Ведай нашых! Гран-пры абласнога «Радаводу»

Источник материала:  

Ведай нашых! Гран-пры абласнога «Радаводу»
У г. Пружаны адбыліся заключныя мерапрыемствы VII адкрытага абласнога фестывалю фальклорнага мастацтва “Радавод”.

Яго мэта – зберажэнне самабытнай культуры Берасцейшчыны, папулярызацыя яе сярод дзяцей і моладзі, ажыццяўленне дыялогу культур паміж рознымі пакаленнямі і носьбітамі.
Пасля афіцыйнага адкрыцця ўрачыстым шэсцем удзельнікі прайшлі па вуліцах горада да фестывальных пляцовак.
У парку ля палаца Швыкоўскіх разгарнуўся “Горад майстроў”. Тут можна было не толькі пазнаёміцца з аўтэнтычнымі прадметамі побыту, а і паназіраць за працэсам іх стварэння.
У “Палацыку” адбылася абласная дзіцячая навукова-практычная канферэнцыя “Папулярызацыя традыцыйнай народнай культуры і шляхі зберажэння мясцовых традыцый”.
На іншых фестывальных пляцоўках творчыя калектывы вобласці паказвалі свае здабыткі: знаёмілі з побытавымі танцамі, бабулінай кухняй, дэманстравалі аўтэнтычныя касцюмы, паказвалі гульнявыя праграмы.
На галоўнай пляцоўцы з фальклорна-этнаграфічнай праграмай “Ваджэнне стралы” выступілі ўзорны ансамбль народнай песні “Весялінка” і народны ансамбль народнай музыкі “Вятліца” СШ № 2 г. Століна. “Капанёўскія гульні” паказаў узорны ансамбль фальклорнага танца “Палескія плясуны” ў суправаджэнні народнага ансамбля народнай музыкі “Вятліца” СШ № 2 г. Століна. Музычныя найгрышы “Церніца” выканаў узорны ансамбль фальклорнай музыкі “Млынок” СШ № 2 г. Століна і выступіў танцавальны калектыў Рамельскай сярэдняй школы.
На іншых пляцоўках аўтэнтычныя касцюмы “Скарбы бабулінага куфара” дэманстравалі навучэнцы Гараднянскага ВПК яслі-сад сярэдняя школа, а гульнявую праграму “Ой, вясна, вясняначка” правёў тэатральны гурток “Чараўнікі” Давыд-Гарадоцкага цэнтра дзіцячай творчасці.
Удзельнікі фестывалю з нашага раёна правялі майстар-класы па ганчарстве, вышыўцы, выцінанцы, роспісе па шкле, бортніцтве, прынялі ўдзел у выставе традыцыйных рэгіянальных страў “Бабуліна кухня”.
Пра высокі ўзровень выканаўчага майстэрства нашых навучэнцаў і настаўнікаў гавораць атрыманыя ўзнагароды.
Гран-пры VII адкрытага абласнога фестывалю фальклорнага мастацтва “Радавод” у намінацыі “Конкурс-выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Горад майстроў” атрымаў аддзел па адукацыі Столінскага райвыканкама. У Горадзе майстроў працавалі педагогі са сваімі вучнямі – Валянціна Лёгкая (узорная студыя народных промыслаў “Вышыванка”), Алена Крук (студыя “Скарбонка рамёстваў”), Васіль Казачок (гурток “Гліняная цацка”) Столінскага РЦДТ і Міхаіл Наскевіч (гурток “Юны пчаляр” Давыд-Гарадоцкага ЦДТ).
Дыпломам І ступені ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама ўзнагароджаны навучэнка сярэдняй школы № 2 г. Століна Вікторыя Вячорка за навукова-даследчую работу “Брацкая свечка” (кіраўнік Наталля Кананчук), а ўзорны ансамбль фальклорнага танца “Палескія плясуны” сярэдняй школы № 2 г. Століна (кіраўнік Іван Лёгкі) за конкурс бытавых танцаў узнагароджаны дыпломам ІІ ступені.
14 дыпломаў упраўлення па адукацыі і Брэсцкага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці прывезлі дадому прадстаўнікі Століншчыны з “Радаводу”.
З іх сем – фалькларысты сярэдняй школы № 2 г. Століна: І ступені (Шаламіцкі Арцём і Домніч Анастасія), ІІІ ступені (Мазоль Арцём і Вячорка Вікторыя), ІІІ ступені (Мазоль Антон і Муратава Вольга) – ансамбль “Палескія плясуны” за бытавыя танцы (кіраўнік Іван Лёгкі); ІІІ ступені – ансамбль “Весялінка” (кіраўнік Тамара Дзенісовіч) і “Млынок” (кіраўнік Алег Майсеевіч) і два дыпломы фіналістаў па бытавых танцах. Дыпломам ІІІ ступені адзначаны танцавальны калектыў Рамельскай СШ і адзін дыплом фіналіста за бытавыя танцы (педагог Васіль Ільінскі).
Два дыпломы І ступені ў Столінскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці: за майстар-клас і за фальклорны касцюм (педагог Валянціна Лёгкая).
За прыгатаваныя стравы бабулінай кухні дыпломам І ступені заахвочаны Соф’я Пратасавіцкая і Вольга Астравухава з Асаўской СШ (кіраўнік Таццяна Юнкевіч).
З дыпломам ІІІ ступені за гульнявую праграму вярнуўся з фестывалю Давыд-Гарадоцкі цэнтр дзіцячай творчасці (педагогі Алена Семянюк, Алена Петравец).
За аўтэнтычны касцюм узнагароджаны фіналісткі Таццяна Кісель і Аліна Пешка з Гараднянскага ВПК яслі-сад СШ (кіраўнік Марыя Гмір).
У якасці членаў журы фестывалю былі запрошаны навукоўцы з УА “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў” і УА “Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі”.
Сёлета ў фестывалі прынялі ўдзел замежныя госці – калектывы з Польшчы і Сербіі, якія паказалі асаблівасці традыцыйнай культуры сваіх краін.
Галіна ГАШЧУК
Фота з архіву Столінскага РЦДТ

←Зажги свою звезду

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика