Памяці маэстра: Аляксандр Дзяруга. Метафарызацыя героя
А сама Надзея, без перабольшвання, ідэалізавала свайго настаўніка. Псіхалагічны партрэт Аляксандра Анісімавіча, які стварыла яго былая выхаванка, асаблівы.
Апошняе фота ў альбоме гераіні гэтага матэрыялу, зробленае Аляксандрам Дзяругам. 1978 год. Надзея Салаўёва, Тамара Ватаева, Аляксандра Гардзейчык і Уладзімір Церабун.
Дзяруга – віно. На думку брытанскага рок-музыканта, кампазітара, педагога Роберта Фрыпа: “Музыка – гэта віно, якое напаўняе чашу цішыні”. Для смаргонцаў гэтым цудоўным віном быў Аляксандр Дзяруга.
Эпіцэнтр музычнага мастацтва. Мы вучыліся ў пачатковай школе, і Дзяруга часта прыходзіў да нас у першую школу. Ён вельмі моцна хацеў, каб дзеці выступалі на сцэне. Пасля кароткага “праслухоўвання” ён рэкамендаваў адным спяваць, другім – запісацца ў тэатральны гурток, трэцім – у танцавальны. Калі хто хацеў граць у яго аркестры, нікому не адмаўляў. І іншым педагогам дапамагаў падбіраць выхаванцаў. Вельмі радаваўся, калі дзеці знаходзілі сабе занятак па душы.
Бяссрэбранік. Ён сапраўды ніколі не лічыўся з асабістым часам. Яго шчыра цікавілі дзеці. Ён жыў тым, што вышукваў таленты і дапамагаў іх развіваць. Ад гэтага атрымліваў задавальненне. Ніякай іншай карысці для сябе не меў.
Дыпламат. У яго кішэні заўсёды былі цукеркі. Звычайна тыя, якія рабілі ў смаргонскай арцелі “Чырвоны харчавік” – палачкі-стукалачкі, “Дзюшэс”. Дзяруга раздаваў іх дзецям. Цукеркі – элемент яго дыпламатыі. Тое, чым можна было падняць настрой дзіцяці ці спадабацца пры першым знаёмстве.
Фатограф-віртуоз. Вы б бачылі, як умеў Дзяруга фатаграфаваць. З самых нечаканых ракурсаў. Дапусцім, мы кампаніяй ідзём па вуліцы, а Аляксандр Анісімавіч едзе на сваёй дамачцы. Не злазячы з веласіпеда, павітаецца з намі, абавязкова прыпадыме свой капялюш, а потым нечакана зашчоўкае затворам фотакамеры. Абсалютна не “прыцэльваючыся”. А на наступны дзень мы будзем мець некалькі фотаздымкаў з арыгінальным сюжэтам. Грошы за фота мы ніколі не плацілі.
Жыўчык. Ужо маючы багата гадоў, Аляксандр Анісімавіч заставаўся чалавекам бадзёрым, рухавым, заўсёды нёс вахту на танцпляцоўцы ў парку, дзе па суботах і нядзелях весялілася моладзь. Сачыў за парадкам, фатаграфаваў (як без гэтага?!).
Казалі, што ў паліклініцы нават не было медыцынскай картачкі на яго прозвішча, бо ён туды ніколі не звяртаўся. Аляксандр Анісімавіч жыў з моладдзю і, відаць, у гэтым заключаўся сакрэт яго маладосці.
Муж прыгажуні. Яго жонка Надзея была неверагоднай прыгажуняй. Гаварылі, што ў свой час на конкурсе прыгажосці атрымала званне “Міс Вільнюс”. Для нас, смаргонскіх дзяўчат, яна была ідэалам прыгажосці і вытанчанасці.
Эталон дабрыні і шляхетнасці, інтэлігентнасці і душэўнай цеплыні. Гэтымі якасцямі характару і цяпер захапляюся. Ён быў маім настаўнікам па жыцці. З ім я магла паразмаўляць на любыя тэмы, атрымаць ад яго неабходную параду. Ён быў маім даведнікам па этыкету. Гэта шчасце – сустрэць такога чалавека ў жыцці. Не кожнаму так шанцуе.
Што ў імені тваім?
Тое, што Надзея Салаўёва нарадзілася для сцэны, – факт бясспрэчны. У гэтым Дзяруга пераканаўся практычна з першага знаёмства з дзяўчынкай. Зваў да сябе ў аркестр і хор. А Надзею вабілі танцы. У дзесяцігадовым узросце яна запісалася ў танцавальны гурток, які працаваў на базе Доме піянераў.
Дзе толькі не даводзілася выступаць юнай артыстцы! Надзея Фёдараўна прыпомніла, як дзеці хадзілі на чыгуначны вакзал і давалі канцэрт ад’язджаючым. Вершы чыталі. Ваня Гарбузаў граў на акардэоне, а яна з Юрам Тарасевічам выконвала танец “Каламійка”.
У 1964 годзе ў Смаргоні стварылі ансамбль песні і танца імя Агінскага, Надзя стала вядучай танцоркай сцэны. Праз два гады ансамбль запрасілі ў Германію. Паехалі выбраныя. Чатыры пары танцораў і аркестровая група. Усяго трыццаць чалавек. 15-гадовая Надзея была самай юнай удзельніцай дэлегацыі.
Смаргонская моладзь ля газетнага кіёска. 1969 год (Надзея Салаўёва ў цэнтры).
Пасля былі выступленні ў Польшчы, Маскве (у Крамлёўскім тэатры, на выставе дасягненняў народнай гаспадаркі), Зорным гарадку…
Надзея Фёдараўна прыпомніла канцэрт, прымеркаваны да 50-годдзя ўтварэння БССР (у 1969 годзе), які праходзіў у Мінску, у Оперным тэатры. Выступаў ансамбль песні і танца імя Агінскага: гучаў хор – 60 чалавек, аркестр народных інструментаў і танцавальны калектыў (12 пар!) – выконваў паланэз Агінскага. Пасля выступлення смаргонскіх артыстаў публіка апладзіравала стоячы, многія плакалі. “У зале прысутнічаў генеральны сакратар ЦК КПСС Леанід Брэжнеў, які даў высокую ацэнку смаргонскаму ансамблю:
“Разынка канцэрта – гэта паланэз!” - успамінае Надзея Салаўёва. - Пасля за кулісы прыходзілі людзі і таксама дзякавалі за выступленне. І гэта быў не адзінкавы выпадак. Шмат дзе нас так прымалі”.
Яе партнёрамі па танцах былі Міша Лазар і Пеця Южык, Валодзя Шчасны і Міша Лужынскі (цяпер - заслужаны работнік культуры Расійскай Федэрацыі).
У 1968 годзе Надзея скончыла гадавыя харэаграфічныя курсы пры Оперным тэатры. Яшчэ пэўны час танцавала. Чатыры гады працавала ў Доме культуры, аб’ехала з агітбрыгадай усю Смаргоншчыну. Завочна вучылася на гістфаку БДУ.
Свята песні і працы. Перавессе, 1965 год.
З цягам часу артыстычныя абароты Надзея пачала збаўляць. Выйшла замуж, памяняла месца працы, стала больш аддавацца педагогіцы. Апошнюю кропку ў артыстычнай кар’еры Надзея паставіла, калі нарадзіла сына. Падрыхтавала сабе змену. Хто мог нарадзіцца ў артысткі? Толькі артыст. Таленавіты гітарыст Аляксандр Салаўёў і цяпер (ужо больш за 20 гадоў) грае ў вядомым ансамблі “Беларускія песняры”. Дарэчы, унук брата Надзеі Фёдараўны – прафесійны танцор. Андрэй Змітрукевіч – саліст Беларускага дзяржаўнага харэаграфічнага ансамбля “Харошкі”.
Надзея Фёдараўна сцвярджае, што любоў да музыкі ёй прывіў Аляксандр Дзяруга. Сына яна назвала ў гонар любімай песняроўскай песні “Александрына”. Але мне здаецца, што і імя любімага настаўніка не магло не адлюстравацца ў любімым сыне.
Галіна АНТОНАВА.
Фота з архіва Надзеі САЛАЎЁВАЙ.