Помните легендарный «Народный альбом»? Делимся воспоминаниями о его создателе

Источник материала:  
24.03.2020 16:46 — Новости Культуры

В январе 2018 года умер Михал Анемподистов — дизайнер, фотограф, график, публицист, автор концепции и текстов «Народного альбома». Его близкие, друзья и знакомые написали книгу «Простыя словы. Міхал Анемпадыстаў». TUT.BY предлагает вашему вниманию воспоминания писателя, художника и издателя Адама Глобуса, которые войдут в эту книгу.


Михал Анемподистов. Фото: nn.by


 

В книгу войдут стихи и песни Анемподистова для «Нового неба» и «Народного альбома», сценарий «Народного альбома» для польского телевидения с конферансом Михала, воспоминания более 60 белорусских и польских авторов, уникальные фотографии Михала, его друзей и знакомых. Заказать издание и поддержать его выход можно на платформе ulej.by.


«Не злоўжываў»

Мастак Міхал Анемпадыстаў ніколі нічым не злоўжываў. Ён быў выхаваны і тактоўны. Не любіў моцных напояў накшталт спірту, віскі ці гарэлкі. У той жа час мог доўга разважаць пра тутэйшыя наліўкі ды віно. Ён нават марыў пра наладжванне выпуску якаснага віна з яблыкаў і сліў у нашай вольнай Беларусі. Хацеў распрацаваць этыкеткі да бутэлек з такім віном. Міхал не любіў хамства, пошласці і экстрыму. Далікатнасць і густ уваходзілі ў спіс яго асноўных прыярытэтаў. Сярод Міхалавых каштоўнасцей яшчэ можна назваць мінімалізм. Ні разу ў жыцці я не чуў, каб ён крычаў ці гучна сварыўся. Стрыманасць і асцярожнасць былі ў ягонай натуры, але гэта не замінала Міхалу быць настойлівым, працавітым і паслядоўным.

Трэба сказаць, што я не сам убачыў Міхалава «не злоўжываў». Гэта заўсёды адзначаў мой брат Мірык, які разам з Анемпадыставым працаваў у рэдакцыях і выдавецтвах.

Міхал не злоўжываў нават прысутнасцю на гэтай зямлі. Сышоў у пяцьдзясят тры. Ён нікога з блізкіх і родных не абцяжарыў ні сваімі хваробамі, ні доўгай старасцю.

Рамонт

Ад адной згадкі пра кватэрны рамонт у звычайнага чалавека псуецца настрой. Вядома, рамонт трэба рабіць. Ад яго нікуды не падзенешся, асабліва ад капітальнага. Жыць у разрусе не па-чалавечы. Таму можна казаць, што большасць рамонтаў робіцца праз прымус і самапрымус. Тут самую звычайную сустрэчу з сантэхнікам адкладаеш, спатканне з электрыкам пераносіш на наступны тыдзень, а пра вялікі кватэрны рамонт і пагатоў думаць не хочацца. Але ёсць людзі, якія любяць рабіць рамонты. Яны любяць хадзіць па будаўнічым рынку. Любяць наведвацца ў крамы накшталт «Зрабі сам» і «Майстравітыя рукі».

Да такіх аматараў рамонту належаў Міхал Анемпадыстаў. Ён меркаваў, што чалавек не можа называцца добрым мастаком, калі яго жытло ў кепскім стане, калі ў яго кватэры і майстэрні не зроблены еўрарамонт. Міхал любіў паразважаць пра якасны плінтус, пра філянговыя дзверы, пра грунтоўку і фарбаванне сцен. Рамонты Міхала радавалі, бадзёрылі і натхнялі. Зайздросная якасць, скажу я вам. Якасць, вартая павагі.

Лінейка

Видео: TVbudzma

Мастак заўжды мае свой улюбёны інструмент, які дапамагае яму ў працы. Зразумела, што ў мастакоў безліч розных прылад і прыстасаванняў, але заўжды ёсць нешта выключнае, самае зручнае і найлепшае.

У майго настаўніка Кіма Шастоўскага такім улюбёным інструментам быў пэндзлік. Такая сабе акуратная маленькая рука з сотняю мяккіх пальцаў. Марк Шагал казаў, што ён — фарба. Анатоль Александровіч усё сваё найлепшае выдрапаў на цынку афортнай іголкай. Сяргей Халамаў казаў, што для яго нічога лепшага за просты аловак не бывае. Яня Зельская працавала на фактурнай акварэльнай паперы… Можна сказаць, што ў кожнага мастака свае сакрэты майстэрства, і адзін з гэтых сакрэтаў — у любові да інструмента.

Любімым інструментам Міхала Анемпадыстава была лінейка. Дарэчы, металічная метровая лінейка вельмі пасавала Міхалу. Ён увесь час нешта нейкае мераў і перамерваў, крэсліў і падкрэсліваў, адмяраў і адразаў. З дапамогай лінейкі Міхал наводзіў парадак. Яна была яго рыцарскім мячом у змаганні з хаосам. Пэўна, таму на супервокладцы сваёй апошняй кнігі «Колер Беларусі» Міхал змясціў шмат розных, і ў тым ліку сталёва-шэрых, лінеек.

Артыстычны псеўданім

У дзяцінстве ён быў сур’ёзным тоўстым хлопчыкам. Любіў сядзець на канапе з цацачным бурым мядзведзікам, ды і сам быў падобны да мядзведзяняці. Калі дарослыя пыталіся пра імя, ён глядзеў ім у вочы і казаў: «Мі Ша!» Ён прамаўляў сваё імя ў два словы. Не проста ў два склады, а ў два выразныя словы. Для самых блізкіх ён і застаўся з гэтым сваім Мі Ша. Для мастакоўскай і атрыстычнай тусоўкі ён прыдумаў сабе псеўданім — Міхал. Тады ўсім нам хацелася «захаднасці», культурнасці і нават арыстакратычнасці. Для яго Заходняя Беларусь і Польшча з Літвою былі каштоўнасцямі, адсюль і Міхал замест Міхаіла і Міхася, адсюль і проста Міхал замест Міхаіла Анемпадыстава і Анемпода. З псеўданімам Міхал і паводзіць сябе трэба было далікатна, і выкшталцонасць трэба было дэманстраваць. У яго атрымлівалася быць Міхалам. Яго любілі і ведалі як Міхала, але мне помніцца і ягонае імя ў два словы — Мі Ша.

Каляды


Фото: ulej.by

У нашым Койданаве, як і ў нашых Наваельні ды Варакомшчыне, галоўным хрысціянскім святам лічыўся Вялікдзень. Фарбаваліся яйкі, пякліся булкі, накрываліся сталы, са сподачка я атрымліваў кавалачак ружовай аплаткі. На Вялікдзень можна было заходзіць у чужыя дамы і атрымліваць пачастунак. Я спяваў кароткую песню пра жачак — чырвонае яечка:

Я — жачак-жачак,

Паўзу, як рачак,

Скачу, як жабка…

Дай яйцо, бабка!

Дахаты я вяртаўся з поўнымі кішэнямі пачастункаў. Толькі ў хатах камуністаў-кіраўнікоў не было булак ды жакаў. Там нам давалі адно шакаладныя цукеркі і крамнае печыва.

Каляды праходзілі ў нашых мясцінах незаўважна. Большасць чакала і сустракала Новы год. Адраджэннем калядавання і святкавання Каляд займаліся хлопцы і дзяўчаты з фальклорных гурткоў.

Міхал Анемпадыстаў наведваў падобныя гурткі і лічыў, што Каляды вартыя таго, каб зноўку стаць усенародным, а не толькі касцёльным святам. Гэтую любоў Міхала да Каляд я і скарыстаў на літаратурным семінары.

У мастацкай майстэрні, якая належала АКМ — аб’яднанню камісійных магазінаў, мы з хлопцамі праводзілі штотыднёвы літаратурны семінар. Мы пісалі апавяданні і лірыку. Абмяркоўвалі напісанае. Дапамагалі адзін аднаму з публікацыямі. Міхал не збіраўся займацца літаратурай, таму не прымаў запрашэнні на семінар, ажно пакуль не пачуў: або ён з намі працуе і піша, або на яго месца мы пачынаем шукаць іншага мастака-афарміцеля. Міхал атрымаў заданне напісаць першае апавяданне ў часопіс для школьнікаў «Бярозка». Ён стварыў каляднае апавяданне. Напісаў выдатна. Твор апублікавалі. Міхал атрымаў ганарар і з першым сваім апавяданнем стаў прафесійным літаратарам.

Нават добрыя справы часам робяцца праз пагрозу і прымус.

Часопісная графіка

У нас шмат даследаванняў пра кніжную і станковую графіку. Нават пра экслібрыс выходзіла асобная кніга. Шкада, што часопісная графіка засталася па-за ўвагаю арт-крытыкаў і даследчыкаў мастацтва. У беларускай часопіснай графіцы былі свае непаўторныя зоркі. У часопісе «Вясёлка» такой зоркай быў Алег Луцэвіч. У часопісе «Маладосць» з’яўляліся выдатныя малюнкі Сяргея Халамава, Леаніда Дубара і Арлена Кашкурэвіча. Часопіс «Беларусь» шмат гадоў аздабляў свае старонкі вытанчанай графікай Анатоля Александровіча, Міколы Селешчука і Валодзі Савіча. У часопісах «Парус» і «Крыніца» шмат гадоў працаваў Косця Вашчанка.

Пра аздабленне кожнага з гэтых выданняў можна ўзгадаць шмат цікавага. Але мне бліжэй за ўсіх мастакі, што працавалі ў часопісе «Бярозка». Пятро Драчоў і Кастусь Шаранговіч, Андрэй Радзівонаў і Андрэй Дубінін, Сяргей Харэўскі і Алена Дашкевіч зрабілі для «Бярозкі» безліч запамінальных разгортак і вокладак. Але я не памылюся, сказаўшы, што часопіс быў самым тыражным і меў самае запамінальнае аблічча менавіта ў 1990 годзе, калі мастацкім аддзелам загадваў Міхал Анемпадыстаў. Яго лагатып часопіса, яго рок-плакаты, яго палосныя ілюстрацыі былі ўзорнымі. Разам з Міхалам у «Бярозцы» працавалі мастакамі Лявон Вольскі і Ігар Варашкевіч. Выхад кожнага нумара быў святам для аўтараў і чытачоў, якіх тады штомесяц збіралася больш за дваццаць тысяч.

Людзі


Фото: ulej.by

Выдавецтва «Валеў», якім кіраваў Жэня Кірылаў, вырашыла выдаваць серыю казак. Першы том склалі беларускія казкі ў перакладах Петнікава. У другі том мы паставілі казачныя гісторыі Свіфта пра Гулівера. Трэці і чацвёрты тамы былі з нямецкімі народнымі казкамі, сабранымі братамі Грым і перакладзенымі на рускую мову тым жа Петнікавым. Я адказваў за падрыхтоўку тэкстаў і малюнкі. Распрацоўку серыйнага аздаблення даручылі Цэслеру. Малюнкі да Свіфта рабіў Войчанка. Малюнкі да братоў Грым — Славук. Малюнкі да беларускіх казак я заказаў Міхалу Анемпадыставу. Ён мне сказаў тады:

— Валодзя, ты ж помніш, што я людзей не ўмею маляваць?

Гэта прагучала па-дзіцячы і кранальна.

— Памятаю. Таму людзей ты намалюеш толькі на вокладку. Зробіш лялечных бандытаў, а ў сярэдзіне будзеш маляваць сваіх любімых цмокаў, пацукоў і замкі з хаткамі.

Толькі Міхал Анемпадыстаў мог, атрымліваючы заказ, спакойна прызнацца, што не ўмее маляваць людзей. Розных людзей нам выдатна панамалёўвалі Войчанка і Славук. Кнігі з ілюстрацыямі Войчанкі і Анемпадыстава выйшлі вялікімі тыражамі ў 200 000 асобнікаў. Малюнкі Славука да казак братоў Грым Жэня Кірылаў згубіў. Акрамя гэтага сумнага здарэння ў гісторыі з казачнай серыяй была яшчэ адна недарэчнасць. Пасля братоў Грым мы запланавалі выданне кнігі японскіх казак «Дзесяць вечароў» у перакладзе Веры Маркавай. Ілюстрацыі да японскіх казак рабіў Сяргей Чарановіч. Шыкоўныя малюнкі Чарановіча і дагэтуль ляжаць у нашым выдавецтве, бо кніга так і не выйшла. Добра хоць тое, што ганарары Маркавай, Славуку і Чарановічу былі выплачаны.

Тры «ха»

У часы заняпаду савецкай імперыі, якія пачаліся з прыходам да ўлады Брэжнева, заквітнеў самвыдат. Забароненыя цэнзураю кнігі хадзілі ў рукапісах. Янка Купала і Алег Бембель, «Сказ пра Лысую гару» і «Лука Мудзішчаў», Набокаў і Булгакаў перадрукоўваліся на папяроснай паперы і таемна перадаваліся надзейным чытачам. У майстэрні Гены Хацкевіча мы зачытваліся Хармсам. Сярод вялікіх аматараў пісьменніка я ведаў трох мастакоў. Яны не проста любілі Хармса, яны яго палюбілі ў часы самвыдата і пранеслі гэтую любоў да дзён сённяшніх. Хармсам захапіліся Ігар Цішын, Лёха Мартынаў і Міхал Анемпадыстаў.

У постаці Міхала заўжды праглядалася нешта хармсаўскае, нешта брытанска-піцерскае, нешта тэатральнае і трагікамічнае. Нават смех у Міхала быў тэатральна-выразны. Смех той складаўся з трох асобных «ха». Анемпадыстаў зачытваў верш Данііла Хармса, рабіў працяглую паўзу і потым выдаваў стрыманае «Ха-ха-ха!». Падобныя тры «ха» былі яшчэ і ў кінематаграфічнага Фантамаса, але ў Міхала смех быў больш цёплы, чым смех зялёнатварага французскага монстра. Ад Хармса ў творы да Міхала перайшлі абсурд, лапідарнасць і гумар. У сваіх тэкстах і малюнках Міхал заўжды быў вясёлым падлеткам, як і яго вечна любімы Данііл Ювачоў — Данііл Хармс.

Праца


Фото: ulej.by

Усё, што мае пачатак, мусіць мець і заканчэнне. Мой першы тэкст для песні быў зроблены дзякуючы Яўгену Эльперу. Ён папрасіў напісаць тэкст у стылі ранніх «Песняроў». Я напісаў. Эльпер зрабіў музыку. Мулявін паабяцаў выканаць наш твор разам з «Песнярамі». Пратрымаў песню больш за год. Эльпер пасварыўся з Мулявіным і перадаў песню «Сябрам».

Так я і пачаў пісаць песенныя тэксты. Мне падабаўся маштаб. Мне падабаліся стадыённыя канцэрты. Мяне радаваў рок-н-рол. Але імперыя зруйнавалася. Паўсталі незалежныя дзяржавы. Рокеры сышлі ў клубы. Замест стадыённага року заквітнеў карчомны і трактирный рок-н-рольчык. Чорная вопратка анархістаў змянілася на тэатральныя касцюмы. Да мяне падышоў Лявон Вольскі і сказаў:

— У Касі скончыліся тэксты. На ўсе твае найлепшыя вершы яна ўжо напісала музыку. Было б добра, каб ты напісаў ёй новы тэкст…

— Сам чаму не напішаш?

— Пішу для «Мроі». Для «Новага Неба» павінен нехта іншы пісаць. Мне так падаецца…

— Хай Міхал піша. У яго выдатна атрымліваецца з гэтымі каструбаватасцямі: «…дарога, дрэва, мур і вуліца ледзь-ледзь»…

Я саступіў Міхалу сваё месца ў «Новым Небе». Саступіў і ніколі пра гэта не пашкадаваў. Як ніколі не шкадаваў, што двойчы ўладкоўваў яго на працу. Першы раз я ўзяў Міхала мастаком у мінскія камісійныя крамы. Нейкі час я быў галоўным аздабляльнікам усіх сталічных камісіёнак. Мне дазвалялася мець аднаго падначаленага. Нейкі час ім лічыўся Міхал Анемпадыстаў. З камісіёнак я перацягнуў яго ў часопіс «Бярозка».

Працавалася з Міхалам добра. Ён быў крыху марудны, але вельмі адказны і ніколі не ствараў імітацыйнай мітусні. Для мяне Міхал заўжды быў майстравітым працаўніком, якому можна даручаць самае складанае, нават напісанне тэкстаў для песні можна даручаць.

«Койданава»

Міхал быў з тых, хто ведае адказы на многія пытанні. Прынамсі, ён сам так лічыў. На спрэчкі з Міхалам выходзіла шмат часу: ён з вялікай цяжкасцю прызнаваў памылкі і мяняў свае перакананні. Таму я стараўся пазбягаць гэткіх доўгіх спрэчак. Нашто? Хай нехта іншы пераконвае Міхала Анемпадыстава ў відавочным. Нават калі ён памыляўся ў рэчах, звязаных асабіста са мною, я не спрачаўся, адкладаў палеміку на будучыя часы. Так атрымалася і з маім апавяданнем «Койданава».

Калі бацька Міхала папытаўся, з кім сын працуе, той сказаў, што з пісьменнікам Адамам Глобусам, і прапанаваў яму прачытаць адно маё апавяданне. Старэйшы Анемпадыстаў прачытаў і сказаў, што яму падабаецца рэалістычнасць і сур’ёзнасць маёй прозы. Міхал пачаў пераконваць бацьку, што ён памыляецца, што я не пішу рэалістычнай прозы, што я наскрозь іранічны, абсурдны і вялікі прыдумшчык. Бацька не пагадзіўся з сынам. Міхал прыйшоў да мяне, расказаў пра спрэчку вакол «Койданава» і папрасіў пацвердзіць, што ён, Міхал, а не ягоны тата мае рацыю.

Я працаваў з Міхалам, а не з яго бацькам Уладзімірам, з Міхалам, які мог рабіцца наравістым і капрызным, як дзіця. Таму я запэўніў свайго супрацоўніка, што, безумоўна, праўда на ягоным баку. З-за рэалістычнасці і сур’ёзнасці апавядання пра мястэчка Койданава ўжо і без Міхала хапала і пакрыўджаных, і зняважаных, і абураных.

Плакаты


Фото: ulej.by

Міхал шмат чым паспяхова займаўся і шмат рознага цікавага і вартага зрабіў, але для мяне ён найперш плакатыст. Міхал прыйшоў у прафесійнае мастацтва ў сярэдзіне 80-х, калі свет пачаў хутка змяняцца. З’явіліся новыя музыкі, новыя літаратары, новыя мастакі… Над старой зямлёю паўстала новае неба. Адным з самых актуальных жанраў тагачаснай культуры стаў плакат. У палітычным і сацыяльным плакаце заззялі зоркі Цэслера і Войчанкі, у рок-плакаце ўзышла зорка Міхала Анемпадыстава. Сцены інтэрнатаў і кватэр пачалі ўпрыгожвацца постарамі культавых рок-гуртоў.

Для «Бонды» Міхал намаляваў залатога пацука, які жарэ бэзавую гітару. Можна сказаць, што гэта быў першы яго шэдэўр і першы рок-плакат у Беларусі. Радавалі і яго тэатральныя плакаты. Усе захапляліся домам-чамаданам для п’есы Мрожака.

Я запланаваў у часопісе з паўмільённым тыражом артыкул пра моднага плакатыста Міхала Анемпадыстава. Пісаць мусіў малады і адпаведны Міхалу журналіст. Я знайшоў журналіста з добрым густам, з прагрэсіўнымі поглядамі на розныя Міхалавы захапленні.

«Яшчэ адно захапленне Анемпадыстава — панк-культура. На ягоную думку, гэта вельмі моцная рэакцыя на шэрасць, манатоннасць, аднастайнасць побыту. Хіба што панк-культура і ўяўляе сёння альтэрнатыву. Дарэчы, адзін з ягоных плакатаў так і называецца — „Альтэрнатыва шэрай сцяне“. Апроч таго, Міхал сцвярджае, што калі прайсці па нашым горадзе і паглядзець на яго ўважліва, дык можна лёгка зразумець, што Мінск — найспрыяльнейшая глеба для зараджэння і развіцця панк-культуры. Міхал любіць панк-рок і ў некаторых сваіх работах выкарыстоўвае тэксты песень панк-груп („Казікавы метамарфозы“). А яшчэ ён любіць Босха і Брэйгеля. А яшчэ — раннеславянскі жывапіс. А яшчэ — сучасную эстонскую літаратуру. А яшчэ… Яшчэ — багата чаго…» — так напісала ў жнівеньскім нумары часопіса «Крыніца» за 1989 год Іра Бяльзацкая, якую шмат хто ведае як Ірыну Халіп.

Папярэднікі

Жыццё так зладжана, што ты з самага дзяцінства пачынаеш звыкацца з думкамі пра смерць. Старыя сыходзяць, на іх месца становяцца маладыя і дарабляюць за старэйшымі недаробленае, здзяйсняюць недаздзейсненае, выконваюць недавыкананае. Надыходзіць час — і ты сам пачынаеш паціху перадаваць вопыт і сакрэты майстэрства сваім наступнікам. Ты бачыш, як недзе наперадзе сыплецца ў магільную яміну пясок. Ты мужна праходзіш праз сустрэчы са смерцю дзядоў і бацькоў.

Раптам прыходзіць вестка пра смерць блізкага чалавека, які быў маладзейшы за цябе. Ён мусіў жыць і жыць, ён павінен быў выканаць тваё недавыкананае, здзейсніць недаздзейсненае, дарабіць недаробленае. Ён спыніўся раней за цябе. Пясок пасыпаўся ў магільную яміну ў цябе за спінаю. Ты згубіў трывалы грунт. Ты апынуўся ў паветры. Цяпер табе давядзецца дарабляць не толькі за папярэднікам, давядзецца дарабляць і за наступнікам, які далучыўся да тваіх папярэднікаў заўчасна, раней за цябе, далучыўся знянацку.

Такія думкі і такія адчуванні былі ў мяне, калі прыйшла вестка пра смерць Міхала. Раней думалася, што ён працягне распачатае мною, а цяпер я працягваю распачатае ім.

←Умер языковед Павел Стецко

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика