Брэйн-рынг аб’яднаў эрудытаў. Адбыўся раённы этап конкурсу па інтэлектуальнай гульні “Брэйн-рынг” сярод сельгаспрадпрыемстваў і арганізацый нашага раёна
Кожную вясну, напрыканцы мая, лепшыя прадстаўнікі маладога пакалення нашага рэгіёна збіраюцца разам, каб паспрабаваць свае сілы ў раённым інтэлектуальным турніры “Брэйн-рынг”. 2019 год не стаў выключэннем.
10 каманд удзельнікаў, балельшчыкі, зусім няпростыя пытанні ад вядучай Кацярыны Пракоф’евай і заслужаная перамога ў няпростай барацьбе: у Шаркаўшчынскім раённым цэнтры культуры прайшоў раённы конкурс эрудытаў па інтэлектуальнай гульні “Брэйн-рынг” сярод сельгаспрадпрыемстваў, устаноў адукацыі і арганізацый нашага раёна. У гэтым годзе ён быў прысвечаны Году малой радзімы.
Арганізатарамі цікавага мерапрыемства для моладзі, якое ў нашым раёне стала ўжо традыцыйным , выступілі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і раённы камітэт Беларускага рэспубліканкага саюза моладзі.
Спаборніцтвы праходзілі ў дзвюх групах: першая – моладзь, працуючая ў сельскагаспадарчых прадпрыемствах, другая – у працоўных калектывах гарадскога пасёлка. У кожнай з іх было прадстаўлена па 5 каманд.
Сам жа конкурс праводзіўся ў два этапы: медыя-азбука (віктарына, якая прадугледжвала калектыўныя пісьмовыя адказы на пытанні адначасова ўсіх каманд) і непасрэдна турніры па брэйн-рынгу.
Такія сустрэчы – гэта, безумоўна, новыя знаёмствы, развіццё інтэлекту і сваіх здольнасцяў. Журы ацэньвала ўзровень эрудыцыі каманд, смеласць, знаходлівасць і нават хуткасць. Многія юнакі і дзяўчаты трэніруюцца дома, паглыбляюць свае веды па розных прадметах, трэніруюць логіку, каб потым сустрэцца на чарговым турніры ўжо ў новым годзе.
Па выніках усіх інтэлектуальных паядынкаў сярод моладзі, якая працуе ў сельгаспрадпрыемствах раёна , 3 месца зваявала каманда ААТ “Даватарскі”, 2-е – у моладзі з Гарадца, 1 месца — у прадстаўнікоў ААТ “Ельня-агра”.
У другой групе, сярод працуючай моладзі нашага гарадскога пасёлка, прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: 3 месца – тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, другое – цэнтральная раённая бальніца, першае – аддзел па адукацыі райвыканкама.
У суперфінале раённай гульні “Брэйн-рынг” кубак “Мудрая сава” і заслужаную ў няпростай барацьбе перамогу заваявала зборная педагогаў школ раёна (каманда аддзела па адукацыі), у складзе якой выступілі: Андрэй Татаровіч і Вікторыя Шрэдэр (Шаркаўшчынская СШ №2), Аксана Бабоўская і Ядзвіга Балай (Шаркаўшчынская СШ № 1), Вадзім Казлоўскі і Аляксандр Ластаўка (Більдзюжская СШ).
Дарэчы, у красавіку гэтага года, каманда педагогаў з Шаркаўшчыны заваявала перамогу і на міжраённым турніры ў Міёрах у катэгорыі работнікаў сістэмы адукацыі, дзе за першае месца змагаліся каманды з 5 раёнаў Віцебскай вобласці. У ліку пераможцаў міжраённапга турніру: Вадзім Казлоўскі, Аляксандр Ластаўка, Ганна Зайцава, Ядзвіга Балай, Аксана Бабоўская і Кацярына Пракоф’ева. Віншуем!