«Усяго даволі, а бяды - ніколі!». Як калядавалі пад Маладзечнам
У вёску Маркова, шта пад Маладзечнам, увечары 7 студзеня завіталі калядоўшчыкі: з Казой, Чортам і нават Мішкам вучоным — кіем хрышчоным. З песнямі і пляскамі яны прайшліся па вуліцах і зайшлі ў некаторыя хаты. Лічыцца, што калядоўшчыкі прыносяць ў хаты дабрабыт, здароўе і багацце. Фотакарэспандэнт TUT.BY Вольга Шукайла паглядзела, як сустракалі вясёлую кампанію на вёсцы.
Этнаграфічны гурток «Кола» ўжо не першы год калядуе ў ваколіцах Маладзечна 25 снежня і 7 студзеня. Каза ды Мядзведь, Чорт ды Дзед — кожны калядны персанаж мае сваё значэнне. Як тлумачыць удзельніца каляднага абраду Наталля Чырвонцава, Дзед — гэта сімвал продкаў. Чорт сімвалізуе ўвесь негатыў, што ёсць у нашым жыцці. Але калі ён уваходзіць у хату, то добрыя сілы заўсёды яго перамагаюць.
Адзін з асноўных калядных вобразаў — Каза. Яна ўваходзіць у хату, скача, стамляецца, падае на падлогу і сімвалічна памірае. Калядоўшчыкі падказваюць гаспадарам, як яе ажывіць: «Трэба даць ёй на кожны ражок — піражок, а на хвасток — сала шматок». Са сталоў ды кухань калядоўшчыкам выносяць цукеркі, мандарынкі, каўбасы ды іншыя прысмакі. Каза ажывае — цяпер яна сімвалізуе сонца, якое нарадзілася. Яна можа скакаць з гаспадарамі, каб у іх хаце ўвесь год быў дабрабыт, здароўе ды багацце. Кіраўніца гуртка Вольга Трубач дадае, што беларусы верылі ў сувязь кола калядоўшчыкаў з продкамі гаспадароў хаты.
Сёння людзі па-рознаму ставяцца да калядоўшчыкаў: адны вітаюць, скачуць і весяляцца, а іншыя лічаць, што нельга спалучаць хрысціянства з паганствам. Як бы там ні было, але Каза ажывае і калядоўшчыкі рушаць далей.