«Як вы пры такой галечы ў краіне гэткія зарплаты сабе ўзялі?» Падборка гістарычных анекдотаў
У 2017 годзе журналіст і літаратуразнаўца Сяргей Шапран падрыхтаваў да выдання кнігу «Беларускі гістарычны анекдот», у якой сабраў паўтысячы гісторый з удзелам больш за сто вядомых беларускіх пісьменнікаў і дзеячаў культуры і палітыкі. Новую падборку яго анекдотаў апублікаваў «Новы час».
Антановіч і Раман Ярохін
Хоць Іван Антановіч (загадчык аддзела культуры ЦК КПБ, у будучым міністра замежных спраў Беларусі. — Заўвага TUT.BY) і ўстаўляў палкі ў колы Элему Клімаву і Алесю Адамовічу падчас здачы карціны «Ідзі і глядзі» («Фільм амаль геніяльны, — казаў, — але я супраць!»), кінастужку адстаяць усё-ткі ўдалося. Больш за тое, з падачы загадчыка аддзела культуры «Советской Белоруссии» Рамана Ярохіна галоўная газета рэспублікі змясціла станоўчую рэцэнзію на фільм за аўтарствам Уладзіміра Някляева. З гэтай нагоды Антановіч выклікаў Ярохіна ў ЦК:
— Вы самі хоць глядзелі фільм Адамовіча і Клімава? Глядзелі і згодны з меркаваннем Някляева? А ў мяне вось іншая думка…
Пасля чаго паўгадзіны горача і блытана гаварыў пра фільм. А завяршыўшы маналог, паспяшаўся развітацца.
Аднак проста так сысці Ярохін не мог.
— Іван Іванавіч, вы запрасілі мяне абмеркаваць карціну, а замест дыялога — маналог, — казаў ён. — Няўжо я падобны на грыбаедаўскага Малчанава: «Не должно сметь свое суждение иметь»? Калі б вы мяне пераканалі…
— Я выклікаў вас не для пераконванняў! — узняў голас Антановіч.
— А чаму вы лічыце, што менавіта вы маеце рацыю? І нават не дапускаеце думкі, што праўда можа быць на іншым баку?
Адказ на сваё пытанне Раман Ярохін атрымаў праз паўгода — яму было прапанавана выйсці на пенсію.
Невытлумачальнае глупства
Раман Ярохін прыгадваў, як аднойчы сустрэў панурага Адамовіча. Высветлілася, што ён, Янка Брыль і Уладзімір Калеснік збіраюць матэрыял для кнігі «Я з вогненнай вёскі…», але замест спрыяння паўсюдна сустракаюць нават не раўнадушша — мясцовае начальства наўмысна ўстаўляе палкі ў колы.
— Ведае выканкамаўскі начальнік, што да вёскі, куды едзем, сорак вёрст, аўтобусы ў тую глуш не ходзяць, ведае і цягне да позняга вечара рызіну: маўляў, выканкамаўская машына на працы, прыйдзецца крыху пачакаць, — распавядаў Адамовіч. — Гэтае «крыху» і назаўтра паўтараецца. Найбольш прыводзіць у шаленства, калі сам бог раённы — першы сакратар райкома партыі сустракае пытаннем: «З чым завіталі ў мой раён?» Уяўляеш: не ў наш раён, а ў «мой»! Пачынаеш гэтаму «богу» падрабязна распавядаць, навошта прыехалі ў «ягоны» раён, і наноў натыкаешся на невытлумачальнае глупства: «А навошта вам успаміны пагарэльцаў? Хто будзе чытаць такую кнігу?»
Ярохін у той жа дзень распавёў пра ўсё сакратару ЦК Аляксандру Кузьміну, які быў адным з рэдкіх прыстойных людзей ва ўладзе. Ягоная рэакцыя была імгненнай — выклікаўшы памочніка, ён загадаў:
— Пасля дванаццаці буду гаварыць з сакратарамі абкомаў па ідэалогіі!
Ужо назаўтра выпадкова сустрэты Адамовіч свяціўся ад радасці - учорашняй панурасці як ні было.
— Мне тэлефанаваў Кузьмін, папрасіў, як ён сказаў, па магчымасці наведаць яго, — захоплена казаў Адамовіч. — Ён ведае пра нашу задуму, пра нашы пакуты! Ён сказаў, што ніхто цяпер больш не будзе нам палкі ў колы ўстаўляць, наадварот — дапамагаць будуць!
А яшчэ праз пару тыдняў Адамовіч паведаміў з тым жа радасным настроем:
— Па Мінскай вобласці ездзілі - хлебам-соллю сустракалі!
З клопатам пра дзяцей
Рыгор Барадулін пераказваў, як аднойчы падчас тэлеэфіра запыталіся ў першага сакратара ЦК КПБ Яфрэма Сакалова:
— Як вы, партыйцы, пры такой галечы ў краіне гэткія зарплаты сабе ўзялі?!
— А мы чатыры разы адмаўляліся, але зверху настоілі.
— Ну дык аддайце дзецям!
— А мы так і зробім! — нібыта гэтак хітра адказаў Яфрэм Яўсеевіч. — Што вы думаеце, у мяне дзяцей няма? Ёсць у мяне дзеці!
Наступнік
Сустрэў неяк Васіль Быкаў былога першага сакратара беларускага ЦК Слюнькова, які другі год як у маскоўскі Крэмль перабраўся:
— Ваш наступнік проста ненавідзіць інтэлігенцыю, — казаў Быкаў, маючы на ўвазе Сакалова. — Вазьміце яго куды-небудзь на павышэнне ў Маскву.
Слюнькоў абяцаў падумаць. Неўзабаве Сакалова выправілі на пенсію. Разам са Слюньковым.
Лёкайскае
З «Падарожжаў з Мінска ў Маскву і назад» Алеся Адамовіча:
«А гэта ўжо 70-я гады… Мы з Васілём Быкавым выйшлі з новага будынка беларускага Саюза пісьменнікаў, прыкідваем, як, на чым даехаць да ягонага дому. Раптам намеснік загадчыка аддзела культуры ЦК прапануе сваю машыну. Гэта што! — сам жа пабег яе шукаць. Хоць і наш брат пісьменнік, а ўсё ж ЦК, неяк нязвыкла. Вярнуўся ён разгублены: як у ваду канула машына, разам з кіроўцам. Увечары мы пачулі: аказваецца, ён ужо не працуе ў ЦК КПБ. У гэтым разгадка і раптоўнага знікнення чорнай „волгі“: кіроўца, як толькі даведаўся, пакаціў у гараж. Не палічыўшы патрэбным хоць бы дамоў адвезці свайго нядаўняга гаспадара. Помста цалкам лёкайская. Ты начальнік — я дурань. Але калі перастанеш быць начальнікам…»
Аспірант
Крытык Валянцін Аскоцкі прыгадваў. 1966 год. У часопісе «Новый мир» надрукаваная аповесць «Мёртвым не баліць». Выхадзец з Беларусі, трэццякурснік аспірантуры Акадэміі грамадскіх навук Уладзімір Сеўрук узбуджана носіцца па інтэрнаце, трымаючы пад пахай часопіс «Маладосць», дзе ўпершыню й была надрукаваная аповесць, і чапляецца ледзь не да кожнага сустрэчнага:
— Давай пачытаю! З ліста! Уголас! Востра! Выкрывальна!
Неўзабаве Аскоцкага запрасілі на кафедру тэорыі літаратуры і мастацтва.
— Вы чыталі ў «Новом мире» аповесць Быкава? Ваша думка?
Аскоцкі гаворыць узбуджана і горача. Яму ў адказ:
— Вы нам не падыходзіце.
Сеўрук, які прысутнічаў пры размове, толькі загадкава ўсміхнуўся.
А ўжо праз тыдзень на першай паласе галоўнага савецкага афіцыёза — газеты «Правда» — з’явіўся артыкул, у якім кляйміліся і «Новый мир», і быкаўская аповесць. «Гэтая няўдача — вынік сур’ёзных ідэйна-эстэтычных пралікаў пісьменніка», — пісаў аспірант Сеўрук.
Праз злучок
Канец 1970-х. У Маскве рыхтавалася быкаўская кніга «Дажыць да світання» з пасляслоўем Валянціна Аскоцкага. Жадаючы хоць запознена заступіцца за «Мёртвым не баліць», Аскоцкі даў станоўчы водгук пра шматпакутную аповесць і прывёў словы Аляксандра Твардоўскага пра праўду, якая застанецца, калі ўсё мінецца. Але праз нейкі час абухом па галаве: кніга затрымана, аддрукаваны наклад звозіцца ў Маскву і з пасляслоўя выдзіраюцца старонкі. Тыя самыя, дзе пра «Мёртвым не баліць».
Толькі праз шмат гадоў Аскоцкі даведаўся, што распараджэнне выдраць старонкі з упамінаннем «Мёртвым не баліць» сыходзіла ад даўнішняга быкаўскага ганіцеля Сеўрука. Зрэшты, у выдавецтве езуіцкую каманду часткова сабатавалі: выдзірку забароненых старонак правялі для адводу вачэй начальства толькі ў пятай частцы 220-тысячнага накладу.
З таго часу і захоўвалася ў Аскоцкага кніга ў двух экзэмплярах — у адным нумарацыя старонак была звычайная, у другім здвоеная, праз злучок: 661−662, 663−664.