Я невыпадкова вынесла ў загаловак гэтыя словы, бо прачытала іх у пісьме нашага суайчынніка Мар’яна іосіфавіча Зубовіча, які жыве ў Польшчы. А наведваецца на Нясвіжчыну, бо тут яго карані, бацькі былі з Сейлавіч. У чэрвені госць з суседняй краіны зайшоў у дзённае аддзяленне знаходжання пажылых людзей і інвалідаў Нясвіжскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Яго прыветліва сустрэла загадчыца Н.У. Дзігмунтовіч, паказала ўсе памяшканні, расказала аб рабоце, пажылых людзях, якія наведваюцца сюды, каб цікава і з карысцю правесці вольны час. За кубкам кавы суразмоўцы пагаварылі аб многім. А Мар’яну Іосіфавічу вельмі спадабалася ўбачанае і пачутае. Праз колькі дзён ён зноў прыйшоў у аддзяленне, каб паслухаць гутарку іерэя Васілія з Аношкаўскай царквы на духоўную тэму. Госць быў прыемна ўражаны душэўнай гаворкай святара, яго дыялогам са слухачамі. М.І. Зубовіч, вярнуўшыся ў Польшчу, прыслаў у аддзяленне на імя Н.У. Дзігмунтовіч цёплае пісьмо, у якім падзякаваў за ўсё і выказаў пажаданне прыехаць зноў, нягледзячы на паважаны ўзрост. У канцы допісу наш зямляк выказаў сардэчныя пажаданні суайчыннікам і даслаў невялікую суму на аддзяленне.
Такое пісьмо не можа не крануць, а яшчэ хачу нагадаць, што ў дзённым аддзяленні знаходжання пажылых людзей і маладых інвалідаў сапраўды цікава. Для названай катэгорыі наладжваюцца гутаркі са спецыялістамі розных сфер, святкуюцца дні імяніннікаў, дзейнічаюць гурткі па інтарэсах, праходзяць імправізаваныя канцэрты. І нядаўна спецыяліст Цэнтра Вольга Неваш правяла цікавае мерапрыемства, прысвечанае тром Спасам: мядоваму, яблычнаму і арэхаваму. Прагучалі факты з гісторыі свят, была віктарына, вясёлыя гульні, конкурсы і песні. Усё гэта выклікала ажыўленне ў зале, асабліва актыўнымі былі маладыя інваліды, да іх далучаліся і пажылыя людзі.
А ў жніўні група наведвальні-каў аддзялення ездзіла на экскурсію ў Мірскі замак, а потым дзяліліся прыемнымі ўражаннямі. Арганізоўваліся таксама экскурсіі да помнікаў у памяць герояў Вялікай Айчыннай вайны, у іншыя знакамітыя мясціны нашага краю. У гасцінай аддзялення на століку ляжаць маляўнічыя фотаальбомы, дзе зафіксаваны моманты ўсіх мерапрыемстваў. На калідоры — разнастайная выстава работ гурткоўцаў з прыродных матэрыялаў, карціны.
Я часта наведваю гэты ўтульны дом і лічу яго неабходным для людзей пажылога ўзросту, ды і многія згодны з такой думкай. Тут ёсць самае неабходнае — увага да ўсіх, жаданне зрабіць жыццё пенсіянераў ды інвалідаў цікавым і насычаным, даць ім магчымасць адчуць уласную запатрабаванасць у грамадстве, узняць настрой.
Колькі слоў скажу і аб кругласутачным знаходжанні пажылых і інвалідаў у Лявонавіцкім аддзяленні. Там часта бываюць самадзейныя артысты, у прыватнасці, выступалі хор ветэранаў працы г. Нясвіжа “Аптымісты” і вакальны калектыў “Элегія”, прыязджалі паэты літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі”, супрацоўнікі раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы рэгулярна прывозяць кнігі і часопісы. Спадзяёмся, што жыхарам аддзялення гэта падабаецца, і іх не забываюць. А гэта важна для кожнага чалавека.
Раіса Хвір,
г. Нясвіж.