Тэме захавання гісторыка-культурнай спадчыны быў прысвечаны семінар, які прайшоў у Шаркаўшчынскім раёне
Ахова гісторыка-культурнай спадчыны з’яўляецца сістэмай дзяржаўных і грамадскіх мерапрыемстваў арганізацыйнага, прававога і эканамічнага характару, накіраваных на зберажэнне, утрыманне і рацыянальнае выкарыстанне культурнай спадчыны. Ахове падлягаюць найбольш адметныя матэрыяльныя аб’екты і нематэрыяльныя праявы чалавечай творчасці.
Менавіта гэтай тэме і быў прысвечаны семінар пад назвай “Зберажэнне гісторыка-культурнай спадчыны малых рэгіёнаў Беларусі і замежжа”, які прайшоў у Шаркаўшчынскім раёне. Ініцыятарам правядзення семінара стала дырэктар сацыяльна-інфармацыйнай установы “Традыцыі і інавацыі Паазер’я” Надзея Дударонак з горада Браслаў.
Плянарная частка мерапрыемства праходзіла ў малой зале райвыканкама. Перад прысутнымі выступіла намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Ірэна Францаўна Бука. Яна расказала пра асноўныя этапы фарміравання і развіцця раёна, пра яго сённяшні дзень.
Арганізатар семінара Надзея Дударонак запрасіла шматлікіх навукоўцаў, якія на прафесійнай аснове займаюцца пытаннямі зберажэння гісторыка-культурнай спадчыны не толькі ў нашай краіне, але і ў замежжы.
Тэмай выступлення загадчыка кафедры сацыяльна-гуманітарных навук і ўстойлівага развіцця Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя Сахарава БДУ Мікалая Плавінскага стала “Праблемы аховы гісторыка-культурнай спадчыны Беларускага Паазер’я і шляхі іх вырашэння”. Мікалай Аляксандравіч займаецца гэтымі пытаннямі ўжо працяглы час, таму ён выказаў свой пункт погляду па азначанай тэме.
Пра гісторыка-культурную спадчыну Шаркаўшчынскага раёна ў сваёй відэапрэзентацыі расказаў першы сакратар райкама БРСМ Міхаіл Пугаўка. Міхаіл Часлававіч у мінулым працаваў настаўнікам гісторыі СШ №1, вёў даследчую работу па вывучэнні помнікаў гісторыі і культуры нашага рэгіёну.
Дапоўнілі Міхаіла Пугаўку бібліятэкары Лужкаўскай бібліятэкі Ірына Машара і Лена Мядзелец. Яны падрабязна расказалі пра помнікі гісторыі і культуры, якія да сённяшняга дня захаваліся ў Лужках і Гарадцы.
У цяперашні час усё глыбей укараняюцца сучасныя лічбавыя тэхналогіі ва ўсе сферы жыцця. Намеснік дырэктара Фонда развіцця Брэсцкай крэпасці Аліна Дзеравянка расказала пра лічбавыя фарматы, якія існуюць для захавання і працы над спадчынай, а таксама пра базы дадзеных, мабільныя прылады і іншае.
Кандыдат гістарычных навук Наталля Сліж падрабязна расказала пра дзейнасць адміністрацыі гарадоў Новы Арлеан і Санта Фэ Злучаных Штатаў Амерыкі ў справе захавання спадчыны. Яна ў сваёй прэзентацыі прывяла прыклады, як на заканадаўчым узроўні рэгулююцца гэтыя пытанні ў ЗША. Дзяніс Тушынскі, намеснік старшыні грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны”, закрануў некаторыя моманты псіхалагічных аспектаў захавання гістарычнай і культурнай спадчыны ў ЗША.
А навуковы супрацоўнік Санкт-Пецярбургскага дзяржуніверсітэта
Віктар Кірэеў растлумачыў, як служба нацыянальных паркаў ЗША сочыць за захаваннем гісторыка-культурнай спадчыны.
Навуковец з Нідэрландаў Антон Шкаруба расказаў пра гэту краіну, у якой ён, пераехаўшы з Беларусі, пражывае ў цяперашні час. Антон Дзмітрыевіч данёс да прысутных інфармацыю, дзе паведаміў пра захаванне гістарычных ландшафтаў у Галандыі.
Удзельнікам семінара цікава было паслухаць дацэнта Пскоўскага дзяржуніверсітэта Расійскай Федэрацыі Вольгу Ліхачову. Яна падрабязна расказала пра шматлікія музеі-запаведнікі Пскоўскай вобласці. У сваёй прамове спынялася на найбольш значных аб’ектах культуры, якія маюць вялікае гістарычнае значэнне.
Мерапрыемства прайшло ў форме сумеснай гутаркі. Дакладчыкам задавалі шматлікія пытанні, атрымоўвалі змястоўныя адказы на іх.
У другой частцы ўдзельнікі семінара наведалі Германавіцкі мастацка-этнаграфічны музей імя Я. Драздовіча, азнаёміліся з адноўленай экспазіцыйнай залай, прысвечанай знакамітаму мастаку і этнографу, а таксама часткова праехалі па турыстычным маршруце “Сцяжынкамі Драздовіча”, які быў адкрыты вясной сёлетняга года.