Дзелавая гульня “Знаўцы беларускай мовы” адбылася ў ДУА “Яслі-сад №10 г. Смаргоні”
Каб актывізаваць дзейнасць педагогаў па авалоданні беларускай мовай, садзейнічаць пашырэнню вопыту калектыўнай работы ў дашкольнай установе адукацыі “Яслі-сад №10 г. Смаргоні”, у Міжнародны дзень роднай мовы адбылася дзелавая гульня з педагогамі “Знаўцы беларускай мовы”.
Перад гульнёй педагогі падзяліліся на дзве каманды. Кожная каманда падрыхтавала хатняе заданне: прыдумала назву, падрыхтавала прывітанне, наглядны матэрыял, дыдактычныя дапаможнікі па навучанні дзяцей беларускай мове, мінісцэнкі паводле народных казак на беларускай мове.
У гульні прынялі ўдзел дзве каманды педагогаў “Сіні матылёк” і “Добрае сэрца”. Творча падышлі педагогі да прадстаўлення сваіх каманд: прыдумалі назву, эмблему і дэвіз.
У ходзе практыкавання "Адкажы на пытанні" педагогі змаглі праверыць свае тэарэтычныя веды па адукацыйнай вобласці "Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін". Удзел у віктарыне "Беларусь - мая радзіма!" дазволіў актуалізаваць свае веды аб культуры, традыцыях, прыродзе Беларусі. Лепшыя знаўцы беларускай мовы вызначыліся ў ходзе выканання заданняў "Назаві прымаўку" (беларуская - руская), "Дапоўні прыказку", "Куфэрак слоў". Пры выкананні задання "Куфэрак слоў" нашым гульцам прыйшлося нялёгка. Трэба было аб'яднацца па парах, каб атрымалася "рускае слова - беларускі пераклад". Многія словы ў куфэрку былі вельмі складанымі. Але нашы гульцы справіліся. Паказаць свае веды беларускіх народных казак, патрабаванні адукацыйнай вобласці “Мастацтва (мастацкая дзейнасць)” педагогам дазволіла заданне “Па старонках беларускіх народных казак”. А між заданнямі члены каманд аб'ядналіся і з задавальненнем апынуліся на месцы дзяцей, пагулялі ў беларускую народную гульню "Грушка". Нашы педагогі не толькі паказалі свае веды беларускай мовы, але і змаглі праявіць сваю творчасць пры паказе падрыхтаваных імі міні-сцэнак паводле казак “Зайкава хатка”, “Каласок”.
У канцы гульні педагогі прадэманстравалі наглядны матэрыял уласнага вырабу для работы з дзецьмі па развіцці мовы (дыдактычныя гульні, народныя рухомыя гульні, лічылкі, загадкі, фізкультхвілінкі).
Скончылася гульня ўручэннем медалёў "Знаўца беларускай мовы".
Мерапрыемства садзейнічала развіццю маўленчых навыкаў у педагогаў, далучэнню іх да беларускай гісторыі і нацыянальнай культуры, згуртаванню калектыву.
Наталля МУРАШКА, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці яслей-сада №10 г. Смаргоні.
Фота аўтара.