Капитальный ремонт Шумилинского центра культуры подошёл ко второму этапу
27.08.2019
—
Новости Культуры
У цэнтры ўвагі – Палац культуры
Галоўная культурная ўстанова раёна паціху набывае новае аблічча і ўмацоўвае належны ёй статус.
Але ўсякі раз, калі рамонтныя работы прыціхаюць, людзі пытаюцца ў газетчыкаў: ну, што там, грошы закончыліся, а ўнутры ўсё так і застанецца?
– Грошы не закончыліся, і рамонт працягваецца, – запэўніла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Валянціна Навіцкая. – Пакуль што выкананы асноўныя знешнія работы: цэнтр культуры займеў новы прыгожы дах, адноўлены яго фасад (тэрмашуба, атынкоўка, афарбоўка), заменены вокны, рэканструяваны запасны выхад. Будаўнікамі Шумілінскай ПМК-70 ужо асвоена больш за 750 тысяч рублёў.
– А чаму работы прыпыніліся?
– Работы не прыпыніліся. Зараз мы пераходзім да другога этапу капітальнага рамонту з мадэрнізацыяй. У ліпені падпісалі дагавор з інстытутам “Віцебсксельбудпраект” аб унясенні змяненняў і дапаўненняў па аб’екце ДУК “Шумілінскі раённы цэнтр культуры”. Зараз праект праходзіць экспертызу.
– Хочацца спадзявацца, што праект прадугледжавае сучаснае аднаўленне інтэр’еру Палаца культуры, новае аблічча сцэны…
– Безумоўна. Прадугледжваецца мадэрнізацыя ўваходнай групы, рамонт фае, глядзельнай залы, замена светлавога і гукаўзмацняльнага абсталявання, сцэнічных механізмаў, куліс, а таксама добраўпарадкаванне тэрыторыі.
– Замах салідны. Калі пачнуцца гэтыя работы?
– Як толькі дакументацыя пройдзе экспертызу і пры наяўнасці фінансаў. Самі бачыце, аб’ёмы вялікія і затратныя, за кароткі тэрмін гэта не зробіш. Сёлета на рамонт Цэнтра культуры мы атрымалі 200 тысяч рублёў, каля 33 тысяч з гэтай сумы пайшлі на рамонтныя работы, у 131 тысячу абыдзецца вышэй адзначаны праект. Так што на гэты год засталося нямнога, калі не будзе ніякіх карэкціровак.
– Ну, улічваючы, што ў 2021 годзе ў Шуміліне заяўлены “Дажынкі”, Цэнтр культуры, думаецца, будзе ў шэрагу першых аб’ектаў, гатовых ва ўсім ўзбраенні (і знешне, і творчым напаўненнм) сустрэць гэтае свята.
– Мы таксама на гэта спадзяемся. Адкрыцця адноўленага Цэнтра культуры з нецярпеннем чакаюць і гледачы, але яшчэ больш – нашы творчыя калектывы, якія зараз вымушаны працаваць у прыстасаваных памяшканнях.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №67 ад 27.08.2019 г.