Знакаміты тэатральны бестселер «Радзіва «Прудок» прывезлі купалаўцы ў Пінск
20 ліпеня ў Пінскім гарадскім цэнтры культуры і творчасці быў аншлаг: тут у рамках унікальнага гастрольнага тура “Палескія хронікі” ішоў спектакль Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы “Радзіва “Прудок”.
Усе білеты на юбілейны, 50-ы паказ спектакля былі распрададзеныя яшчэ задоўга да прыезду купалаўцаў. Пінск – другі пасля Брэста горад, куды разам з турам “Палескія хронікі” прывезлі знакаміты тэатральны бестселер. Спектакль Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы “Радзіва “Прудок” створаны па аднайменнай кнізе пісьменніка Андрэя Горвата. У ёй у фармаце мастацкіх Facebook-дзённікаў аўтар расказвае пра свой пераезд з Мінска ў хату свайго дзеда ў вёсцы Прудок, што на Гомельшчыне, пра вяртанне да каранёў і роднай зямлі. Выдадзеная ў 2017 годзе кніга з’яўляецца адным з самых папулярных твораў сучаснай беларускай літаратуры.
Рэжысёр Раман Падаляка.
Спектакль запамінаецца бліскучай акцёрскай работай Міхася Зуя, Дзмітрыя Есяневіча і Святланы Анікей. Цікава, што акцёры пераканаўча змаглі ўвасобіць па некалькі яркіх і каларытных персанажаў – напрыклад, Святлана Анікей цудоўна выканала 8 роляў! Дзея разгортвалася ў Цэнтры культуры і творчасці. Аднак гледачы размясціліся не ў зале, а паабапал сцэны, так што своеасаблівую камерную атмасферу з эфектам прысутнасці, калі акцёры знаходзяцца на адлегласці выцягнутай рукі, можна было адчуць на ўсе сто працэнтаў. Рэжысёр прапанаваў адправіцца разам з героямі ў “космас” – гэтую тэму падкрэслівалі светлавыя праекцыі і відэапраектары ў выглядзе зорнага неба, а таксама дэкарацыі і музыка.
Галоўны герой спектакля – малады чалавек, які працаваў дворнікам у Купалаўскім тэатры. Ён вырашае пакінуць сталіцу і пераязджае ў палескую вёску Прудок, як быццам бы на новую планету. Паступова ён адкрывае для сябе зусім новы свет – у ім перапляліся аднаўленне дзедавай хаты, наладжванне вясковага быту, няпростыя жыццёвыя гісторыі аднавяскоўцаў, роздумы галоўнага героя аб лёсе і сэнсе жыцця. У спектаклі шмат гумару, тонкай іроніі, філасофскіх разважанняў. Героі прадстаўлены так удала, што кожны глядач можа пазнаць у іх сваіх бацькоў, бабуль, суседзяў, сваякоў. Аўтар прымушае задумацца аб сваім мінулым, аб родных мясцінах, дзе ты рос, аб каханні і адзіноце, аб “гене паляшуцкасці” і непарыўнай сувязі з маленькай радзімай. Думка, якую сцвярджае Андрэй Горват, простая: каб знайсці сябе і сваё месца ў гэтым свеце, трэба вярнуцца туды, адкуль пачаўся твой род, – да сваёй зямлі. Гэта гісторыя не пра вяртанне да плуга і касы, а пра вяртанне да сябе праз вёску, дзе жылі твае продкі, дзе зашыфраваны наш “культурны код”, дзе ты набіраешся сіл, маеш “адчуванне дома” і можаш быць па-сапраўднаму шчаслівым. Усё гэта прадстаўлена тонка і душэўна, з вялікай цеплынёй, што не можа не пакінуць глыбокага следу ў сэрцах гледачоў. Пінчане таксама былі пад вялікім уражаннем ад спектакля і доўга дзякавалі акцёрам Купалаўскага тэатра за падораныя эмоцыі гучнымі апладысментамі.
Акцёры Дзмітрый Есяневіч, Святлана Анікей, Міхась Зуй
падчас прэс-канферэнцыі.
– Работа над спектаклем “Радзіва “Прудок” была для нас вялікім задавальненнем, бо мы ажыўлялі на сцэне гісторыю нашага былога калегі і добрага сябра Андрэя Горвата. І тым больш прыемна, што гэту пастаноўку чакаў поспех, на які ніхто з нас напачатку нават не разлічваў. Сёння гледачы ўбачылі наш спектакль у 50-ы раз. І, на мой погляд, вельмі сімвалічна, што адбылося гэта менавіта тут, на Палессі, так блізка ад мясцін, дзе праходзіць дзеянне “Радзіва “Прудок” і дзе яго аўтар і галоўны герой знайшоў свой дом і свой Космас, – адзначыў рэжысёр спектакля Раман Падаляка.
За год, што прайшоў з прэм’еры, спектакль сабраў звыш 4000 гледачоў. У Мінску патрапіць на пастаноўку даволі цяжка, бо білеты разыходзяцца імгненна. 10-дзённы тур “Палескія хронікі”, распачаты з аншлагавых паказаў у Брэсце і Пінску, працягвае гэтую гісторыю поспеху. Таму можна сказаць – пінчанам вельмі пашанцавала, што гастрольны тур купалаўцаў завітаў да нас.
Спектакль быў створаны пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Генеральны партнёр пастаноўкі і тура “Палескія хронікі” – кампанія velcom|A1. Кіраўнік групы па карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці кампаніі velcom|A1 Віктар Пазнякоў падкрэсліў: “Дапамагаючы стваральнікам спектакля “Радзіва “Прудок”, мы маем магчымасць адначасова падтрымліваць развіццё беларускай культуры, мовы, літаратуры, тэатра ўвогуле. Пінск, які сёлета носіць тытул культурнай сталіцы Беларусі, стаў адным з важных пунктаў у гастрольным туры. Спектакль, што так глыбока і тонка раскрывае саму сутнасць беларускага нацыянальнага характару і ўнікальнасць Палесся, заслугоўвае стаць часткай культурнага жыцця Пінска ў гэты асаблівы для горада год”.
У рамках тура “Палескія хронікі” паказы спектакля адбудуцца таксама ў Калінкавічах і Гомелі.
Наталля МІЛЕЎСКАЯ.
Фота аўтара.