«Народ нёс Крыж на руках у Курапаты». Як 30 гадоў таму прайшлі шэсце і мітынг у памяць ахвяр рэпрэсій
29 кастрычніка 1989 года ў Курапатах прайшоў мітынг-рэквіем «Дзяды», другі ў беларускай гісторыі (першы ў 1988-м быў брутальна разагнаны). На ім ўшанавалі памяць людзей, расстраляных у 1930-я гады падчас сталінскіх рэпрэсій. Што адбывалася 30 гадоў таму, вы можаце ўбачыць дзякуючы фотаздымкам Уладзіміра Сапагова.
Уладзімір Сапагоў (1952 — 2012) — беларускі фатограф.
У 1980-я гады ўдзельнік моладзевага дэмакратычнага руху. Выхоўваўся ў дзіцячым доме ў Брэсце, вучыўся ў Маскве. Жыў у інтэрнаце Мінскага трактарнага заводу. Пасля смерці Уладзіміра Сапагова прадстаўнікі адміністрацыі інтэрната выкінулі на сметнік арыгіналы фотаздымкаў. Сябар фатографа, Міхаіл Мякіш, уратаваў негатывы.
У 2015 годзе Цэнтр даследванняў грамадзянскай супольнасці Беларусі арганізаваў фотавыставу Уладзіміра Сапагова, прысвечаную 30-годдзю моладзевага аб’яднання «Талака».
Уладзімір Сапагоў
Я разумеў, што творыцца містэрыя, і шэсце мусіць быць адпаведным, гэта значыць, адпавядаць сімволіцы падзеі, — расказваў «Радыё Свабода» палітык Зянон Пазняк, які адкрыў і даследваў масавыя пахаванні расстраляных у Курапатах. — Яно павінна было мець вобраз і назірацца ў прасторы. Трэба было знайсці трасу, дарогу для гэтага вобразу. І мы знайшлі гэтую дарогу. Памятаю, што я нават прамераў яе з секундамерам у руках.
Мы павялі людзей не вакольна, па вуліцах Каліноўскага ды Сядых, а па пустым касагоры, наўпрост, ад Усходніх могілак, уніз, у пойму рэчкі Слепні і потым праз дамбу, зноў на вуліцу гораду. Гэта была амаль на кіламетр адкрытая мясцовасць, на якой было шмат пешаходных дарожак. Мы выбралі сярод іх такую трасу, якая звівалася хвалямі, як зьмяя, як стужка на ветры. Па дарожцы можна было ісці разам чатыром-пяці чалавекам, і калі дзесяць тысячаў народу выцягнуліся ў даўжэзны ланцуг і пайшлі па касагоры гэтакім бясконцым серпантынам, з Крыжам, сцягамі, харугвамі і кветкамі, пайшлі на Курапаты — відовішча ўзнікла незабыўнае. (…). Галава шэсця была ўжо на Лагойскім тракце, а хвост яго яшчэ спускаўся па серпантыне ад Усходніх могілках. Так было створанае не проста шэсце, а Крыжовы Шлях. Шлях з Крыжам, які на руках нёс народ у Курапаты.
Фотаздымкі з першага шэсця Дзяды прадаставіла пісьменніца Паліна Сцепаненка, якая адкрыла архіў Уладзіміра Сапагова. Рэдакцыя TUT.BY выказвае падзяку праваабарончаму цэнтру «Вясна» за дапамогу ў пошуку здымкаў фатографа, які некалькі год супрацоўнічаў з праваабарончым выданнем «Права на волю».