Заснаваныя два беларускамоўныя часопісы для дзяцей. Ідзе збор грошай на першыя нумары
Рэдакцыя сайта «Наша Ніва» аб’явіла, што будзе выдаваць два беларускамоўныя часопісы: «Асцярожна, дзеці!» (для малодшых школьнікаў) і «Дуду» (для дашкольнікаў). Зараз ідзе збор грошай на друк першых нумароў.
— Яны гатовыя і зарэгістраваныя, — адзначаецца ў каментары рэдакцыі. — Яркія, з коміксамі, раней такога па-беларуску не было. Адзін будзе для дзетак да 6 гадоў, другі — для малодшых школьнікаў. Просім усіх, незалежна ад светапогляду, падтрымаць гэтую справу.
Рэдакцыя плануе сабраць грошы на друк першых нумароў, а далей з продажаў першага нумара аплаціць друк наступнага і так далей.
Новыя часопісы будуць выходзіць штомесячна.
Падтрымаць выданне новых часопісаў можна двума спосабамі. Праз Club.nn.by, на сайце «Нашай Нівы». Там могуць перавесці грошы ўсе, хто зарэгістраваныя на сайце. (Калі карыстальнік знаходзіцца ў сваім акаўнце, трэба выйсці і выбраць «Збіраем грошы на дзіцячыя часопісы»). Таксама можна перавесці грошы праз краўдфандынгавую платформу molamola.by.