Пабачыла свет кніга, у якой больш за 300 вершаў Яўгеніі Янішчыц надрукаваны ўпершыню
Чарговы дзень нараджэння знакамітай беларускай паэтэсы Яўгеніі Янішчыц, якая нарадзілася 20 лістапада 1948 года, адзначыўся важнай падзеяй: у Пінскай цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася прэзентацыя 3-га тома 4-томнага выдання «Яўгенія Янішчыц. Творы, жыццяпіс, каментарыі».
Нагадаю, што першы том чатырохтомніка выйшаў у свет у 2016 годзе, другі – у 2017-м. Падрыхтавалі кнігу да выдання старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследавання беларускай культуры, мовы і літаратуры, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Святлана Калядка і паэтэса, аднакурсніца і сяброўка Яўгеніі Янішчыц Тамара Аўсяннікава. Унікальнасць 3-га тома ў тым, што сярод 780 прадстаўленых твораў каля 360 вершаў чытач убачыць упершыню.
Трэці том кнігі «Яўгенія Янішчыц. Творы, жыццяпіс, каментарыі» складаецца з раздзелаў «Творы, якія публікаваліся», «Творы з архіваў, музея», «Вучнёўскія і недапрацаваныя творы», «Навуковыя каментарыі» і «Дадаткі».
У першы раздзел увайшлі вершы і песні, што былі апублікаваны ў калектыўных зборніках і “Выбраным”, часопісах і газетных падборках. Раздзел “Творы з архіваў, музея” змяшчае вершы і песні з Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, сямейнага архіва Яўгеніі Янішчыц, атрыманыя ад розных асоб, Літаратурнага музея Яўгеніі Янішчыц на Піншчыне. Тэксты 53 вершаў і песень прадстаўлены ўпершыню.
Дзякуючы падтрымцы сына паэтэсы Андрэя Янішчыца, яе пляменніцы Таццяны Ганчарык і дырэктара літаратурнага музея Яўгеніі Янішчыц у вёсцы Парэчча Антаніны Сідарук аўтары 3-га тома атрымалі доступ да ўсіх магчымых матэрыялаў: ад запісаў вершаў на асобных лістах да машынапісных тэкстаў, гатовых для выдання зборнікаў. Гэта дазволіла прадставіць каля 190 вершаў, якія ніколі не публікаваліся, у падраздзеле “Вершы і песні з сямейнага архіву, з Літаратурнага музея Яўгеніі Янішчыц”.
Асобны раздзел “Вучнёўскія і недапрацаваныя творы” складаецца з вершаў першага рукапіснага зборніка Жэні Янішчыц “Першыя россыпы”, а таксама эпіграмы і вершы, якія ўваходзілі ў нататнік, знойдзены на гарышчы бацькоўскай хаты ў вёсцы Велясніца ў пачатку 2000-х гадоў, кароткія выказванні і двухрадкоўі. Значнай знаходкай, якая адносіцца да 2018 года і ўвайшла ў 3-ці том, стаў нататнік з 16-цю завершанымі і 1-цю сапсаванымі часам эпіграмамі і вершамі, запісанымі Яўгеніяй Янішчыц прыблізна да 1968 года.
У 3-ці том таксама ўвайшлі ўспаміны пра Яўгенію Янішчыц 46 аўтараў, 7 з якіх публікуюцца ўпершыню. Сярод іх паэты, празаікі, журналісты, знаёмыя, а таксама маці паэтэсы. Гэтыя ўспаміны былі запісаны Тамарай Аўсяннікавай.
– Я вельмі рада, што ў гэты том уключаны ўспаміны пісьменнікаў, журналістаў з Берасцейшчыны, – адзначыла Тамара Пятроўна. – Тут і Мікола Панасюк, і Марыя Ляшук, Анатоль Крэйдзіч, Зінаіда Дудзюк і многія іншыя. Таму гэты том вельмі важны для пінчукоў. Мы таксама вельмі ўдзячны Аляксандру Львовічу Ільіну за тое, што ён змог адлюстраваць у сваім артыкуле першыя творчыя крокі Жэні. Апрача таго, сюды ўключылі ўспаміны і артыкулы тых аўтараў, якія былі надрукаваны раней, але не ўвайшлі ў першыя зборнікі. Гэта ўспаміны Генрыха Далідовіча, Віктара Шніпа, Ніны Мацяш, Раісы Баравіковай і іншых. На маю думку, гэтая кніга – адна з самых важных у чатырохтомніку, таму што сюды ўвайшло многа новага, тое, што некалі друкавалася раней, напрыклад, у газетах, часопісах, але з цягам часу забылася ці згубілася.
Тамара Пятроўна расказала ўсім прысутным, чаму 3-ці том атрымаўся менавіта такім, і адказала на ўсе пытанні, але перш за ўсё перадала прывітанне ад калегі Святланы Калядкі, якая, на жаль, не змагла прысутнічаць на прэзентацыі кнігі, але абяцала прыехаць, калі выйдзе 4-ты том.
Тамара Пятроўна адзначыла, што падчас складання кнігі было многа разважанняў над тым, што ўключаць у яе, а што не. Так, папярэдне не планавалася ўключаць у выданне вучнёўскія вершы. Але потым прыйшлі да высновы, што для даследчыкаў, для школьнікаў і наогул для аматараў паэзіі Яўгеніі Янішчыц будзе цікава прасачыць, як развіваўся яе талент, як ён паступова рос, мужнеў, як яна стала высокапрафесійным паэтам. Таксама доўга думалі над канцэпцыяй гэтага тома і вырашылі падаваць творы ў алфавітным парадку, тым больш што Жэня, па словах Тамары Пятроўны, практычна нідзе не ставіла дату напісання. Таму тут сустракаюцца вершы і высокага ўзроўню, і побач могуць быць вучнёўскія.
Тамара Аўсяннікава падкрэсліла таксама, што ў зборніку адзначана, што вершы Яўгеніі Янішчыц перакладаліся і на польскую, і на французскую мовы. І ўжо ёсць дамова з сербскай паэткай Даянай Яшкевіч, якая хутка будзе перакладаць вершы Я. Янішчыц на сербскую мову. Засталося толькі выбраць 50 вершаў.
Тамара Пятроўна расказала, што ўжо распрацавана канцэпцыя 4-га тома выдання, у якое плануецца ўключыць лісты Яўгеніі Янішчыц да родных, блізкіх людзей, сяброў, да паэтаў, журналістаў, яе выступленні і крытычныя артыкулы. Кніга пабачыць свет у хуткім часе, магчыма, у будучым годзе. Тым не менш укладальнікі выдання будуць рады, калі ў каго нешта засталося ад Жэні з яе творчасці, запісаў, чым можна падзяліцца і ўключыць у зборнік.
У прэзентацыі прынялі ўдзел прыхільнікі творчасці Яўгеніі Янішчыц, тыя, хто неабыякавы да яе асобы, родныя і сябры. Гэта пляменніца Яўгеніі Іосіфаўны Таццяна Ганчарык, яе сын Уладзімір, стрыечная сястра Раіса Баран, члены клуба літаратараў Піншчыны «Пінчукі», навучэнцы Пінскага каледжа мастацтваў.
Успамінамі падзялілася пляменніца Я. Янішчыц Таццяна Міхайлаўна. Яна паведаміла, што некалі Яўгенія Іосіфаўна пісала песні для свайго брата Міхаіла, бацькі Таццяны, якія ён спяваў на вяселлях. І вельмі шкадуе, што не запісала іх у свой час, а бацька памёр раптоўна ва ўзросце 63 год. Тамара Аўсяннікава таксама дадала, што Яўгенія Іосіфаўна пісала вершы і нават цэлыя паэмы на палескім дыялекце, пісала ў калгасную газету “Скразняк” эпіграмы на калгаснікаў, але гэтыя творы, на жаль, не захаваліся.
На працягу ўсёй прэзентацыі гучалі вершы Яўгеніі Янішчыц: іх чыталі супрацоўнікі цэнтральная раённай бібліятэкі, члены клуба “Пінчукі”, а песню на яе верш выканаў таксама член клуба літаратараў Піншчыны Віктар Мяцельскі.
Лірыка Яўгеніі Янішчыц – шчырая і спавядальная, гэта святло яе душы. Кожны чалавек знойдзе ў ёй нешта сваё, асабістае. Упэўнены, што яе цудоўнай паэзіі суджана доўгае жыццё.
Іна УРБАНОВІЧ
Фота аўтара
Подпишитесь на «Полесскую правду» в социальных сетях
и будьте всегда в курсе событий