«Мёртвым не баліць». Як Васіль Быкаў трапіў пад нагляд КДБ
55 гадоў таму была ўпершыню апублікавана аповесць Быкава «Мёртвым не баліць». З таго часу пісьменнік патрапіць пад пільны нагляд Камітэта дзяржбяспекі не толькі ў Мінску, але і ў Маскве. Яго імя не раз будзе фігураваць у сакрэтных данясеннях камітэта, а яго самога будуць перыядычна выклікаць на «прафілактычныя» гутаркі, адначасова спрабуючы завербаваць людзей з яго блізкага атачэння, піша «Новы час».
Сам пісьменнік гаварыў: «…Мне хацелася нахабна напісаць пра гэта. Проста пісаць. І я не ўяўляў: надрукуюць або не. А калі надрукуюць, то ці пасадзяць мяне, ці выключаць аднекуль, ці яшчэ што, — ніякага ўяўлення я не меў. Я пра гэта не думаў. Не ведаў правілаў гульні».
Задума «Мёртвым не баліць» з’явілася выпадкова. Як прыгадваў Быкаў, будучы праездам з Масквы ў Гродна, ён завітаў у рэдакцыю штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва», дзе заспеў толькі галоўнага рэдактара Нічыпара Пашкевіча. Пачалася размова, у якой Пашкевіч, былы партызанскі камісар і нядаўні выпускнік Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС, праявіў поўны антаганізм думак, якімі поўніўся тады Быкаў. Апроч хіба адной — пайсці і разам выпіць. Ужо ў рэстаране Быкаў распавёў гісторыю свайго ранення ўзімку 1944-га, і Пашкевіч, змораны гаворкай і вячэрай, заўважыў мо ў якасці адчэпнага: «Ну во, амаль гатовая аповесць». Ужо едучы цягніком у Гродна, Быкаў падумаў: чаму б не? І, вярнуўшыся дамоў, засеў за новы твор. Ішоў 1964 год.
«Был бит, но недобит»
«Мёртвым не баліць» сам пісьменнік называў адным з самых аўтабіяграфічных сваіх твораў, бо ў яго падмурку рэальная гісторыя ранення, калі лейтэнант Васіль Быкаў ледзь не загінуў ва ўкраінскім стэпе пад коламі нямецкага танка і доўгі час пасля лічыўся забітым — яго сям’я нават атрымала пахаронку. Больш за тое, ягонае імя пасля вайны значылася на абеліску, што быў усталяваны ва ўкраінскім сяле Вялікая Севярынка.
Сам жа ён пісаў у той час, у 1944-м, у лісце да родных: «Вы беспокоитесь, получив извещение о моих похоронах. Все это чепуха и неправда, как сами видите. Правда, был бит, но недобит и отправлен в госпиталь на ремонт, а не похоронен. Ранение было тяжелое, но благополучно зажило и сейчас все в порядке. Нога находится в хорошем состоянии».
А значна пазней, у 1982-м, ужо больш падрабязна апавядаў у лісце да Лізаветы Сергіенка, дырэктаркі музея ў той самай вёсцы Вялікая Севярынка, у ваколіцах якой Быкаў ледзь не загінуў і дзе будзе створаны першы ў свеце музей ягонага імя: «Мы освобождали Северинку (399 стрелковый полк III СД) в начале января 1944 г., помню, день провели на ее окраине, на кладбище, был бой, немцы вели огонь со стороны Кировограда. К вечеру мы свернули в степь, на гору, за реку, и ночью в степи столкнулись с немецкими танками, которые разгромили наш батальон. Я был ранен в ногу, случайно подобран своими, которые привезли меня в какое-то село (не знаю его названия), оставили в хате санчасти возле церкви, но назавтра оттуда всех нас выбили немцы, и я спасся в последнюю минуту — выполз из хаты и был подобран на последнюю повозку. Все это описано в моей повести „Мертвым не больно“ до того места, где мои герои попадают в плен к немцам. В действительности в плен я не попал — зарылся в скирду соломы».
Мусіць жа, з прычыны аўтабіяграфічнасці галоўны герой аповесці Леанід Васілевіч быў настолькі блізкі пісьменніку, што на палях чарнавой рэдакцыі сустракаюцца такія паметы: «Сахно маўчыць. Старшына вядзе далей. Я гляджу — Сахно бы не чуе», — менавіта так, ад першай асобы, хоць, зразумела, размова ідзе не пра аўтара — пра літаратурны персанаж. Пра галоўнага героя, які першапачаткова быў Васілём Зыкавым, але ў апошні момант быў пераназваны ў Леаніда Васілевіча — вытворную ад імя самога аўтара, які да таго ж быў, як і Быкаў, 1924 года нараджэння.
«Няўмольны, як само наканаванне»
Некалі, яшчэ трыццаць гадоў таму, я запытаўся ў Васіля Уладзіміравіча, ці рабіў ён праўкі, калі яму ўказвалі на ягоныя «памылкі»? «Калі б я і не рэагаваў непасрэдна (хоць я не мог гэтага не рабіць, бо „памылкі“ падкрэсліваліся чырвоным алоўкам і твор не ішоў у набор, пакуль падкрэсленае не было выпраўлена), то падчас працы гэты нябачны рэдактар заўсёды прысутнічаў! Па сутнасці, адбывалася цяжкая барацьба з унутраным цэнзарам», — адказаў пісьменнік.
А яшчэ тады, у 1965-м, ён паведамляў у лісце да крытыка Ванкарэма Нікіфаровіча пра працу над «Мёртвым не баліць»: «А я паціху пішу. Праўда, скончу яшчэ не хутка — праз месяц, другі. Не ведаю, што атрымаецца. Рызыкоўны вобраз асабіста я ўжо перарабіў. Пасля „Пасткі“ рашыў абхадзіць такія павароты, бо ўсё роўна іх ламаюць у рэдакцыях, а гэта горш, чым калі зробіш (паламаеш) сам. Праўда, тое, што хачу, я ўсё роўна скажу. Не праз той, дык праз другі вобраз. Рознай пошасці, на шчасце ці няшчасце, у нас хапае».
Што тычыцца «Пасткі», дык у гэтай аповесці незайздросны лёс: напісаная ў 1963-м, яна была адрэдагаваная ў «Маладосці», аднак апублікаваная не была. «Пастка» дайшла да беларускага чытача толькі ў 1965-м, прычым фінал яе быў перароблены: калі ў ранейшай рэдакцыі галоўны герой лейтэнант Клімчанка, які трапіў у нямецкі палон, канчаў жыццё самагубствам, дык у пазнейшай рэдакцыі не толькі заставаўся жыць, але і быў выратаваны камандзірам роты ад смершаўца. Менавіта за такую канцоўку твора і папракалі аўтара крытыкі, абвінавачваючы яго ў няпраўдзе.
Працуючы цяпер над «Мёртвым не баліць», дзе смершавец быў ужо цэнтральным персанажам, Быкаў, вядома, не мог забыцца пра гісторыю з «Пасткай». У лісце да Нікіфаровіча ён меў на ўвазе гэтую сюжэтную лінію ў «Мёртвым не баліць»: Сахно — Гарбацюк, асабіст — старшыня ваеннага трыбунала. Відаць, менавіта сумны вопыт друкавання «Пасткі» прымусіў яго ўнесці ў апошні момант істотныя праўкі ў чарнавую рэдакцыю «Мёртвым не баліць»: так, у чыставой версіі аповесці Сахно прадстаўлены проста як «штабны афіцэр», хоць спачатку быў упаўнаважаным СМЕРШа.
Увогуле, СМЕРШ Быкаў яшчэ неаднойчы выкрасліў. Гэтаксама як і імёны Сталіна і Берыі. Справа ў тым, што з прыходам да ўлады ў 1964-м Брэжнева дзяржава ўзяла курс на рэсталінізацыю і абяленне імя «правадыра народаў». Таму і паведамляў Быкаў яшчэ на самым пачатку працы над аповесцю паэту і сябру Нілу Гілевічу: «Пішу, але ўжо загадзя прадбачу пераробкі, памячаю ў рукапісу, што дзе не пойдзе, трэба ж яшчэ прадумаць, чым і як замяніць. Карацей кажучы, для друку прыйдзецца спецыяльна апрацоўваць — перакладаць, як апрацоўваюць вершы для песень».
Быкаў і назву вымушаны быў змяніць: адна з працоўных назваў аповесці была «Ноч пасля свята», але галоўны рэдактар «Маладосці» — славуты паэт-франтавік Пімен Панчанка заўважыў, што яна «трохі з падтэкстам». І Быкаў, згаджаючыся, што аповесць з’явілася не ў час («Трэба было раней ці пазней. Цяпер жа на ўсіх хвалях грымяць бравурныя творы пра перамогу, гераізм і авангардную ролю», — пісаў ён Панчанку, маючы на ўвазе святкаванне 25-годдзя Перамогі), вярнуўся да першапачатковай назвы — «Мёртвым не баліць».
Увогуле ў творы ў выніку было зроблена каля 200 купюр. Да прыкладу, было выкраслена не толькі любое згадванне культу і імя Сталіна (яно толькі аднойчы фігуруе, прычым складваецца ўражанне, быццам засталося па рэдактарскім недаглядзе) — па-за межамі публікацый аказаліся і разважанні пра нядаўняе мінулае, «калі сволачы вынішчалі народ», і гэта было «дзяржаўнай палітыкай». Зніклі і афарыстычныя чатыры сказы: «Часы мяняюцца. Вы хацелі паесці сыта. А мы — жыць справядліва. Невялікая, але ўсё ж розніца», якія самім жа аўтарам, мусіць, па патрабаванні рэдактуры былі перапісаны на зусім ужо просценькае: «Калі наясіся досыта, дык захочацца і жыць па справядлівасці».
Ці, скажам, падчас размовы старшыні ваеннага трыбунала Гарбацюка з міліцыянерам першы кажа: «Я сведка! Я чалавек асаблівага даверу. Гэтага дастаткова», аднак міліцыянер не пагаджаецца: «Вы памыляецеся, грамадзянін. Гэтага недастаткова. Не тыя часы». І вось якраз апошні сказ — «Не тыя часы» — у публікацыях адсутнічае. Усяго адзін невялічкі сказ, але якую сэнсавую нагрузку ён нясе! Недарэмна ён аказаўся выкрасленым.
Ці ў эпізодзе, калі маладыя людзі палохаюць адзін аднаго турэмным пакараннем і «крайні ў чорным гарнітуры» гаворыць, што дадуць «пятнаццаць», а другі перапытвае: «Гледзячы чаго? Сутак ці год?» і чуе ў адказ: «Чорта з два — год! Мінулася». І зноў рэдактар трапляе ў цэль, калі выкрэслівае сказ даўжынёй у адно слова, але зноў жа з агромністым падтэкстам: «Мінулася»…
«Менавіта на Быкаве і на яго аповесці „Мёртвым не баліць“ сышліся і перакрыжаваліся дзве самыя магутныя грамадскія тэндэнцыі нашага часу, — пісаў аўтарытэтны крытык Міхась Тычына. — Сталіністы, што пераседзелі ў сваёй ідэалагічнай цытадэлі ўсе вятры „хрушчоўскіх“ змен, мірыліся, пакуль крытыка культу асобы датычылася „мёртвых“ і звержаных ідалаў, і ўстрывожыліся, калі Быкаў у сваёй новай аповесці пачаў прыцэльна і „прамой наводкай“ біць па жывых наследніках смершаўца Сахно… Літаратурных чынушаў і іх лёкаяў асабліва занепакоіла, што аўтар „Мёртвым не баліць“ вельмі ж шчыльна падышоў да разгадкі ўсіх нашых бед і паражэнняў, крыўд і страт, якіх датуль не ведала чалавецтва. Аднак Быкаў ужо зрабіў свой выбар і быў няўмольны, як само наканаванне».
Дзвюх праўд не бывае
Аповесць выйшла ў ліпеньскім і жнівеньскім нумарах «Маладосці» і зрабіла на чытачоў ашаламляльнае ўздзеянне.
Першая крытыка была спрэс спрыяльнай. І толькі праз паўгода ў беларускім друку з’явілася цалкам адмоўная рэцэнзія — яна належала крытыку-вульгарызатару Якаву Герцовічу, які, упікаючы Быкава за матывы асуджанасці («дзесяткі людзей нават не пратэстуюць, калі штабны афіцэр Сахно з меркаванняў перастрахоўкі аднаго прымушае страляцца, другіх без патрэбы гоніць на верную смерць, трэцім атручвае жыццё недарэчнымі пагрозамі»), за «памылковы» погляд на вайну («Васілевіч мог сабе думаць, што сумленна ваявала толькі меншасць, але нідзе ў аповесці няма і намёку на тое, што герой памыляецца») і за «абстрактны гуманізм», у выніку рэзюмаваў: «Шкада, вядома, што ў таленавітага празаіка <…> зрэдку прарываюцца і не ўласцівыя яму ноткі. <…> Галоўнае — не падмяняць вялікую праўду аб вайне малюпасенькай праўдай прыватнага выпадку, казуса, армейскага анекдота. Дзвюх праўд не бывае».
Але гэта была толькі першая ластаўка — вялікая разносная крытыка была яшчэ наперадзе. Яна пачнецца пасля таго, як аповесць у перакладзе па-руску з’явіцца ў часопісе «Новый мир», рэдагаваў які славуты паэт Аляксандр Твардоўскі. У той час гэты часопіс лічыўся адным з ліберальнейшых выданняў у СССР. Таму і сам ён, і ягоны рэдактар былі пастаянным аб’ектам пільнай увагі ні многа, ні мала, а КДБ СССР. І калі браць па вялікім рахунку, то ўсе вялікія непрыемнасці Васіля Быкава пачаліся менавіта пасля з’яўлення ягонага імя ў часопісе Твардоўскага…
Але каб праўдзіва падаць тую першую чытацкую рэакцыю на аповесць, працытуем зноў жа некалькі тагачасных лістоў.
«Вася, дорогой, здравствуй! Только что дочитал твою повесть и не могу придти в себя. Понимаешь, без преувеличения, — я потрясен. Так ще не було, как говорят на Украине, — пісаў той жа Валянцін Аскоцкі. — Теперь уже не только тебя, но и всю „военную прозу“ надо мерить новой меркой — меркой этой повести».
А Грыгорый Бакланаў - той самы Бакланаў, пад уздзеяннем кніг якога Быкаў, па ўласным прызнанні, некалькі гадоў таму зразумеў, як жа трэба казаць у літаратуры пра вайну, — пісаў цяпер: «Не могу сказать, как ты мне близок, как хочется обнять тебя, поблагодарить. Да, им уже не больно. Но боль за них, живущую в нас, быть может, сильней всех выразил ты. Так сильно, что временами, когда читал, сердцу было нехорошо. Физически нехорошо. Есть много вещей, которые впервые сказал ты. Такую обнаженную солдатскую войну не писал еще никто из нас».
Гэтаксама і яшчэ адзін яркі прадстаўнік так званай «лейтэнанцкай прозы», пад уплывам якога і вынайшаў, па сутнасці, свой стыль у літаратуры Быкаў, — Юрый Бондараў пісаў аўтару «Мёртвым не баліць»: «Вещь Вы написали талантливую, яркую, всю как бы сплетенную из обнаженных нервов — лучшую из всех военных вещей, которые я читал в последние годы. <…> …Пишу Вам это письмо с одним желанием — пожать руку».
Зрэшты, падтрымка сяброў, чытачоў і калег па пяры — гэта адзінае, што неўзабаве застанецца Быкаву, бо менавіта пасля публікацыі аповесці ў «Новом мире» і пачалася шматгадовая кампанія шальмавання аўтара «Мёртвым не баліць». Аўтара, якога крытыка назаве прыхільнікам «нелицеприятного реализма» ў літаратуры.
«Отрыжка культовщины»
Першы залп па Быкаву далі свае ж — газета «Звязда» згаданай рэцэнзіяй Герцовіча і «Советская Белоруссия» вялікім артыкулам, у якім разгрому была падвергнута ўжо ўся творчасць гродзенскага пісьменніка. Артыкул быў надрукаваны без подпісу, што ў тыя часы сведчыла пра тое, што ў матэрыяле выкладалася пазіцыя ЦК КПБ.
«Нельзя принимать на веру без серьезных оговорок и многое из того, что пишет В. Быков о войне, — гаварылася ў артыкуле пад недвухсэнсавай назвай „Вопреки правде жизни“. — Иногда доходит до святотатства, до надругательства над тем, перед чем следовало бы благоговейно снять шапку. <…> В некоторых произведениях В. Быкова читателю навязывается неправильное, искаженное представление об истоках массового героизма советских людей в годы войны. В таких повестях и рассказах солдаты целиком и полностью отданы во власть, мягко говоря, неумных, а то и нечестных командиров. <…> Если верить В. Быкову, то победу обеспечило безропотное меньшинство „фронтовых трудяг“, а все остальные имели к ней лишь косвенное отношение. <…> Налет скепсиса пробивается на поверхность даже в лучших повестях В. Быкова — „Третья ракета“, „Измена“. Нелегко героям „Третьей ракеты“ погибать с горькой мыслью о том, что чья-то голова останется в кустах, чья-то грудь будет в крестах, да и не чья-то, а того именно, кто умеет ловчить, спасать свою шкуру ценою жизни товарищей. Повесть „Измена“ — еще одна вариация на тему: подлецам везде привольно, даже на войне».
І напрыканцы знішчальны вердыкт: «Хочется спросить: как случилось, что в Союзе писателей БССР и его литературных изданиях столь долго не замечали, что В. Быков постепенно начинает отходить от жизненной правды, односторонне, а порой искаженно отображать историю Отечественной войны, что, естественно, не способствует воспитанию у народа любви и уважения к Советской Армии, оскорбляет лучшие патриотические чувства наших людей?»
І хоць абараніць аўтара «Мёртвым не баліць» возьмуцца маладыя паэты Генадзь Бураўкін і Анатоль Вярцінскі (напісаўшы ліст у ЦК КПБ з крытыкай артыкула ў «Советской Белоруссии», яны збяруць пад ім больш за паўсотні подпісаў калег, у тым ліку першых тагачасных беларускіх пісьменнікаў: Янкі Брыля, Аркадзя Куляшова, Міхася Лынькова, Івана Мележа), аднак той калектыўны ліст не зможа ратаваць Быкава.
Зрэшты, нічога дзіўнага ў гэтым не было, бо толькі праз шмат гадоў стала вядома, што загад на кампанію яго шальмавання аддаваўся не ў Мінску, а ў Маскве, прычым адной з самых злавесных фігур у камуністычным арэапагу — сакратаром ЦК КПСС Міхаілам Суславым, які пасля зняцця Хрушчова стаў фактычна другім пасля Брэжнева чалавекам у партыі і дзяржаве. Гэта менавіта ён адказваў за пытанні ідэалагічнай палітыкі ў СССР, за кіраўніцтва дзейнасцю СМІ, цэнзуру, культуру і мастацтва. Гэта з яго імем звязаныя ганенні дэмакратычна настроенай інтэлігенцыі: разгром рэдакцыі «Нового мира», выгнанне з СССР Салжаніцына і высылка Сахарава.
І гэта менавіта рэзалюцыя Суслава была накладзена на сакрэтнае данясенне старшыні КДБ СССР Сямічаснага: «Комитет государственной безопасности докладывает о процессах в среде белорусских писателей, вызванных опубликованием и критикой повести В. Быкова „Мертвым не больно“. <…> Некоторые белорусские писатели открыто стали на защиту В. Быкова, считая, что газета „Советская Белоруссия“ выступила необъективно. Заведующий отделом газеты „Литаратура и мастацтва“, член КПСС писатель Г. Буравкин заявил: „„Советская Белоруссия“ перечеркнула творчество В. Быкова и вызвала обратную реакцию среди писателей. Происходит издевательство. После выступления газеты складывается впечатление, что В. Быкова судят как на процессе“. <…> Известный белорусский поэт А. Кулешов назвал статью „отрыжкой культовщины“. Некоторыми писателями предпринимаются конкретные шаги с тем, чтобы публично, на страницах печати выступить в защиту В. Быкова. <…> Повесть В. Быкова привлекла внимание некоторых печатных органов капиталистических стран, которые стремятся использовать ее в пропагандистских целях».
З таго часу пісьменнік патрапіць пад пільны нагляд Камітэта дзяржбяспекі не толькі ў Мінску, але і ў Маскве. Яго імя не раз будзе фігураваць у сакрэтных данясеннях камітэта, а яго самога будуць перыядычна выклікаць на «прафілактычныя» гутаркі, адначасова спрабуючы завербаваць людзей з яго блізкага атачэння: гісторыка Барыса Клейна, літаратуразнаўцу Аляксея Пяткевіча, маладых паэтаў Юрку Голуба і Вольгу Іпатаву. Сам жа ён напіша ў лісце да Ніла Гілевіча: «Дайшлі нават да школ і дзяцей. У школах даводзяць, што Быкаў - гэта гродзенскі Сіняўскі, вораг. І хто? Ведама, кадравыя работнікі КГБ. Пайшлі на прадпрыемствы „с разъяснениями“. З дня на дзень усё горш. Як воўка ў аблаву».
Распачнецца гэты перыяд у жыцці аўтара «Мёртвым не баліць», ад якога будуць чакаць пасыпання галавы попелам і публічнага пакаяння. Але ён скажа: «Пастаўце сябе на наша месца — і вы зразумееце, што выбар у нас невялікі. Пытанне стаіць так: або літаратура, або нелітаратура. Сярэдзіны — няма». Гэтак распачнецца гісторыя аповесці «Мёртвым не баліць», якая дваццаць гадоў затым будзе забароненая. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя. Як казаў адзін з літаратурных крытыкаў, гэта аповесць пра чалавека, які выстаяў.