Ноч музеяў у Шуміліне
24.05.2019
—
Новости Культуры
18 мая ў Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеі адзначылі Міжнародны дзень музеяў
А чым наша Шуміліна горш за якія вялікія гарады, падумалі супрацоўнікі гісторыка-краязнаўчага музея і наладзілі музейную ноч. І калі звычайна а сёмай гадзіне вечара дзверы ўстановы культуры зачыняюцца, то ў гэты раз наадварот – у гэты час усё толькі пачалося. Так Шуміліна далучылася да святкавання Міжнароднага дня музеяў.
У музейным дворыку сабраліся госці, гучала музыка. Верныя сябры і пастаянныя ўдзельнікі ўсіх музейных мерапрыемстваў выкарысталі добрую нагоду цікава правесці час разам. Вітала ўдзельнікаў акцыі дырэктар музея Святлана Іванова.
У гэты вечар госці маглі бясплатна наведаць усе экспазіцыі музея. Таксама былі наладжаны выставы карцін Лідзіі Журавай і пейзажных фотаздымкаў нашага земляка Васіля Мясаедава. Выхаванцы і педагогі дзіцячай школы мастацтваў падарылі свае музычныя выступленні.
Цэнтральнай падзеяй стала творчая сустрэча з пісьменнікам Мікалаем Марозам. Мікалай Аркадзьевіч падзяліўся сакрэтамі пісьменніцкай кухні, расказаў пра сваё месца ў літаратуры, адказаў на пытанні. Пісьменнік упэўнены, што будучае – за цікавай літаратурай, якая прыйдзе не праз дэтэктывы і фантастыку, хаця і гэтыя жанры літаратуры заслугоўваюць увагі.
– Асабіста я пішу пра пражытае і перажытае, – заўважыў Мікалай Мароз, – пра юнацтва, пра тое, як працаваў у рэдакцыі.
Багаж пісьменніка складаюць некалькі кніг. Ён працягвае пісаць і зараз, кажа, што матэрыялаў назбіралася ўжо на кнігу ў 500 старонак. Але спонсараў, каб выдаць яе, пакуль не знайшлося.
– Кожны пісьменнік хоча прызнання, у стол пісаць нецікава, – сказаў Мікалай Аркадзьевіч.
Таксама прызнаўся, што з гадамі стаў больш саркастычным, і на фоне гэтага сарказму з’явілася чарговая аповесць. Расказваючы пра сябе, пра асабістае жыццё, заўважыў, што піша толькі зімой ды восенню. Летам у пісьменніка хапае клопату па гаспадарцы. Госці свята з задавальненнем паслухалі творы ў выкананні аўтара. Папрасілі сфатаграфавацца на памяць пра сустрэчу.
А яшчэ быў прэзентаваны містычны выставачны праект “Рэінкарнацыя”. Госці, а бліжэй да ночы іх стала істотна больш, у поўнай цемры глядзелі карціны славутых музеяў. У праекце “Загадкавыя гісторыі 13 жанчын” многія ўдзельніцы змаглі пазнаць сябе і нават купіць карціну.
Арганізатары прапанавалі аматарам музеяў яшчэ многа цікавых і забаўляльных мерапрыемстваў, сярод якіх, напрыклад, конкурс на лепшую страву. Стала зразумела, што ноччу наш музей можа быць абсалютна непрадказальным. Кожны ўдзельнік свята пайшоў дадому з прызам. За што асаблівую ўдзячнасць арганізатары выказваюць спонсарам – Савету ветэранаў і Святлане Сталяровай.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №40 ад 24.05.2019 г.