На міжнародным конкурсе фартэпіяннай музыкі ў Літве вучаніцы Шаркаўшчынскай дзіцячай школы мастацтваў Каця Рамановіч і Мілана Ліпская заваявалі 2 месца

Источник материала:  

На міжнародным конкурсе фартэпіяннай музыкі  ў Літве вучаніцы Шаркаўшчынскай дзіцячай школы мастацтваў Каця Рамановіч і Мілана Ліпская заваявалі 2 месца60 юных музыкантаў з Літвы, Латвіі і Беларусі сталі ўдзельнікамі міжнароднага конкурсу фартэпіяннай музыкі “Блукаючая музыка”.

-Дзіцяча-юнацкія музычныя конкурсы праходзяць незаўважальна для публікі, але менавіта яны закладваюць фундамент будучых гучных перамог,-упэўнена дырэктар Шаркаўшчынскай дзіцячай школы мастацтваў Жанна Леанідаўна Русак. — А ўдзел ў першым міжнародным конкурсе, які 30 сакавіка праходзіў у літоўскім горадзе Зарасай, стаў надзвычай паспяховым для дзвюх юных піяністак  Шаркаўшчынскай дзіцячай школы мастацтваў. У сваіх узроставых групах  дыпломы 2 ступені заваявалі  вучаніцы  2 і 5 класаў   па класе фартэпіяна ДШМ Кацярына Рамановіч і  Мілана Ліпская.

Для абедзвюх дзяўчынак гэта іх першы вопыт выступлення на  конкурсе міжнароднага ўзроўню. Яны выканалі сваю праграму упэўнена, тэхнічна дакладна і,  разам з тым, пранікнёна. Таму і заслужанае 2 месца на конкурсе юных музыкантаў ў Літве. Згодна з умовамі конкурснай праграмы кожны з піяністаў дэманстраваў 2 музычныя кампазіцыі: твор амерыканскага кампазітара і любы твор па выбару педагога і вучня.

Вучаніца 2 класа Шаркаўшчынскай дзіцячай школы мастацтваў Каця Рамановіч для ўдзелу ў конкурсе выбрала  п’есу Уільяма Гілака “Лунны свет”  і  твор Галіны Гарэлавай “Маленькі папяровы салдацік”. Вучаніца 5 класа  школы мастацтваў Мілана Ліпская прадставіла  п’есу  амерыканскага кампазітара Генры Манчыні “Ружовая  пантэра” у стылі джаз. Другім нумарам  у  выкананні юнай піяністкі стала  “Паляванне на моль” Людмілы Марчанка.

Паспяховаму ўдзелу ў творчым конкурсе піяністаў папярэднічала сур’ёзнай мэтанакіраваная работа як саміх дзяўчынак, так і іх педагога па класе фартэпіяна Святланы Мікалаеўны Грыгаровіч, якая адзначыла высокі ўзровень падрыхтоўкі  маладых музыкантаў  з розных музычных школ Літвы і Латвіі. Тым больш значным для Шаркаўшчынскай дзіцячай школы мастацтваў з’яўляецца заслужанае 2 месца  яе юных вучаніц . Два разы ў тыдзень Каця і Мілана   прыходзяць на заняткі да Святланы Мікалаеўны ў школу мастацтваў, шмат увагі надаюць заняткам музыкай і дома.

Абедзве піяністкі  выдатна вучацца ў школе. Каця Рамановіч з 5 год з’яўляецца ўдзельніцай узорнага тэатра эстраднай песні “Маленькая фея”.  Мілана Ліпская ўжо таксама шмат гадоў выступае на сцэне ў складзе калектыву эстраднай студыі “Карамелькі”  пры раённым цэнтры культуры. Захапляецца  юная артыстка   і спортам. А ў дзень правядзення міжнароднага конкурсу фартэпіяннай музыкі,  30 сакавіка,  Мілана Ліпская святкавала не толькі сваю перамогу, але і дзень нараджэння, які ў гэтым годзе быў для дзяўчынкі асабліва хвалюючым і радасным.

-Словы ўдзячнасці хачу выказаць педагогу нашай дзіцячай школы мастацтваў Святлане Мікалаеўне Грыгаровіч за выдатную падрыхтоўку дзяцей, якія, як бачым, склалі дастойную канкурэнцыю юным музыкантам з латвійскіх гарадоў Даўгаўпілса і Шпогі і многіх  гарадоў Літвы і  дастойна прадставілі Шаркаўшчынскі раён на конкурсе міжнароднага ўзроўню. Вялікія словы падзякі хачу выказаць  бацькам Каці Рамановіч і Міланы Ліпскай, якія заўсёды падтрымліваюць дзяўчынак у іх жаданні займацца музыкай  і маральна, і ў фінансавым плане. Вось і на гэты раз Яўген Вітальевіч Ліпскі, тата Міланы,  на ўласным транспарце  адвёз дэлегацыю з Шаркаўшчыны ў Літву, каб дзеці з нашага невялікага гарадка змаглі прыняць удзел у прэстыжным  музычным конкурсе юных піяністаў.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.

Comments are closed.

Яндекс.Метрика