Шуміліна на «Славянскім базары»

Источник материала:  
Лепшы брэнд вобласці
Конкурс тэатралізаваных пляцовак брэндаў гарадоў і раёнаў Віцебскай вобласці, які ладзіўся на плошчы Свабоды ў рамках “Славянскага базару ў Віцебску”, заняў некалькі дзён. І кожны дзень меў сваю тэму. Дзень, калі  на сцэну запрасілі Шуміліна, прайшоў пад эгідай “Карагода майстроў”. І гэта было дарэчы, бо шумілінскі край багаты на майстроў, на таленты.
Шуміліна на «Славянскім базары»

Больш за 60 чалавек было занята ў тэатралізаванай праграме: народны фальклорны калектыў “Гульбічы”, народны хор народнай песні “Світанак”, народны вакальны ансамбль “Гарэзнікі”, народны тэатр мініяцюр “Буф”, народны клуб народных майстроў “Спадчына”, народны клуб аматараў беларускай нацыянальнай кухні “Разынка”.

Шуміліна на «Славянскім базары»
І не былі б яны майстры-прафесіяналы, калі б не падалі праграму лёгка, прыгожа, вытанчана. На сцэне, удала дапаўняючы асноўную дзею, працавалі народныя майстры Шумілінскага Дома рамёстваў: плялі лазу, саломку, вышывалі, вязалі карункі. Няспешна ішла гутарка маці з дачкой пра край шумілінскі, сплятаючы ў адно цэлае асобныя эпізоды праграмы.

Шуміліна на «Славянскім базары»
І на гэтым фоне звонка і ярка выглядалі галасістыя “Гульбічы”, артыстычныя “Гарэзнікі” з лыжкамі (некаторыя гледачы тут кінуліся ў скокі), непаўторны буфавец Юрый Раманаў з караоке (пад “Дым цыгарэт з ментолам” пацягнуўся на плошчу Свабоды народ), звонкі “Світанак” у новых гожых касцюмах…

Шуміліна на «Славянскім базары»
А кульмінацыяй праграмы стаў выхад дзяўчат (удзельніц дзіцячага танцавальнага калектыву “Шарм”) у рэгіянальных касцюмах сельскіх Саветаў Шумілінскага раёна. 8 сельскіх Саветаў – 8 касцюмаў, і кожны – са сваімі асаблівасцямі. Касцюмы ствараў наш Дом рамёстваў: эскізы распрацавала майстар Вольга Загвоздава, пашыла майстар Наталля Сцержанкова, дапамагалі ўсе. Па запісах этнаграфічных экспедыцый былі ўлічаны ўсе ўнікальныя рэгіянальныя адметнасці і перададзены ў кроі, колеры, карунках, вышыўцы. А дзявяты касцюм увасабляў Шумілінскі раён, убор быў выкананы ў блакітным колеры і з выявай герба раёна на сукенцы.
І заключным акордам, падкрэсліваючы гасціннасць нашага краю, дзяўчаты ў нацыяльных касцюмах выносяць на сцэну хлеб, спечаны па рэцэптах Шуміліншчыны. А дырэктар Шумілінскага Дома рамёстваў Анжэла Сяргеева ідзе з хлебам да гледачоў, і тыя з задавальненнем бяруць духмяныя лустачкі, і хутка на падносе не застаецца і крошак…
Адным словам, аўтар праекта Ганна Каламіец і рэжысёр-пастаноўшчык Святлана Дземідзенка нямала паламалі галаву, каб у паўгадзіннай праграме яркімі штрыхамі паказаць непаўторнасць і прыгажосць Шумілінскага раёна, адкрытасць і таленавітасць яго жыхароў. І гэта атрымалася. Мяне асабіста, калі я глядзела гэтае прадстаўленне, перапаўняў гонар за наш раён.
І як вынік – яркі брэнд Шумілінскага раёна прызнаны лепшым у конкурсе тэатралізаваных пляцовак брэндаў гарадоў і раёнаў Віцебскай вобласці і атрымаў дыплом 1 ступені.
Госці на панадворку
У дзень, калі на плошчы Свабоды праходзіў конкурс тэатралізаваных пляцовак брэндаў гарадоў і раёнаў вобласці, тут працаваў і “Шумілінскі панадворак”, уладкаваны і напоўнены сіламі работнікаў культуры раёна.

Шуміліна на «Славянскім базары»

Тут было на што паглядзець (адна бібліятэчная выстава-інсталяцыя “Ганаруся, мой край, людзьмі тваімі” варта таго, каб не прайсці міма панадворка!), было што купіць (сувеніры з лазы, саломкі, гліны) і было чым пачаставацца – кулінарныя шэдэўры “Разынкі” не маюць патрэбы ў рэкламе.
“Шумілінскі панадворак” наведала нямала шаноўных гасцей, у тым ліку з Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, з Акадэміі Навук, з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Ганаровым госцем стаў Яўген Міхайлавіч Сахута, мастацтвазнавец, этнолаг, доктар гістарычных навук, прафесар, старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. А яго ўхвальныя водгукі маюць высокі кошт.
Танцавальны батл


Шуміліна на «Славянскім базары»

«Барыня» ў выкананні Валянціны Навіцкай і Аляксандра Прохарава.

Сваё пачэснае месца сярод вялікага багацця мерапрыемстваў “Славянскага базару ў Віцебску” заняў VI адкрыты абласны турнір нацыянальных танцаў.  Танцавальны паядынак выліўся ў чатырохгадзінны марафон. Феерычнае відовішча паланіла плошчу Свабоды. 78 танцавальных пар з Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай, Мінскай абласцей і горада Мінска, яркія касцюмы, рытмы “Лявоніхі”, “Барыні”, “Кадрылі”, “Кракавяка”, “Полькі-бабачкі” – гледачы не маглі ўстаяць на месцы.
Танцавальныя спаборніцтвы праходзілі па трох узроставых катэгорыях: ад 16 да 30, ад 30 да 50, а таксама ад 50 год і старэй.
Як вы разумееце, такая падзея не магла адбыцца без шумілінскіх танцораў – наш раён прадстаўляла танцавальная пара народнага фальклорнага калектыву “Гульбічы” ў складзе Валян-ціны Навіцкай і Аляксандра Прохарава  і танцоры з Обальскага ГДК (Уладзімір Мулькоў і Ганна Курыленка).
Танцавалі з душой, (а батл уключаў 7 танцаў!) і ператанцавалі многіх, пра што сведчыць дыплом лаўрэатаў 3 ступені Валянціны Навіцкай і Аляксандра Прохарава. Яны саступілі толькі гасцям, а ў Віцебскай вобласці сталі лепшымі.
“Лялечны дворык”
Цікава, што прадстаўнікі нашага раёна ўсё смялей заваёўваюць новыя і новыя пляцоўкі “Славянскага базару”, і робяць гэта паспяхова. Так, у праекце “Лялечны дворык” сёлета прынялі ўдзел два нашы калектывы: узорны лялечны тэатр “Батлейка” Шумілінскага Дома рамёстваў і тэатральны калектыў “Дзеці сцэны” Обальскага ГДК. Абодва калектывы былі на вышыні, атрымалі шчырыя апладысменты гледачоў і дыпломы журы. “Батлейка – “за лепшы спектакль для дзяцей і моладзі”; “Дзеці сцэны” – “за лепшы перфоманс”. Адным словам, таленты.
Знайшлі сілы і выйшлі на сцэну
Міжнародны фестываль творчасці інвалідаў “Віцебск-2019” не мяняе сваіх традыцый і зноў, у 12-ты раз, адчыніў свае дзверы на “Славянскім базары”. Арганізатары – Беларускае таварыства інвалідаў – засталіся вернымі і той традыцыі, што права адкрыцця фестывалю зноў прадставіла Шумілінскай раённай арганізацыі БелТІ.

Шуміліна на «Славянскім базары»
І гэта рашэнне было правільным, бо пасля смерці кіраўніка арганізацыі Любові Мікалаеўны Нагібавай яе сябрам было няпроста ўключыцца ў паўнацэннае жыццё. А запрашэнне на фестываль было штуршком, як бы загадам працягваць пачатыя справы.
Разам з народным клубам аматараў беларускай нацыянальнай кухні “Разынка” вакальная група клуба “Душа” раённай арганізацыі БелТІ сустракала журы фестывалю караваем, вітала песнямі і вершамі прадстаўнікоў дэлегацый Беларусі, Расіі, Літвы, Украіны. Знайшлі сілы і выйшлі на сцэну – у імя памяці Л. М. Нагібавай, якой яны прысвяцілі сваё выступленне.
На «Славянскім базары ў Віцебску» дзяжурыла Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №56 ад 19.07.2019 г.

←Умер актер Август Милованов

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика