Урады ўсходнееўрапейскіх краін у выгнанні - куды яны падзеліся?
22 жніўня 1992 году прэзідэнт Украінскай Народнай Рэспублікі ў выгнанні, Мікола Плаўюк, склаў паўнамоцтвы, перадаўшы іх прэзідэнту Украіны Леаніду Краўчуку. Гэта было часткаю збольшага сімвалічных працэсаў, што ў той час адбываліся ў некаторых краінах Усходняй Еўропы, якія толькі што аднавілі сваю незалежнасць. Прапануем вам паглыбіцца ў гісторыю такой малавядомай палітычнай з’явы як урад у выгнанні.
Што такое ўрад у выгнанні
Урадам у выгнанні звычайна называюць палітычную групу, якая прэтэндуе на кантроль над тэрыторыяй адпаведнай краіны, але з палітычных прычынаў вымушаная фізічна заставацца за межамі гэтай краіны — звычайна ў іншай краіне са згоды яе ўладаў. Дастаткова часта такія ўрады фармуюцца кіраўніцтвам, якое сапраўды нейкі час мела палітычны ўплыў і кантроль над тэрыторыяй, але ў выніку нейкіх палітычных падзей гэты кантроль страціла. Вядомыя прыклады з сусьветнай гісторыі - урад Чан Кайшы ў Тайвані альбо ўрады ў выгнанні, створаныя канфедэратамі пасьля таго, як тыя прайгралі ў Грамадзянскай вайне ў ЗША.
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі ў выгнанні
Рада БНР лічыцца найстарэйшым у сьвеце ўрадам у выгнанні - яна старэйшая за ўрады незалежнага Тыбэту альбо дарэвалюцыйнага Ірану. У выгнанні Рада БНР застаецца ад 1919 году, калі на тэрыторыі Беларусі ўсталявалася бальшавіцкая ўлада.
Кіраўнічыя органы БНР у розныя гады мелі сядзібу ў Літве, Нямеччыне, Латвіі, Чэхіі. У тыя часы Рада БНР спрабавала данесці да сьвету інфармацыю аб існаванні беларускага народу, аб яго правах на сваю незалежную дзяржаву. Пасля Другой сусьветнай вайны Рада аднавіла сваё існаванне ў эміграцыі.
Намаганьнямі Рады БНР былі створаны культурныя цэнтры для беларусаў на замежжы (у Лёндане, Нью-Ёрку, у Нямеччыне), адстойваліся інтарэсы беларусаў у ЗША, была створана беларуская служба Радыё Свабода, у 80-е гады зьбіраліся грошы на дапамогу ахвярам выбуху на Чарнобыльскай АЭС.
Пасьля абвяшчэння Беларуссю незалежнасці ў 1991 годзе, выказваліся прапановы перадаць сімвалічныя паўнамоцтвы Рады БНР ураду незалежнай Беларусі. Аднак тады Рада БНР прыняла рашэнне пачакаць. Пасля прыходу да ўлады ў 1994-м годзе Аляксандра Лукашэнкі Рада БНР ад гэтай ідэі адмовілася і працягвае сваё існаванне як урад у выгнанні.
Урад Грузінскай Дэмакратычнай Рэспублікі ў выгнанні
Незалежная грузінская дзяржава была створана тады ж, калі і БНР, але пратрымалася некалькі даўжэй — да 1921 году, калі тэрыторыю краіны занялі бальшавіцкія войскі.
Усю сваю нядоўгую гісторыю дзяржава кантралявалася сацыял-дэмакратычнай партыяй Грузіі, ад чаго ў савецкай гістарыяграфіі часам сустракаўся тэрмін «меншавіцкая Грузія».
Адразу пасьля захопу краіны бальшавіцкім войскам, кіраўнікі незалежнай Грузіі арганізавалі ўрад у выгнанні, які да 1954 гаду знаходзіўся ў Францыі і зваўся «Нацыянальным урадам Грузіі». Урад у выгнанні, разам з камітэтам па аднаўленні незалежнасці Грузіі, які дзейнічаў у самой краіне, змог падняць паўстанне ў жніўні 1924 году. Гэтае паўстанне было апошняй спробай аказаць збройны супраціў савецкай уладзе да пачатку Другой сусветнай вайны — у выніку яно было задушанае, а яго ўдзельнікі або забітыя, або арыштаваныя.
Пра спадчыну першай грузінскай рэспублікі ўзгадалі ўжо напярэдадні аднаўлення незалежнасьці Грузіі ў 1980-я гады. Дзень абвяшчэньня першай рэспублікі стаў дзяржаўным святам, якое грузіны і сёння сьвяткуюць. Тады ж было прынятае і рашэнне вярнуць старую дзяржаўную сімволіку — сцяг і герб першай грузінскай рэспублікі выкарыстоўваліся да 2004 году, калі іх замянілі на сучасныя, натхнёныя сімваламі сярэднявечнай Грузіі. У адрозьненне ад Украіны, ніякай перадачы паўнамоцтваў не адбылося, бо на момант абвяшчэння незалежнасьці Грузіі ад СССР урад у выгнанні ўжо не існаваў.
Дыпламатычныя місіі краінаў Балтыі
У адрозьненне ад сваіх суседзяў, у Літвы, Латвіі і Эстоніі склалася крыху іншая сітуацыя — многія краіны свету (асабліва на Захадзе) не прызнавалі анэксіі гэтых краінаў СССР. Амбасады балтыйскіх краінаў працягвалі сваю працу ў ЗША да аднаўленьня іх незалежнасці. ЗША на працягу ўсей акупацыі не прызнавалі савецкую ўладу ў краінах Балтыі, а ўсе фінансавыя актывы, якія належалі даваенным урадам гэтых краін, былі замарожаныя, каб пазбегнуць перадачы іх СССР.
Такім чынам, Літва і Латвія не мелі сваіх урадаў у выгнанні - гэтую ролю выконвалі даваенныя дыпламатычныя місіі, якія моцна супрацоўнічалі з дыяспарай і падтрымлівалі ўцекачоў з Літвы і Латвіі ў пасляваенныя гады. Толькі Эстонія мела свой урад у выгнанні - ён меў сядзібу ў Осла і меў пераважна сімвалічную функцыю, бо ўсе дыпляматычныя адносіны падтрымліваліся эстонскім кансулятам у Нью-Ёрку. Самі дыпламатычныя місіі Эстоніі не прызнавалі гэты ўрад — тым не менш, калі Эстонія аднавіла сваю незалежнасьць, адбылася фармальная цырымонія перадачы паўнамоцтваў.
Урад Польшчы ў выгнанні
Урад Польшчы ў выгнанні быў створаны ў выніку акупацыі краіны нацысцкай Нямеччынай і Савецкім Саюзам у 1939 годзе і праіснаваў за мяжой да 1990-га году, калі апошні прэзідэнт лонданскага ўраду Польшчы, Рышард Качароўскі, перадаў паўнамоцтвы Леху Валэнсу — першаму прэзідэнту посткамуністычнай Польшчы. Урад пераяжджаў за ўвесь час свайго існавання ўсяго некалькі разоў - спачатку ў Парыж, потым у Анжэ, а з 1940 году дзейнічаў у Лондане.
За 50 гадоў свайго існавання гэты ўрад ня толькі прадстаўляў інтарэсы польскага народу на Захадзе, але і паспрыяў заснаванню польскіх вайсковых адзінак падчас Другой сусьветнай вайны. Напрыклад, Армія Андэрса, створаная на тэрыторыі СССР і ў шэрагах якой ваявалі і беларусы (у тым ліку і Вінцэнт Жук-Грышкевіч — старшыня Рады БНР у 1971−1982 гадах), была падпарадкаваная лонданскаму ўраду Польшчы. Польская падпольная дзяржава, якая функцыянавала на акупаванай немцамі тэрыторыі Польшчы, мела непасрэднае дачыненне да ўраду ў выгнанні, які ў сваю чаргу слаў у саму Польшчу сваіх дэлегатаў. Планаванне Варшаўскага паўстання 1944 году таксама было ініцыятывай ураду ў выгнанні. Сёння на месцы былой лонданскай штаб-кватэры польскага ўраду ў выгнанні вісіць памятная шыльда і працуе музэй.
Урад Украінскай Народнай Рэспублікі ў выгнанні
Пасьля таго як УНР канчаткова спыніла сваё існаванне ў канцы 1920-га году, усе органы ўлады перабраліся спачатку ў Польшчу, а пасля і ў Чэхаславаччыну (дзе падтрымліваліся адносіны з урадам БНР у выгнанні), Нямеччыну, Францыю і, нарэшце, у ЗША, дзе гэты ўрад праіснаваў да абвяшчэньня незалежнасці ўжо сучаснай Украінай.
Пасля Другой сусьветнай вайны ўрад УНР дзейнічаў як культурны цэнтр, які аб’ядноўваў украінскую дыяспару ў краінах Захаду і захоўваў пераемнасць украінскай нацыянальнай дзяржаўнасці.
Эпоха УНР скончылася ў 1992-м годзе, калі прэзідэнт Украінскай Народнай Рэспублікі Мікола Плаўюк перадаў свае паўнамоцтвы прэзідэнту Украіны Леаніду Краўчуку.