Жаночы твар смаргонскай паэзіі
Вольга АНДРУШЧАНКА, Ірына ГАЕВА і Таццяна СКАРЫНКІНА
Дзень паэзіі, хоць і з невялікім спазненнем, у цэнтральнай раённай бібліятэцы адзначылі вельмі цёпла і шчыра.
Эпіграфам паэтычнага вечара сталі словы Канстанціна Васільева: ”Паэзія, якая бушуе толькі ў душы паэта, яшчэ не паэзія – бо пра яе ніхто не ведае. Яна “сама ў сабе”. Тое ж, што і нічога. Яна – па-за дзеяння. Па-за жыцця. Паэт, які ўтойвае пра сябе свае вершы, – пазбаўляе жыццё сэнсу. Патрэба перадаваць свае вершы галоснасці – абавязковая работа паэта. Бо толькі гэта прыдае сэнс яго заняткам і – шырэй – яго жыццю”.
Былая настаўніца геаграфіі Ірына Гаева не ўтойвае ў сабе вершы: шчодра дзеліцца з чытачамі сваімі ўражаннямі маладосці, нізка яе вершаў прысвечана восені жыцця – якраз у гэтым узросце і знаходзіцца паэтка. Два гады таму Ірына Міканораўна стала пераможцам літаратурнага конкурсу на лепшы твор, прысвечаны сімвалу Смаргоні – абаранкам.
Калі Ірына Гаева пайшла на заслужаны адпачынак, яна стала ініцыятарам стварэння вакальнай групы “Крынічанька” пры цэнтры сацыяльных паслуг “Цёплы дом”.
Вольга Андрушчанка таксама былая настаўніца. Выкладала рускую мову і літаратуру. Цяпер актыўная ўдзельніца “Крынічанькі”. Па-ранейшаму піша вершы. У іх – жыццёвы вопыт і развагі. Многія напісаны ў стылі прыпавесці ці байкі.
Сваімі вершаванымі творамі Ірына Гаева і Вольга Андрушчанка аздабляюць канцэртныя праграмы “Крынічанькі”.
Творчасць паэткі Тані Скарынкінай вядучыя імпрэзы ахарактарызавалі так: “Яе вершы – як палотны абстракцыяністаў - незразумелыя большасці людзей”. І заінтрыгавалі тых, хто быў не знаёмы з творчасцю нашай зямлячкі.
Беларускі паэт Дзмітрый Строцаў лічыць: “Дзіўна, што паэтыка Тані, з аднаго боку, неверагодна авангардная, складаная, высокаінтэлектуальная. З другога боку – абсалютна народная”. І ў гэтым пераконваюцца тыя, хто чытае Таню Скарынкіну. Дарэчы, яе вершы перакладзены на чэшскую, польскую, беларускую, украінскую, італьянскую, англійскую мовы, іўрыт і іншыя.
На гэты час у Таццяны тры выдадзеныя кнігі паэзіі. Нядаўна ў паэткі быў юбілей, падчас святкавання якога яна чытала вершы з новай кнігі “І ўсе пакідалі нажы”. Пакуль гэта кніга не выдадзена, але Таня спадзяецца, што хутка яна пабачыць свет.
Пасля чытання вершаў смаргонскіх паэтак і іх абмеркавання ўсім прысутным прапанавалі наведаць… літаратурны салон. І як шмат гадоў таму, паўдзельнічаць у старадаўняй салоннай гульні бурымэ (што ў перакладзе абазначае “рыфмаваныя канцы”). Раней гэта гульня была вельмі папулярнай у літаратурных салонах. А пасля прапала. Адрадзіць яе спрабаваў Аляксандр Дзюма, ён нават арганізаваў конкурс па гульні у бурымэ, пасля чаго апублікаваў зборнік вершаў.
Як заўважылі вядучыя свята, бурымэ не страчвае сваёй актуальнасці. Апошнім часам гэту гульню сталі ўключаць у склад трэнінгаў многія буйныя бізнес-кампаніі. Гульня дапамагае развіваць знаходлівасць, уяўленне, пачуццё гумару, узбагачаць лексікон.
Пасля таго, як госці бібліятэкі папрацавалі “над словам” і прадставілі свае тварэнні, стала зразумела: з творчымі фантазіяй і гумарам у смаргонцаў усё ў парадку.
Галіна АНТОНАВА.
Фота аўтара.