З 1 па 25 сакавіка праводзіўся конкурс на лепшае апісанне турыстычнага маршруту “Сцяжынкамі Драздовіча”
У пачатку мінулага месяца наша газета паведамляла, што ў межах праекта “Брэндзінг аг. Германавічы як інструмент устойлівага развіцця сельскай тэрыторыі: агульнымі намаганнямі для ўсіх”, які падтрыманы Амбасадай ЗША, з 1 па 25 сакавіка праводзіўся конкурс на лепшае апісанне турыстычнага маршруту “Сцяжынкамі Драздовіча”. Арганізаваны ён быў сацыяльна-інфармацыйнай установай “Традыцыі і інавацыі Паазер’я” і Германавіцкім мастацка-этнагарафічным музеем імя Я. Драздовіча.
— На конкурс прыйшло сем заявак-апісанняў, — кажа дырэктар музея Людміла Навіцкая. — 27 сакавіка была дадзена экспертная ацэнка прадастаўленым матэрыялам, па выніках якой перамогу атрымала аматарскае аб’яднанне па інтарэсах “Юныя экскурсаводы” Германавіцкай СШ пад кіраўніцтвам Іны Пучынскай з маршрутам “Родныя прасторы вачыма Язэпа Драздовіча”. Маршрут з’яўляецца веласіпедным і праходзіць па дарогах і ваколіцах вёсак Германавіцкага і Лужкаўскага сельсаветаў, сярод якіх Сталіца, Ляскова, Погары, Латышы, Крыўкі, Лужкі, Блізніца, Бяляны, Жукі Горныя, Жукі Ложныя. Пачынаецца і заканчваецца маршрут у аг. Германавічы. Карацей кажучы, у маршрут уключаны месцы, звязаныя з біяграфіяй Драздовіча. На маршруце прадугледжаны месцы для адпачынку і харчавання падарожнікаў, правядзенне экскурсій па найбольш знакавых аб’ектах. Адкрыццё маршрута адбудзецца 18 мая падчас правядзення міжнароднай акцыі “Ноч музеяў”.
— Праект “Брэндзінг аг. Германавічы як інструмент устойлівага развіцця сельскай тэрыторыі: агульнымі намаганнямі для ўсіх” набірае абароты, — тлумачыць кіраўнік установы “Традыцыі і інавацыі Паазер’я” Надзея Дударонак. — Ужо прайшло шмат мерапрыемстваў: некалькі пасяджэнняў працоўнай групы, Конкурс на лепшы турмаршрут, узгадненне праекта рээкспазіцыі залы ў музеі, выданне паштовак “Язэп Драздовіч: спадчына, традыцыі, інавацыі”. Цяпер мы займаемся падрыхтоўчымі работамі: ідзе рэканструкцыя залы, дзе размесціца адноўленая экспазіцыя з прадметаў даўніны, аўтарам і ўладальнікам якіх быў Язэп Драздовіч. Праект новай экспазіцыі, сучаснае абсталяванне ствараюць спецыялісты арганізацыі “Мастак-сэрвіс” з г. Полацку. Паралельна займаемся падрыхтоўкай стэндаў для турмаршруту “Сцяжынкамі Язэпа Драздовіча”. Вядзём падрыхтоўчую работу да правядзення “Ночы музеяў” у Германавічах.
Важным момантам рэалізацыі праекта і брэндынга аг.Германавічы стала распрацоўка лагатыпа. Было шмат прапаноў, але пераважыў лагатып браслаўскага мастака Міхаіла Ставіцкага. На лагатыпе мы бачым гадзіннік — сімвал часу, сімвал сувязі эпохі Драздовіча і сучаснасці. Лагатып выкананы ў стылі супрэматызму, у якім працавалі на пачатку мінулага стагоддзя знакамітыя мастакі Казімір Малевіч і Васілій Кандзінскі, адначасова гэта і модная тэндэнцыя сучаснага мастацтва. Англійская літара “G” — гэта першая літара назвы аграгарадка Германавічы. Тут жа прысутнічае і аўтограф Драздовіча. Вектар-стрэлка ўверх — імкненне да ўстойлівага развіцця фокус-тэрыторыі. Арнамент азначае прыналежнасць Беларусі, зберажэнне і распаўсюджванне гісторыка-культурнай спадчыны.
Мы запрашаем усіх зацікаўленых, сяброў далучацца да групы “Германавіцкі мастацка-этнаграфічны музей імя Я. Драздовіча” ў Аднакласніках. У гэтай групе публікуюцца апошнія навіны і анонсы мерапрыемстваў музея.
Наперадзе яшчэ шмат планаў у дадзеным накірунку. Разам мы зможам зрабіць шмат, каб наша маленькая радзіма стала вядомай па ўсім свеце!
Сяргей РАЙЧОНАК.