Слухаць і чуць сваё

Источник материала:  

З даследавання канадскіх псіхолагаў і неўрафізіёлагаў вядома, што людзі ўспрымаюць як родную тую мову, што чулі ў першыя гады жыцця, нават калі ў свядомым узросте яны сталі размаўляць на іншай.

Даследаванне даказала, што да двух гадоў чалавек вывучае і засвойвае мову натуральным шляхам проста, калі яе чуе. І потым, нават калі змяняецца месца жыхарства, моўны асяродак і чалавек перастае валодаць гэтай мовай, мозг працягвае ўспрымаць тую мову асаблівым чынам. Таму вельмі важна, каб дзеці чулі беларускую мову ад нараджэння. А як гэта зрабіць, калі не кожны дарослы сёння валодае беларускай мовай? У такім выпадку на дапамогу прыходзяць разнастайныя беларускамоўныя праекты, колькасць якіх пачынае павялічвацца.

“Казкі па-беларуску”

Існуе меркаванне, што казкі – справа няшчасных людзей. А вось мне здаецца, што ствараць казкі можа толькі той, хто мае багатую фантазію. Калі вы на YouTube задасце пошук “аудиосказки”, то адшукаеце тысячы казак на рускай мове, агучаных сотнямі аматараў і прафесіяналаў. Іншая карціна з падобным пошукам на беларускай мове: выбар бу-дзе дастаткова малы. Адзін з вынікаў пошуку прывядзе вас да праекта “Казкі па-беларуску”, на пляцоўцы якога запампавана ўжо сем запісаў. У асноўным гэта класічныя творы Х.К. Андэрсана, братоў Грым, В. Гауфа, Л. Кэрала. Ёсць у гэтым шэрагу і казкі У. Караткевіча. Дарэчы, менавіта яны набіраюць рэкордную колькасць праглядаў. У афармленні аўдыязапісаў на фоне маўлення чытальніка гучыць класічная музыка знакамітых кампазітараў. Калі слухаем казкі, адбываецца і знаёмства з выдатнымі класічнымі кампазіцыямі.

Творы ў праекце “Казкі па-беларуску” начытваюць дыктары. Гэта азначае, што зроблена ўсё на добрай беларускай мове, з правільным вымаўленнем, з цікавымі сэнсавымі акцэнтамі, на высокім прафесійным узроўні. Чаму гэта важна? Людзі гавораць на трасянцы, змешваюць пры гэтым рускую і беларус-кую мовы, скажаючы абедзве. Атрымліваецца, што хоць і жывём мы ў Беларусі, а літаратурную беларускую мову чуем недастаткова часта для таго, каб палюбіць яе музычныя пералівы, непаўторную рытміку, цудоўнае вымаўленне.

Дзеці прывыклі глядзець мультфільмы. І не кожны ведае, што слухаць аўдыё не менш займальна і да таго ж яшчэ і карысна. Падчас праслухоўвання неабходна засяродзіцца на аўдыязапісе, што развівае ў дзіцяці ўседлівасць і ўвагу. Актывізуецца тая частка мозгу, якая адказвае за слыхавое ўспрыманне, развіваецца фанематычны слых. Гэта значыць, у далейшым ім будзе лягчэй вывучаць замежныя мовы.

Акрамя гэтага, падчас праслухоўвання аўдыяказкі дзіця ўключае ўласнае ўяўленне і стварае месца апавядання і вобразы герояў сам. Далей ён можа нават пабудаваць свой асабісты свет пры дапамозе малюнкаў, канструктара, падручных сродкаў. Так развіваецца абстрактнае мысленне, робіцца першы крок у самастойнае жыццё, ствараецца шлях да поспеху ў навуках.

Лёгкія і павучальныя сюжэты казак могуць дапамагчы бацькам і ў выхаванні. Падбярыце дзіцяці казку, якая данясе да выхаванца вашу жыццёвую пазіцыю, стане на ваш бок. І тады павучальныя і маральныя высновы не будуць ў цяжар, – вельмі добра, калі матчыны словы пацвярджаюцца і іншымі людзьмі. Вера ў тыя ўстаноўкі, якія даюць бацькі, узрастае. А яшчэ аўдыёказка выдатная няня, бо яна можа заняць дзіця, калі ў вас ну зусім няма часу. Вось і атрымліваецца, што слухаць сапраўды карысней, чым гля-дзець тэлевізар.

Каб авалодаць мовай дасканала, неабходна ўжываць яе ў побыце з дзяцінства. І тады родная мова будзе радаваць нас на працягу жыцця і адкрые нам усе свае таямнiцы. Давайце прывіваць дзецям любоў і павагу да роднага, слухаць і чуць сваё!

Н. ШАПРУНОВА

←Сёння — Міжнародны дзень роднай мовы. Абразкі Янкоўскага

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика