёл.

Каб у будучым атрымаць шмат малака, аператары машыннага даення надаюць вялікую ўвагу раздою цялушак, ацэньваюць іх прадукцыйнасць. Пры пашавым утрыманні кароў выкарыстоўваецца перасоўная даільная ўстаноўка, якая заўсёды знаходзіцца ў чысціні.

Пабываўшы на прадпрыемстве, адразу адзначыла, што калектыў зладжаны, многія тут працуюць на працягу дзесяцігоддзяў, ужо назапашаны вялікі вопыт.

СУП “Пражэктар-Агра” можа па праве ганарыцца высокімі паказчыкамі працоўнай дзейнасці калектыву. Неаднаразова па выніках абласных спаборніцтваў малочнатаварных фермаў Віцебскай вобласці прадпрыемства выходзіла ў лідары, а аператар машыннага даення Ірына Пшонка па выніках работы была пераможцай у індывідуальных спаборніцтвах. І гэта не проста словы, сведчаннем з’яўляюцца шматлікія дыпломы.

Жыццёвы шлях

Ірына Пятроўна нарадзілася ў вёсцы Велеўшчына. Тут і прайшло яе дзяцінства. Пасля школы паступіла ў Віцебскае ПТВ №16 на пекара-кандытара, але папрацаваць у кулінарнай галіне не давялося. У 1997 годзе, каб не адпрацоўваць па накіраванні ў іншым раёне, змяніла прафесію. Крыху папрацавала ў дзіцячым садзе няняй, а потым стала загадчыцай фермы.

Сын Дзмітрый ужо дарослы, працуе ў філіяле “Лепельскі МКК” ААТ “Віцебскі мясакамбінат”, дачцэ Вікторыі споўнілася чатырнаццаць. Дзяўчынка вучыцца ў Слабадской яслі-сад — сярэдняй школе.

Ніколі жанчына не планавала пераехаць у іншую мясцовасць, тым больш у вялікі горад. Прыцягваюць да сябе мясцовыя прыгожыя краявіды. Бацькі працавалі тут на ферме, маці была цялятніцай, таму Ірына Пятроўна змалку зведала, што акое нялёгкая вясковая праца. Даводзілася дапамагаць па гаспадарцы, часам даіць карову, карміць курэй, свіней і авечак. Быў у вясковых гаспадароў і ладны надзел зямлі, які і зараз жанчына апрацоўвае.

Дзякуючы такім працавітым людзям сельгаспрадпрыемствы нашага раёна атрымліваюць высокія працоўныя вынікі.

Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.

←Ростислав Кример - номинант премии Opus Klassik

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика