“Браслаўскія зарніцы” сталі ярчэй з Шумілінам
“Браслаўскія зарніцы” сталі ярчэй з Шумілінам
Міжнароднае свята традыцыйнай культуры “Браслаўскія зарніцы”, якое ладзілася на пачатку чэрвеня ў Браславе, дабавіла ў раённую скарбонку культурных здабыткаў новыя перамогі. Шумілінскія работнікі культуры палічылі, што ім ёсць што паказаць шаноўнай публіцы, асабліва на конкурсе харавых калектываў “Браслаўская харавая асамблея”. І не памыліліся. Адразу два калектывы выйшлі ў пераможцы: народны хор народнай песні “Світанак” і ўзорны хор Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў.
“Світанак”, якім кіруе Ларыса Дземідовіч, выканаў складаную кампазіцыю “а капэла” “Балада пра салдата”, а таксама беларускую песню “Сваячок” пад акампанемент двух баянаў. І атрымаў высокае 3-е месца ў намінацыі “народныя спевы”. Кажам, высокае, бо ў конкурсе ўдзельнічаў 21 дарослы харавы калектыў з усёй вобласці.
3-е месца ў намінацыі “дзіцяча-юнацкі хор” заваяваў узорны хор Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў (кіраўнік Алена Сініцкая, канцэртмайстар Алена Новікава). На сцэну калектыў выйшаў з добра падрыхтаванай конкурснай праграмай (А. Сальеры “А capello” і “Танга мухі” Юрыя Парфенава і Сяргея Якімава), у новых касцюмах, з упэўненасцю ў сваіх сілах.
Дыпломы за подпісам міністра культуры Беларусі Юрыя Бондара, старшыні Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзіміра Цярэнцьева і старшыні Браслаўскага райвыканкама Аляксандра Баданіна, падарункі, апладысменты і захапленне з прымессю зайздрасці з боку іншых харыстаў, якім не хапіла месца на п’едеэстале, – гэта ў Браславе. А ў Шуміліне таленавітых землякоў сустракалі з радасцю, гордасцю і пажаданнямі новых яркіх перамог.
Аліна ПЯТРОВА.
Фота з архіваў лаўрэатаў конкурсу.
Надрукавана ў №45 ад 11.06.2019 г.