11 красавіка ў нашым гарадскім пасёлку адзначылі Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў
11 красавіка ва ўсім свеце адзначаецца памятная дата – Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў. Вось і ў мінулы чацвер на сустрэчу ў Шаркаўшчынскую дзіцячую бібліятэку былі запрошаны жыхары нашага раёна — сведкі таго страшнага часу, былыя малалетнія вязні фашысцкіх канцэнтрацыйных лагераў смерці, якія з самых першых гадоў свайго жыцця ў поўнай меры адчулі, што ўяўляла сабой Вялікая Айчынная вайна. З вучнямі 8 «В» класа Шаркаўшчынскай сярэдняй школы № 1 ў бібліятэчнай установе сустрэліся Ада Эльеўна Райчонак, Юльян Юльянавіч Баговіч, Раіса Пятроўна Баршчэўская, Раіса Аляксандраўна Пачкоўская і Вера Веньямінаўна Свілёнак.
Ва ўзросце 4 гадоў у Віцебскае гета трапіла Ада Эльеўна Райчонак і, нягледзячы на зусім невялікі ўзрост, дзяўчынка, якая нарадзілася ў Віцебску, запомніла і самы пачатак вайны ў сваім родым горадзе і тое, што адбывалася потым. Усё гэта было вельмі страшна і незразумела для чатырохгадовай дзяўчынкі.
-У Віцебскім гета я была адна, без бацькоў, без маці, сярод чужых мне людзей, якія плакалі,-успамінае жанчына. Памятаю, што ўвесь час хацелася есці, і людзі са мной дзяліліся. І ведаеце, я потым усё жыццё старалася працаваць і за сябе, і за тых дзяцей, якія назаўсёды засталіся ў віцебскіх равах і чыё жыццё абарвала гета. Мне пашчасціла больш чым астатнім. Мяне выратавала мама, суседзі прыйшлі на дапамогу, а вельмі многіх у той час расстралялі. Гэта было вельмі страшна.
Ад цяжкай хваробы, заражэння крыві, маленькую чатырохггадовую Аду ў той час выратаваў немец Карл Брушміт, які выкрадаў лекі ў нямецкім шпіталі і прыносіў іх для дзяўчынкі, калі ёй было вельмі дрэнна. Ада Эльеўна, калі ўжо вырасла, шмат гадоў спрабавала адшукаць гэтага чалавека, але так і не знайшла яго. І сёння, успамінаючы гэту страшую вайну, ужо праз амаль 75 год пасля Вялікай Перамогі , Ада Райчонак упэўнена: і сярод немцаў было шмат добрых людзей ( ва ўсякім разе аднаму з іх яна абавязана жыццём). Як упэўнена і ў тым, што просты нямецкі народ не хацеў ваяваць, яго прымусілі пайсці на вайну.
Яшчэ адзін жыхар нашага раёна Юльян Юльянавіч Баговіч нарадзіўся ў 1944 годзе ў нямецкім палоне. На пачатку вайны яго бацькоў загналі на работы ў Германію і яны трапілі да “бауэра” – гаспадара. Юльян Юльянавіч падчас сустрэчы ў бібліятэцы расказаў, што яго бацькі аказаліся ў ліку нямногіх , каму пашацавала Бацька добра ведаў польскую мову,крыху разумеў нямецкую, таму яго разам з сям’ёй забралі на прымусовыя работы, а не расстралялі, як многіх у той час. Ужо пасля вайны Баговічы вяруліся на радзіму, дзе іх чакалі ўсе родныя.
Вера Веньямінаўна Свілёнак, 1941 года нараджэння, разам з бацькамі была вязнем нямецкага лагера смерці. Жанчына расказала аб тым, што тыя невялічкія кавалкі хлеба, якія бацькі атрымлівалі ў лагеры, яны аддавалі сваім дзецям, а самі вельмі моцна галадалі: шукалі рэшткі ежы на сметніках, варылі знойдзенае шалупінне ад бульбы. Самі паміралі з голаду, але стараліся выратаваць сваіх дзяцей.
У такіх жа ўмовах заходзілася і сястра Веры Веньямінаўны Раіса Аляксандраўна Пачкоўская, 1942 года нараджэння. Разам са сваімі бацькамі сёстры знаходзіліся ў лагеры смерці горада Прэміс у Германіі.
Раіса Пятроўна Баршчэўская нарадзілася ў 1936 годзе. Нават сёння гэта жанчына памятае, як у яе родную вёску Сямёнавічы зайшлі немцы. Яны сабралі ўсіх жыхароў разам ля дома бацькоў Раісы Пятроўны, у цэнтры вёскі. Сама ж дзяўчынка ўвесь час баязліва трымалася за маму, бо нават яшчэ зусім маленькія дзеці ў той час разумелі, што іх могуць расстраляць. Людзей прымушалі ехаць у Шаркаўшчыну, а ўжо адтуль накіроўвалі ў лагеры смерці. У канцэнтрацыйным лагеры нямецкага горада Кветлінбург дзяўчынка разам са сваімі роднымі змагалася за жыццё з апошніх сіл. Таму і дзень вызвалення з нямецкага палону назаўсёды стаў для яе самым шчаслівым.
У дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў цікавае мерапрыемства для ўсіх прысутных падрыхтавала і правяла бібліятэкар дзіцячай бібліятэкі Людміла Аляксандраўна Казіцкая, якая нібы правяла ўсіх прысутных “дарогаю памяці” і прадставіла кнігу “Дзеці вайны”, што была выдадзена ў Смаленску ў 2009 годзе. Гэта кніга захавала ўспаміны ўсіх вязняў фашысцкіх лагераў смерці, нашых землякоў, у тым ліку і гасцей, якія прысутнічалі на ўрачыстасці. Падчас мекрапрыемства бібліятэкар дзіцячай бібліятэкі падрабязна расказала і пра мемарыялы Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі, і пра найбольш трагічна вядомыя канцэнтрацыйныя лагеры смерці , і пра “георгіеўскую” стужку і яе значэнне для нашых ветэранаў. Наглядна ўсё гэта ўбачыць дапамагла мультымедыйная прэзентацыя, падрыхтаваная бібліятэкарамі раёна.
— Калі ветэраны,а ў дадзеным выпадку вязні фашысцкіх канцлагераў, сустракаюцца з падрастаючым пакаленнем, са школьнікамі, і як жывыя сведкі расказваюць аб тым, як усё было на самай справе, пра гора, здзекі, голад і смерць, з якімі у канцэнтрацыйным лагеры сутыкнуўся кожны, — іншага іне трэба. Не існуе лепшага спосаба данесці інфармацыю аб тым, як здзяйснялася наша гісторыя і як людзі змагаліся з фашызмам. Дзеці павінны пра гэта ведаць, каб усведамляць, што мір – гэта самая вялікая на свеце каштоўнасць,- было адзначана падчас урачыстасці, што распачалася з ускладання кветак да помніка яўрэям,трагічна загінуўшым у Шаркаўшчыне ў 1942 годзе. З найлепшымі пажаданнямі да прадстаўнікоў старэйшага пакалення ў гэты дзень звярнуліся намеснік старшыні райвыканкама Ю. А. Васілеўскі , начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Л. У. Стома, старшыня раённага Савета ветэранаў Г. М. Філатава, а таксама прадстаўнікі сучаснага пакалення школьнікаў,вучні 8“В” класа Шаркаўшчынскай СШ № 1, якія разам са сваім класным кіраўніком А. Э. Стральчонак падрыхтавалі для дзяцей вайны памятныя паштоўкі і свае найлепшыя пажаданні. Прыгожыя сувеніры на памяць пра цікавую сустрэчу прадстаўнікі старэйшага пакалення атрымалі ў гэты дзень ад Шаркаўшчынскага раённага цэнтра рамёстваў і дзіцячай бібліятэкі нашага гарадскога пасёлка. Застаецца толькі дадаць, што на тэрыторыі нашага раёна, на сённяшні дзень, пражываюць 1 паўналетняя і 17 непаўналетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў.