Хто з Казой патанцуе, таму ў новым годзе пашанцуе. Калядаванне ў аграгарадку Клетнае Глускага раёна

Источник материала:  

Хто з Казой патанцуе, таму ў новым годзе пашанцуе. Калядаванне ў аграгарадку Клетнае Глускага раёна

“Добры вечар таму, хто ў гэтым даму. Ці дазволіце нам пашчадраваць?” — сёння не так часта пачуеш у калядны вечар гэтыя словы, ды і не ў кожным доме цяпер гатовы сустракаць калядоўшчыкаў. А ў аграгарадку Клетнае вечарам 13 студзеня калядоўшчыкаў чакалі, сустракалі і шчодра частавалі. У ролі ражаных — культработнікі, удзельнікі народнага ансамбля народнай песні “Вярбічанька”, энтузіясты, звыклыя дарыць людзям свята і добры настрой. Гэта Алена Грамыка, Алена Сапега, Марыя Янкоўская, Таццяна Кудраўцава, Ірына Федарэц, Аляксандр Голуб, Аляксандр Ермакоў і Уладзімір Каўхута.

З песнямі-віншаваннямі, з вясёлымі пляскамі, гармонікам, з прыгожай каляднай зоркай абыходзілі яны вясковыя хаты. Гаспадары сустракалі незвычайных гасцей, запрашалі ў дом, частавалі. І песні калядныя слухалі, падпявалі, і з Казой-весялухай — сімвалам пладавітасці і дабрабыту сям’і — скакалі і танчылі, бо лічыцца: “хто з Казой патанцуе, таму ў новым годзе пашанцуе”. А калі стомленая Каза падала на падлогу, калядоўшчыкі прасілі пачаставаць яе: “Нясі, гаспадар, сала, каб Каза ўстала, бочку хамсы, а наверх каўбасы!” Гаспадыня давала пачастункі, Каза ўставала, і зноў гучалі калядныя спевы, услаўляліся гаспадыня, гаспадар, іх дзеткі і ўнукі, варажылі “цыгане”, прадказвалі добрую будучыню, танцавалі. І з Мядзведзем у гэты вечар весяліліся, яго прыводзілі ў хату, бо ён дае здароўе малым і старым, а мужчынам — сілу. А пасля механоша са словамі: “Сею, сею, пасяваю, з Новым годам паздраўляю!” кідаў зерне ва ўсе куткі, каб хата заўжды была багата, каб на палях быў добры ўраджай. Дарэчы, збіраць зерне, вымятаць яго нельга да наступнага дня, каб не наклікаць няўдачу. Назаўтра зерне трэба аддаць курам, каб добра яйкі неслі. Удзячныя гаспадары шчодра частавалі сваіх гасцей салам, каўбасой, яблыкамі, гарэлкай, печывам, цукеркамі, іншымі прысмакамі і цёпла развітваліся з калядоўшчыкамі да наступнага года.

Сапраўды, вечар 13 студзеня ў Клетным быў шчодрым: шчодрым на добрых людзей, на добрыя словы і песні, на прыемныя ўражанні. “Каляды — адно з любімых у народзе святаў, шчадраванне — адна з самых яркіх традыцый, якая дайшла да сучаснасці, — расказала дырэктар Клятнянскага сельскага Дома культуры Алена Грамыка. — Раней калядоўшчыкі хадзілі ад хаты да хаты, пад вокнамі спявалі велічальныя песні, віншавалі гаспадароў. Калі гасцей запрашалі ў хату, то абавязкова шчодра частавалі, запрашалі за багата накрыты стол. Калядоўшчыкаў чакалі ў кожным двары, адчынялі дзверы і брамку, расчышчалі дарожкі ад снегу. Людзі крыўдзіліся, калі да іх не прыходзілі калядоўшчыкі, яны верылі, што з імі ў дом прыходзяць здароўе, шчасце і багацце, таму не скупіліся на пачастункі, а адмовіць гасцям, не пусціць іх на парог — было тое самае, што пазбавіць сябе дабрабыту на ўвесь наступны год. Штогод мы ходзім калядаваць, пяём песні, якія чулі ад бабуль і дзядуль, ад старажылаў, дзелімся з усімі радасцю і святочным настроем. Нам прыемна, што вяскоўцы любяць і памятаюць гэта свята, чакаюць яго, заўсёды рады бачыць нас, калядоўшчыкаў. Сёлета нас з радасцю сустрэлі Людміла і Генадзь Казюкі, Харэн Аракелян, Галіна і Юрый Марціновічы, Антаніна і Васіль Сулімавы, Марыя Аляксееўна Пятрэня і многія іншыя. Вялікі дзякуй ім за іх гасціннасць і шчырасць. А яшчэ для нас галоўнае — захаваць звычаі, культурную самабытнасць, прадоўжыць традыцыі нашых продкаў”.

Ганна АЎТУХОВА

Фота аўтара

Больш здымкаў глядзіце тут

 (оригинал новости)
←Мертвый сезон мистера Лонсдейла. Невероятная история Конона Молодого

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика