На аднаўленне Косаўскага палаца - 5 мільёнаў рублёў...
11.03.2019
—
Новости Культуры
На рэстаўрацыю Косаўскага палаца ў 2019 годзе з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў плануецца выдаткаваць каля Br5 млн, паведаміў галоўны спецыяліст упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Арцём Брухан.
Сродкі накіруюць на выкананне ўнутраных работ, працяг пракладкі інжынерных сетак і добраўпарадкаванне тэрыторыі. Аб'ект будзе падзелены на тры часткі: гатэль, грамадска-культурны цэнтр і кавярню.
Узнаўленне Косаўскага палаца спецыялісты распачалі ў 2008 годзе. Плануецца, што ў 2020-м ён будзе адкрыты.
Палац называюць архітэктурным дыяментам Беларусі XIX стагоддзя. Летась Мерачоўшчыну, музей-сядзібу Тадэвуша Касцюшкі, і Косаўскі палац наведалі 35,6 тыс. турыстаў.
У параўнанні з 2017-м іх колькасць павялічылася ўдвая. У тым ліку рост звязаны з прытокам замежных гасцей.