Снежную і марозную зіму адлюстравалі ў сваіх малюнках вучні дзіцячай школы мастацтваў
Сёлетняя зіма, на жаль, не можа парадаваць і дарослых, і дзяцей скрыпучым марозам, бялюткім снегам, серабрыстым інеем. Няма магчымасці дзятве пакатацца на лыжах, імчаць з гары на санках або, апрануўшы канькі, слізгаць па лёдзе.
Вучні мастацкага аддзялення Шаркаўшчынскай ДШМ увасобілі мары аб сапраўднай зіме ў сваіх малюнках. Выстава работ працуе ў дзіцячай бібліятэцы. На яе адкрыццё завіталі навучэнцы сярэдніх школ гарадскога пасёлка, а таксама выкладчык мастацкага аддзялення дзіцячай школы мастацтваў Марына Пятроўна Ліпская. Яе вучні і вучні Віктара Фёдаравіча Крука сталі аўтарамі прадстаўленых работ. Бібліятэкар Людміла Казіцкая засяродзіла ўвагу прысутных на тым, як кожны аўтар малюнкаў па-свойму бачыць зімовае хараство, якія фарбы пры гэтым выкарстоўвае, перадаючы ўласны настрой на кавалку паперы. Тут і снежныя сумёты, і водная гладзь, пакрытая лёдам, і яркі сонечны ранак, які сонечнымі промнямі прабіваецца праз галіны дрэў. Кожны малюнак надае пазітыўны настрой, выклікае ўсмешку. Нават нягледзячы на тое, што за вокнамі ў дадзены момант зусім не зімовае надвор’е, ва ўсіх хто пабываў на адкрыцці выставы, настрой стаў радасны, нібы па-сапраўднаму змог акунуцца ў зімовую марозную казку.