Да дня бібліятэк. Да вытокаў душой дакрануцца

Источник материала:  

Многім з нас уласціва глыбокая прыхільнасць да роднай зямлі, цікавасць да традыцыйнай культуры, самабытнасці. Актывізацыі краязнаўчай дзейнасці спрыяюць і бібліятэкі. Не стала выключэннем і Красненская сельская, адзін з напрамкаў работы якой — выхаванне ў аднавяскоўцаў павагі да гісторыі, культуры, побыту мясцовасці.

Вёска Краснае багата народнымі традыцыямі і абрадамі, што беражліва захоўваюцца і перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Як і кожнае паселішча, мае сваю адметнасць і гісторыю, якую трэба спазнаць і данесці да людзей. Менавіта такую мэту паставіла бібліятэкар Наталля Баразна. А пачалося ўсё з праекта “Не знікай, мая вёска” і краязнаўчай фотаэкспедыцыі “Адбіткі вечнасці”, у межах якіх былі сабраны матэрыялы аб зніклай вёсцы Кассё (размяшчалася непадалёк ад Краснага) і рэдкія фатаграфіі яе жыхароў. Па гэтых матэрыялах з’явілася кніга памяці сям’і — нарыс “Адбіткі вечнасці”. Наступным этапам стала правя-дзенне на працягу года акцыі “У музей з падарункам”: бібліятэкар прапанавала аднавяскоўцам падарыць рэчы і прадметы, што засталіся ў вясковых хатах ад іх дзядоў і прадзедаў. Як вынік на свет нарадзілася экспазіцыя “Культура і побыт продкаў” — інтэр’ер бібліятэкі аздобіўся змястоўнымі краязнаўчымі куткамі.

Па крупінках збіраючы краязнаўчыя матэрыялы, запісваючы ўспаміны, афармляючы тэматычныя дасье, бібліятэкар прыйшла да высновы стварыць музейна-культурны цэнтр “Мой край. Мой дом. Мае вытокі”. Арганізаваны музейны пакой “Спадчына маёй вёскі”, падрыхтаваны цыкл вандровак па памятных мясцінах красненскай зямлі. З’явіліся матэрыялы аб вёсцы і людзях “Хто ёсць хто ў вёсцы Краснае”.

У межах праекта “Сямейныя фатаграфіі як адлюстраванне гісторыі” праведзена акцыя “Адгукніся, фотаздымак!” па папаўненні фонду старых фатаграфій, створана імправізаваная студыя рэтраздымкаў. Самы актыўны ўдзел разам з бібліятэкарам прымаюць чытачы – дзеці, якія наведваюць пажылых жыхароў вёскі, збіраюць артэфакты.

Зацікавіла землякоў і экспазіцыя “Культура і побыт продкаў”. Жыхары вёскі паказвалі Наталлі шмат рэчаў і адзення 60-80-х гадоў мінулага стагоддзя. І гэта падштурхнула да стварэння ў бібліятэцы рэтрабуціка “Будзем знаёміцца. Я мода…”. Каб наведвальнікі маглі не толькі ўбачыць экспазіцыю, але і даведацца аб развіцці моды, аформлены тэматычныя куткі “Пазнаюць нашу дачку ў андарачку”, “Шапачнае знаёмства”.

Адраджэнне самабытнай беларускай культуры, традыцый, збіранне фальклору разам з чытачамі — яшчэ адзін важны кірунак дзейнасці. Яму прысвечаны этнаграфічны праект “Да вытокаў душой дакрануцца”. Аформлена экспазіцыя “Мазаіка вышыўкі — фантазіі палёт”, сабраны матэрыялы і выдадзены інфармацыйныя буклеты аб фальклоры, песенных традыцыях і гульнях продкаў — ураджэнцаў гэтых мясцін.

Дзейнічае клуб для пажылых чытачоў “Завалинка”, наведвальнікі якога ўдзельнічаюць у сустрэчах з маладым пакаленнем, знаёмяць дзяцей і падлеткаў з побытам беларускай сям’і, жыццём роднай старонкі ў далёкія часы, традыцыямі краю.

Краязнаўства — гэта захапляльная праца, якая патрабуе вялікай аддачы, часу і сіл. Але як прыемна, калі ў бібліятэку ідуць жыхары вёскі і госці — малыя і дарослыя, гледзячы на экспанаты, дзеляцца ўражаннямі, успамінаюць мінулае. А ў дапамогу — кнігі і буклеты, створаныя карпатлівай працай пад началам Наталлі Баразны, якая змагла зацікавіць аднавяскоўцаў гісторыяй роднай зямлі.

Зоя ПЫШНАЯ,

загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу цэнтральнай бібліятэкі.

←Младший брат «Славянского базара». В Витебске придумали новый фестиваль - зимний

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика