Дзе светам кіруе любоў

Источник материала:  

Працавітасць і гаспадарлівасць, якія праяўляюцца ва ўменні гатаваць стравы, прыбіраць у доме, валоданне рознымі відамі мастацтва (вышыўкай, маляваннем), праз якія раскрываюцца ўнутраны свет і творчыя здольнасці, жаданне навучыцца новаму, якое пакуль не пад сілу, дабрыня, адкрытасць, шчырасць, прыгажосць душы, пра якія нават не трэба гаварыць. Такія яны – беларусачкі, прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва – наведвальнікі  аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў і грамадзян пажылога ўзросту Кобрынскага ТЦСАН і Кобрынскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната, якія прынялі ўдзел у традыцыйным конкурсе “Беларусачка-2019”. Арганізатарам яго выступіў Кобрынскі ТЦСАН.  Упершыню мерапрыемства прайшло ў аграсядзібе “Палескія традыцыі”.

Дзе светам кіруе любоў

— Вялікі дзякуй гаспадыні аграсядзібы Ніне Главацкай, якая падтрымала маю ідэю і гасцінна прыняла нас, — дзеліцца загадчык аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў і грамадзян пажылога ўзросту Кобрынскага ТЦСАН Ангеліна Зданкевіч. – Інклюзія – галоўны накірунак у рабоце з людзьмі з інваліднасцю, тым і тлумачыцца выбар, на першы погляд, такога незвычайнага месца для сустрэчы.

Словы падтрымкі, якія выказала ўдзельніцам конкурсу перад пачаткам мерапрыемства начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Кобрынскага райвыканкама Таццяна Бойка, дапамаглі зняць напружанасць і хваляванне, настроіць на пазітыў, які перадаўся таксама і гасцям у зале.

Праз візітныя карткі канкурсанткі паспрабавалі раскрыць свой  унутраны свет. І свет гэты, нягледзячы на абмежаваныя магчымасці, разнастайны, колеры ў ім пераважаюць яркія і чыстыя. Адны знаходзяць асалоду ў вышыванні карцін летняга пейзажу, другія любяць бавіць час з кнігай і перажываць эмоцыі з героямі мастацкіх твораў або ў вольную гадзіну  займацца прыгатаваннем любімай стравы, для некаторых жа магчымасць працягнуць руку дапамогі таму, каму яна яшчэ больш патрэбна, не менш важна, чым свой камфорт.

Быццам працягам для тых, хто не паспеў яшчэ нешта сказаць пра сябе, стаў конкурс па складанні букетаў з кветак. “Вера. Надзея. Каханне”, “Летнія фантазіі”, “Сустрэча”, “Беларусь сінявокая” – назвы кампазіцый, як і самі яскравыя букеты з пяшчотных рамонкаў і загадкавых вяргінь, перадавалі настрой канкурсантак, шчырасць іх пачуццяў і перажыванняў.

З заданнем адгадаць прадмет, які хаваецца за пярэстай абгорткай, беларусачкі справіліся хутка, як і з заданнем сабраць кветкі з паляны. Здзівіла, з якой павагай і жаданнем дапамагчы адносіліся канкурсанткі адна да адной, як тактоўна вялі сябе — спаборніцтва зусім не адчувалася паміж імі.

Дзе светам кіруе любоў

Расчуліў і танцавальны нумар, у якім дзяўчаты разам з партнёрамі, якіх выбіралі з залы, змаглі пакарыць прысутных сваёй пластыкай, адчуваннем музыкі і рытму.

Для журы ацаніць канкурсантак не выклікала цяжкасці, бо кожная з іх  у пэўнай ступені валодае якасцямі, якія даюць права ёй на тытул. Так, выдатным дэкламаваннем верша на беларускай мове Святлана Еўдасюк заваявала сабе тытул самай красамоўнай канкурсанткі. Сціпласць, жаночая сарамлівасць прынеслі Анастасіі Васільевай дыплом самай загадкавай удзельніцы. Наталля Маскалюк пакарыла сваёй ветлівай і шчырай усмешкай, Марына Цеплякова аказалася самай спрытнай, Крысціна Маляк – самай знаходлівай. Арыгінальнасць Аляксандры Бонды ў падыходзе да выканання заданняў таксама была высока ацэнена членамі журы. Тытул самай чароўнай дастаўся Наталлі Цецярук, каралевай ветлівасці стала Алена Нікановіч. Аляксандра Паляціла, якая перажывала за сваю падапечную Наталлю Маскалюк больш, чым за сябе, безумоўна, заслужыла права быць лепшым асістэнтам.

Мерапрыемства не атрымалася б такім святочным і яскравым, каб не яго спонсары: Ніна Главацкая, Кобрынская РА РГА “Белая Русь”, ПУГВП “Нашы вытокі”, Кобрынскі хлебазавод, ПУП “РадОст”, ІП Яромін, якія прыпаднеслі канкурсанткам шмат падарункаў. Як заўважыў адзін са спосараў старшыня Кобрынскай РА РГА “Белая Русь” Раман Мельнік, яны гатовы і надалей супрацоўнічаць са сваімі падапечнымі, падтрымліваць іх і акружаць увагай.

Дзе светам кіруе любоў

Алена БАКУН.

НА ЗДЫМКАХ: конкурсная праграма у разгары, сустрэча добрых сяброў.

←Усталость от милосердия: забота о животных может вогнать в депрессию

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика