Прадстаўнікі Пінскага раёна трыумфальна выступілі ў абласным фестывалі фальклорнага мастацтва «Радавод»
Аб паспяховым выступленні прадстаўнікоў Пінскага раёна ў заключных мерапрыемствах VII адкрытага абласнога фестываля фальклорнага мастацтва «Радавод», які адбыўся ў Пружанах, карэспандэнту pinsknews.by распавяла метадыст цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Галіна Мажоркіна:
— Арганізатарамі фестываля «Радавод» сталі Галоўнае ўпраўленне па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і ўстанова адукацыі «Брэсцкі дзяржаўны абласны цэнтр маладзёжнай творчасці». Да ўдзелу ў фестывалі былі запрошаны і замежныя госці – калектывы з Польшчы, Сербіі, Расіі.
Дэлегацыю Пінскага раёна ў Пружанах прадстаўлялі 15 педагогаў і 53 навучэнцы Пінкавіцкай, Чухаўскай, Малоткавіцкай, Бабрыкоўскай, Лагішынскай сярэдніх школ, Калавуравіцкага я/с-СШ, Пучынскай, Боркаўскай, Навадворскай базавых школ, Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі і Малоткавіцкай дапаможнай школы-інтэрната.
Фальклорныя гурты, індывідуальныя выканаўцы фальклорнага мастацтва, танцавальныя пары – выканаўцы народных побытавых танцаў, пераемнікі народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва раёна паказалі вынікі фальклорна-этнаграфічных экспедыцый па вывучэнню і перайманню традыцыйнага фальклору сваёй мясцовасці.
Самадзейныя артысты ўпэўнена трымаліся на сцэне, дэманстравалі выдатнае танцавальнае і вакальнае майстэрства.
Пасля афіцыйнага адкрыцця фестываля адбылося ўрачыстае шэсце ўдзельнікаў да гарадскога парка і палаца Швыкоўскіх, дзе разгарнулася буйная творчая пляцоўка «Горад майстроў».
Наша дэлегацыя дэманстравала 5 майстар-класаў:
- «Ганчарства» (Любамір Юзэпчук, Малоткавіцкая ДШІ, педагог І.М. Новак),
- «Лазапляценне» (Максім Козел, Калавуравіцкі я/с-СШ, педагог С.С. Козел),
- «Ткацтва на бердзе», «Ткацтва на настольным ткацкім станку» (Ульяна Будкевіч, Ганна Сінкевіч, ЦТДіМ на базе Малоткавіцкай СШ, педагог Л.М. Алешка),
- «Ткацтва на верстаце» (Л.М. Алешка).
За агульную выставу «Горад майстроў» аддзел па адукацыі Пінскага райвыканкама ўзнагароджаны дыпломам II ступені Галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, а Максім Козел – дыпломам III ступені.
Акрамя пералічаных, наша дэлегацыя прывезла з Пружан на сваю малую радзіму наступныя ўзнагароды Галоўнага ўпраўлення па адукацыі:
- Гран-пры ў конкурсе індывідуальных выканаўцаў фальклорных спеваў – Максім Ладыга (Пучынская БШ, педагог М.А. Калесніковіч);
- дыпломы II ступені: Вольга Сухаверхая (Бабрыкоўская СШ, педагог І.І. Шапран), Лізавета Марчук (Навадворская БШ, педагог А.Я. Рэбкавец), фальклорны гурт Чухаўскай СШ (педагог А.М. Ёрш);
- дыпломы III ступені: Аляксандра Кандзярэшка (Пінкавіцкая СШ, педагог Л.М. Дэйнега), Дар’я Завадская (ЦТДіМ на базе Боркаўскай БШ, педагог І.А. Праснякова), фальклорны гурт Лагішынскай СШ (педагог Дз.І. Чачотка);
- дыпломы ўдзельнікаў фестываля: фальклорны гурт Пінкавіцкай СШ (педагог Л.М. Дэйнега) і танцавальныя пары аб’яднанняў па інтарэсах «Каблучок» і «Забава» ЦТДіМ на базе Малоткавіцкай СШ (педагог Л.М. Алешка).
У агульным заліку аддзел па адукацыі Пінскага райвыканкама за лепшую фальклорную праграму ўзнагароджаны дыпломам I ступені Галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама.
Віншуем нашых пераможцаў!