Людзі старэйшага пакалення памятаюць вяселлі, на якіх гучала жывая музыка. Усе песні музыканты, а часцей гэта паўнацэнныя гурты, выконвалі пад акампанемент музычных інструментаў. Мясцовыя артысты былі нарасхват, таму заказваць іх патрэбна было задоўга да вяселля.
Зараз ужо зусім другі фармат правядзення святочных мерапрыемстваў: націснуў кнопку – і спявай. Але нішто не заменіць жывой музыкі. У гэтым давялося яшчэ раз упэўніцца, наведаўшы вучэбна-метадычны дзень па інструментальным мастацтве для работнікаў раённай клубнай сістэмы, які праходзіў на мінулым тыдні на базе Давыд-Гарадоцкай дзіцячай школы мастацтваў.
Можна колькі заўгодна расказваць пра тэорыю, але ўсё відаць на практыцы. Таму адразу пасля прывітання на сцэну выйшлі вучні школы мастацтваў, якія прадэманстравалі свае навыкі.
Дырэктар установы Вадзім Козел на працягу доўгага часу кіруе інструментальным ансамблем, у якім выступаюць 12 вучняў розных класаў. Уразіла не толькі бездакорнае выкананне, але і выбраныя творы: гучалі апрацоўка сучаснай песні “Дэспасіта” (вельмі знаёмая моладзі) і кампазіцыя “Вясёлы настрой”. Потым да іх далучыліся вучаніца 4 класа Кацярына Філановіч і вучаніца 5 класа Людміла Сцямпкоўская з песняй “Маленькие звёзды”, якая таксама апрацована ў сучасную кампазіцыю. Як патлумачыў Вадзім Іванавіч, дзеці з большай цікаўнасцю ставяцца да сучасных музычных твораў і з задавальненнем эксперыментуюць.
Асабліва прыемна здзівіў гасцей барабаншчык – вучань 3 класа Уладзіслаў Комар, які з’яўляецца самым малодшым удзельнікам ансамбля.
Працягнулі свята ўдзельнікі фальклорнага ансамбля, якім кіруе настаўнік з вялікім вопытам Міхаіл Сеген. Разам яны выканалі творы “Лявоніха”, “Карабейнікі”, “Сялянская полька”.
Канцэрт працягнулі выступленні Анастасіі Харашун, Дзіяны Комар, Уладзіслава Місюры, Мікалая Свірыдчука і Маскіма Скока. Выклікала гучныя апладысменты песня “Зямля з блакітнымі вачыма” ў выкананні вучня 5 класа Міхаіла Кузьміча, яшчэ раз даказваючы, што на палескай зямлі многа таленавітых дзяцей.
“Вішанькай” на музычным торце стала выступленне народнага інструментальнага ансамбля
“Світанне”, якому ў гэтым годзе спаўняецца 35 гадоў. У яго рэпертуары больш за 120 рознахарактарных твораў, некаторыя з іх удзельнікі выканалі для прысутных.
Шчыра кажучы, даўно не адчувала такой асалоды ад музыкі! Хацелася слухаць яе бясконца. Прычым, як пачула пасля канцэрта, такія ж эмоцыі былі ва ўсіх. Адным словам – сапраўдныя прафесіяналы. А гэта настаўнікі – Вадзім Козел (баян), Надзея Бразоўская (цымбалы), Міхаіл Драня (ударныя інструменты), Ніна Сцяпура (электрапіяніна), Валерый Мазан (бас-гітара), Ірына Васечка (акардэон). Кіруе ансамб-лем Аліна Тукіна, якая стаяла ля яго вытокаў.
Пра гісторыю стварэння “Світання” і былых удзельнікаў раскажам чытачам на старонках газеты крыху пазней.
На гэтай прыемнай музычнай ноце сустрэча закончылася.
Няхай цяперашнія вучні, можа, і не звяжуць будучыню з музыкай, але яна ўжо напоўніла іх сэрцы прыгажосцю і дабрынёй!
Ганна Мельнік
Фота аўтара
Музыка, што кранае сэрца
22.03.2019
—
Новости Культуры