80-тысячнага войска Масквы не было. 7 польскіх і расійскіх міфаў пра бітву пад Оршай

Источник материала:  
09.09.2019 15:05 — Новости Культуры

І 80-тысячнае маскоўскае войска, і надзвычайная роля гарматаў - усё гэта міфы пра Аршанскую бітву, якая адбылася 8 верасня 1514 году паміж войскамі Вялікага Княства Літоўскага і Маскоўскай дзяржавы. Гісторык, даследчык бітвы пад Воршай Алесь Казакоў распавёў Свабодзе, як вялікі князь літоўскі кароль польскі Жыгімонт І ў прапагандысцкіх мэтах у разы павялічыў колькасць войскаў, хто насамрэч вырашыў сыход бітвы і пры якіх умовах будзе знойдзена сапраўднае месца Аршанскай бітвы.


Фото: wikipedia.org

Польскія міфы

Усё, што было вядома ў Беларусі пра Аршанскую бітву, да апошняга часу прыходзіла ад польскіх гісторыкаў, кажа Алесь Казакоў. У адрозненьне ад Польшчы, у Беларусі практычна адсутнічае гістарычная школа, якая б вывучала вайсковыя стасункі Сярэднявечча і ранняга Новага часу. А таму ўсе польскія міфы трапілі і ў беларускія выданні.

1. Маскавіты мелі 80-тысячнае войска

«Гэта абсалютна немагчымая колькасць войска. Да напалеонаўскіх войнаў па Беларусі ніколі не хадзілі войскі такіх памераў. Я маю на ўвазе, каб такое вялікае войска было ў адным месцы. Так, напрыклад, падчас вайны 1654−1667 гг. агулам на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага дзейнічалі маскоўскія войскі ў некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. Але на розных кірунках.

У той перыяд нават у значна больш густанаселеных рэгіёнах Еўропы, дзе можна было пракарміць гэтае войска, не збіралася так шмат людзей у адным баі. У Паўночнай Італіі ў гэты час войскі часцей за ўсё не перавышалі 25 тысяч чалавек. Нават у ваенных статутах ХVII стагоддзя пісалася, што прыблізна такая колькасць для войска з’яўляецца аптымальнай. 80 тысяч нязручна з пункту гледжання лагістыкі. Галава калоны ўжо можа дайсьці да наступнай стаянкі, а хвост у гэты час яшчэ не выйшаў з лагеру.

Калі ўявіць, што па ўсходзе ВКЛ, дзе сетка дарог не разгалінаваная, а шчыльнасць насельніцтва нізкая, усё ж рушыла 80-тысячнае войска, якое складалася ў асноўным з кавалерыі… А коням трэба шмат есці. З рэестраў палонных вядома, што біцца на раку Крапіўну прыйшлі людзі з Ноўгарада і Мурама ды іншых гарадоў. Гэта далёкі шлях, у які выпраўляліся з двума коньмі. Проста памножце на два маскоўскае 80-тысячнае войска і 30-тысячнае войска ВКЛ і Польшчы. Плюс абозы — гэта яшчэ некалькі тысяч. Атрымліваецца велічэзная колькасць коней, якім няма як пракарміцца.

Адкуль узяўся такі міф? Яшчэ ў 1513 годзе Жыгімонт І, калі пісаў пра спробы маскавітаў захапіць Смаленск, прыводзіў лічбу 80 тысяч чалавек. Ніхто не ведае, адкуль ён узяў гэтую інфармацыю. Відаць, у 1514 годзе, каб не змяншаць славы перамогі, ён пакінуў памер войска не меншым за той, што быў летась пад Смаленскам. Так і нарадзілася 80-тысячнае маскоўскае войска.

Гэты міф быў разлічаны, як бы сёння сказалі, на вонкавага спажывальніка. Жыгімонту Старому трэба было падвысіць свой прэстыж, паказаць усёй Еўропе, як ён бароніць хрысціянства ад пагрозы з усходу. Гэта такая дыпламатычная гульня і прапаганда.

Таксама такім чынам Жыгімонт І імкнуўся знізіць аўтарытэт Масквы і разбурыць кааліцыю супраць Польшчы і ВКЛ — і гэта яму ўдалося».

2. ВКЛ і Польшча мелі 30-тысячнае войска


Крылатыя гусары. Фото: instapics.ru

«30-тысячнае войска Вялікага Княства і Польшчы — таксама завышаная лічба. Яна паходзіць ад легата Папы Рымскага Якуба Піза. Яго даслалі з Рыма, каб правесьці перамовы ў Маскве і прымірыць маскавітаў з ліцвінамі і палякамі. Аднак ён не даехаў далей за Вільню.

У лісце да свайго сябра Яна Карыцыя Піза паведамляе, што Жыгімонт І для паходу на ўсход сабраў вельмі вялікі абоз, які складаўся з 20 тысяч 4-конных вазоў.

Але не магло такога быць у прынцыпе. У той час у ВКЛ не існавала цэнтральнай сістэмы забеспячэння войска. Паспалітае рушанне мусіла сябе ўтрымліваць самастойна. Як і найміты.

У гэтым жа лісце Піза піша пра 30 тысяч чалавек у войску ВКЛ і Польшчы. Ён выйшаў у Рыме ў зборніку паэтычных твораў на лаціне, а таму разышоўся па Эўропе і стаў вельмі папулярным. Сучаснікі і пазнейшыя храністы абапіраліся менавіта на звесткі Якуба Піза.

Колькі сапраўды магло быць войскаў у бітве? Звесткі, якія выклікаюць давер, сведчаць пра 16−17 тысяч чалавек. Мінус пару тысяч ваяроў, якія засталіся ў Барысаве з Жыгімонтам І.

Што да маскоўскага войска, яго колькасьць больш цяжка ацаніць, бо нават ускосных звестак не захавалася. У кожным разе, 80 тысяч там быць не магло. Можна толькі меркаваць, што маскоўскі бок прынамсі не саступаў непрыяцелю ў колькасці».

3. Усё вырашылі гарматы

«Аўтар гэтага міфа — барон Сігізмунд Гірбэрштэйн. Гэта аўстрыйскі дыплямат, які напісаў першы змястоўны трактат пра Масковію. Ён двойчы праяжджаў праз ВКЛ і стварыў унікальнае апісанне Аршанскай бітвы. Гірбэрштэйн — першы аўтар, хто піша пра засаду, якую падрыхтавалі войскі вялікага гетмана Канстанціна Астрожскага. Такое апісанне выйшла ў 1549 годзе ў лацінскім выданні трактату.

Гірбэрштэйн піша, што бітва ішла з пераменным поспехам, а потым маскавітаў заманілі ў засаду, і адтуль пачалі стрэляць гарматы. У наступным, ужо нямецкамоўным, выданні Гірбэрштэйн дадае, што ў засадзе была артылерыя і пяхота. Але ў Польшчы і ВКЛ не асабліва чыталі нямецкамоўныя выданьні. А таму з першага лацінамоўнага выданьня замацаваліся звесткі пра гарматы.

„Засада“ сапраўды магла быць арганізаваная Астроскім. Бо ў маскоўскіх летапісах паведамляецца, што з лясоў стралялі ваяры. Але не з гармат, а з ручніц.

У тыя часы гарматы сапраўды выкарыстоўваліся ў палявых бітвах. Але даволі часта яны мелі хутчэй псіхалагічны эфэкт. Вайна вялася ў бліжнім баі. А гарматы былі вельмі маруднымі і неэфэктыўнымі. На перазарадку ішло 15 хвілінаў, а трапнасць стрэлу была досыць абмежаванай.

На вядомай карціне, прысвечанай Аршанскай бітве, намалявана 14 гарматаў. Невядома, адкуль аўтар узяў такія звесткі. Нельга выключыць, што гэта сапраўдная колькасць. Але што іх роля не была ключавой, можна сцьвярджаць вельмі ўпэўнена».

4. Месца бітвы


Даспехі таго часу. Фота: swordmaster.org

«Крапівенскае поле, дзе сёння стаіць помнік у гонар Аршанскай бітвы — гэта толькі адна з трох асноўных вэрсій, дзе мог праходзіць бой паміж войскамі ліцвінаў і палякаў супраць маскавітаў.

Першая версія замацавалася ў польскай гістарыяграфіі і потым была перанятая беларускай. Гэта месца, якое знаходзіцца на левым беразе Дняпра, у лукавіне ракі на паўночным усходзе ад Воршы. Па гэтай версіі 'войска Астроскага фактычна знаходзілася заціснутым Дняпром з трох бакоў. Лічыцца, што Астроскі адышоў ад Воршы, пераправіў войска на некалькі вёрстаў вышэй праз Дняпро. І проста каля пераправы адбылася бітва.

Другая версія — на ўсход ад Воршы — абапіраецца на паведамленне Сігізмунда Гірбэрштэйна. Ён піша, што войска пераправілася пад Воршай і адышло ад ракі на 4 мілі на ўсход. Дзесьці паміж Воршай і ракой Крапівенкай.

Трэцяя версія — на ўсход ад Крапівенкі - грунтуецца на паведамленні Усцюжскага летапісу. Летапісец піша, што Астроскі, каб падмануць непрыяцеля, пераправіўся праз Дняпро на 15 вёрстаў вышэй па рацэ. Атрымліваецца раён вусця Крапівенкі.
Мне асабіста вельмі падабаецца трэцяя версія. Нягледзячы на слабыя месцы, яна больш жыццяздольная, чым кананічная польская.

Тэарэтычна можна выявіць сапраўднае месца, але гэта вельмі складана. Трэба сістэматычна, сезон за сезонам, дасьледаваць кожны квадратны мэтар, бо толькі масавыя знаходкі могуць даць падставу для высноваў».

5. Бітва пераламіла ход Літоўска-маскоўскай вайны 1512-​1522 гг.

«Аршанская бітва не прывяла ні да якіх сур’ёзных наступстваў. Яна не пераламала ход вайны, Смаленск вярнуць не ўдалося. Мяркую, так стала таму, што паспалітае рушанне пасьля бітвы не захацела працягваць кампанію. Дакладных лічбаў мы не маем, але адзін маскоўскі летапіс паведамляе, што пасля Воршы Канстанцін Астрожскі прыйшоў пад Смаленск, маючы 6 тысяч чалавек. Хутчэй за ўсё, гэта былі найміты, атрад гаспадарскіх дваран, але без паспалітага рушання.

І хоць стратэгічнае значэнне бітвы было невялікім, на міжнароднай арэне яе неверагодна раскруцілі. Большасць даследчыкаў сыходзяцца ў думцы, што прапагандысцкі эфэкт Аршанскай бітвы быў грандыёзным».

Расейскія міфы

Аршанская бітва не самы папулярны гістарычны сюжэт у Расіі, а таму міфаў пра яе, адпаведна, нн так шмат. Можна казаць хіба толькі пра кнігу Аляксея Лобіна «Бітва пад Воршай 8 верасьня 1514 году». Гэта адзіная на сёння грунтоўная манаграфія, прысьвечаная бітве. Аднак пэўныя памылковыя высновы даследчыка ўжо папулярызуюцца, сьцьвярджае даследчык Аршанскай бітвы Алесь Казакоў.

6. Палякі складалі большасьць войска

«На думку гісторыка Лобіна, беларусам няма чаго святкаваць 8 верасня, бо войска на 2/3 складалася з палякаў. Але на самой справе мінімум палову войска складалі акурат ваяры Вялікага Княства. А хутчэй за ўсё, войска ўласна ВКЛ колькасна пераважала».

7. Страты маскавітаў былі невялікімі


Фота: alexuslob.livejournal.com

«Традыцыйныя лічбы стратаў маскоўскага войска зыходзяць з памеру ў 80 тысяч чалавек. Храністы таго часу паўтаралі, што загінула палова Маскоўскага войска, то бок 40 тысяч чалавек. Плюс некалькі тысяч палонных. Але пра тое, што 80 тысяч пад Воршай не магло быць, мы ўжо казалі вышэй.

Новы міф стварае даследчык Аляксей Лобін. Ён спасылаецца на рэестры маскоўскіх палонных у ВКЛ і сцвярджае, што страты Масквы нязначныя. У рэестрах згадваецца 200 палонных.

Але ёсьць іншыя крыніцы, дзе згадваецца пра 380 палонных, якіх прывялі да караля. Дадаецца, што невядомую іх колькасьць шляхта расхапала і потым развезла па сваіх маёнтках, не дэкларуючы гетману.

Можна меркаваць, што ў рэестры трапіла меншая частка палонных. Бо ў асноўным у тых спісах можна пабачыць набілітэт — баярскіх дзяцей.

Ёсць яшчэ адно ўскоснае сведчаньне вялікіх стратаў Масквы. Гэта тое, што ў палон трапіла большая частка ваяводаў - маскоўскіх камандзіраў. Якім чынам войска магло ў асноўным выратавацца, а большая частка камандзіраў апынуцца ў палоне? Пытанне рытарычнае».

Чаму Аршанскай бітвай можна ганарыцца нават без міфаў

«Я лічу, што нам трэба адмаўляцца ад міфаў, якія грунтуюцца на несапраўдных легендарных звестках. Калі мы сёння бачым доказы, то разумным крокам было б пазбавіцца ад старых міфаў і пабудаваць новы „міф“.

Аршанская бітва ўсё роўна застаецца вялікай з гледзішча шэрагу фактараў. І ў нас дастаткова нагодаў, каб упісваць яе ў топ-10 падзеяў у вайсковай гісторыі Беларусі.
У кожным разе гэта была выдатная перамога. І ня важна, колькі было масквітаў.

Напрыклад, сёння недаацэньваюць тактычныя інавацыі Канстанціна Астроскага пад Воршай.

Гаворка найперш пра выкарыстанне пяхоты з агнястрэльнай зброяй. Раней пяхоту выкарыстоўвалі толькі для абароны ўмацаванняў. І толькі ў канцы XV стагоддзя пяхотнікаў з агнястрэльнай зброяй пачалі ангажаваць у палявых бітвах. Урэшце гэта прывяло да развіцьця тактычнай схемы, якая спалучала пікінэраў і стралкоў.


Фото: staticflickr.com

Хоць у нашым рэгіёне развіцьцё тактыкі ішло іншым шляхам, паспяховае выкарыстанне вялікай колькасці пяхоты з ручніцамі выдатна ўпісваецца ў агульнаеўрапейскі наватарскі трэнд. Яна хавалася ў лясах, адкуль страляла па ворагу. Пры гэтым доля пяхоты Астроскага ў Аршанскай бітве была большай, чым у многіх бітвах, якія лічацца ўзорам новай тактыкі.

У кожным разе бітва была вялікай для свайго часу. Нават калі ўлічваць, што яе рэальныя маштабы значна меншыя, чым гэта было прынята раней. Яна скончылася вельмі яскравым вынікам — катастрафічным паражэннем аднаго з войскаў. У польска-літоўскай пісьмовай традыцыі толькі тры бітвы называюцца „вялікімі“. Гэта Ворскла, Грунвальд і Ворша».

Алесь Казакоў, скончыў гістфак БДУ, даследчык ваеннай гісторыі позняга Сярэднявечча і ранняга Новага часу, аўтар шэрагу навуковых артыкулаў пра бітву пад Воршай.

←В Минске над улицей Куйбышева пустили «надземную ветку метро»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика