Заўтра, 16 лістапада, на базе Палаца культуры г. Маладзечна адбудзецца ХІІІ абласны фестываль нацыянальных культур, які збярэ прадстаўнікоў розных нацый і народнасцей. Усіх, хто шануе родную мову, захоўвае нацыянальныя традыцыі і звычаі, чакае сапраўднае свята — свята адзінства, дружбы і згоды, бо кожны з яго ўдзельнікаў сваім талентам і творчасцю ўзбагачае не толькі сваю самабытную культуру, але і ў цэлым культуру Беларусі. Каля 130 нацыянальнасцей і народнасцей мірна жывуць і працуюць на нашай роднай Міншчыне, і кожны такі фестываль — гэта сімвал міжнацыянальнай дружбы і міру, духоўнага багацця і яднання нацый.
У свяце бяруць удзел майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, творчыя калектывы грамадскіх нацыянальных аб’яднанняў і індывідуальныя выканаўцы з розных рэгіёнаў Міншчыны. Сярод іх — удзельнікі культурна-асветніцкага аб’яднання ўкраінцаў “Краю” (г. Маладзечна) і культурна-асветніцкага аб’яднання ўкраінцаў “Обрий” (Мінскі раён), удзельнікі Беларускага грамадскага аб’яднання ўкраінцаў “Ватра”, народнае аматарскае аб’яднанне прадстаўнікоў нацыянальных культур “Шматгалоссе” Пячын-скага гарадскога дома культуры Барысаўскага раёна, прадстаўнікі культурна-асветніцкага грамадскага аб’яднання “Саюз палякаў на Беларусі” з Нясвіжа, Стоўбцаў і Івянца, цыганскі ансамбль “Эльпіс” са Слуцка, асобныя выканаўцы армянскай, яўрэйскай, азербайджанскай, узбекскай нацыянальнасцей і інш. На фестываль запрошаны таксама старшыні грамадскіх нацыянальных аб’яднанняў.
Журы правядзе адбор калектываў выканаўцаў для ўдзелу ў заключных мерапрыемствах Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур. Для ўсіх удзельнікаў прадугледжаны дыпломы фестывалю і каштоўныя падарункі.
“НН”.